Мяне працяў той момант, дзе я звяртаюся да Вілаў і прапаную яму: «Запомні слова: „Ха-ля-ва“!» Я вучыла яго «kha-lia-vа», а ён не мог запомніць, як не мог запомніць стратэгічна важныя для яго ў той момант — і не толькі ў аповедзе Пільняка — «вусны». Галава ў Джоніка была дзіравая, але чалавек добры. Дык я не аб тым, момант з «ха-ля-вай» сапраўды здарыўся ў грымоткім трамваі, аднак хто мне патлумачыць, як амерыканец узгадаў гэтае слова праз тры гады? Ніхто не мог яму дарадзіць, «халява» — не «вусны», на якія можна проста паказаць. Дык як ён даведаўся? Запытваўся ў віленчукоў, «як гэта будзе па-беларуску, калі едзеш у трамваі без квіткоў»? Дык сказалі б — «едзеш зайцам»…
А вось яшчэ адно: у тэксце дасканала, з коскамі ў тых месцах, дзе я рабіла паўзы, выкладзена маё разважанне пра «грымотную, сцюдзёную дзяржаву», якая пабудаваная на «падмурку агрэставых карпусоў, цёплага ды халоднага». Вас не здзівіў гэты выраз? Мяне ў першую чытку здзівіў, але не было часу ды жадання засяродзіцца. Зачапілася вачамі, падумала паўхвіліны ды пабегла далей. Цяпер, калі ў мяне раптам зрабілася да халеры часу, я мэтаскіравана паспрабавала ўзгадаць «агрэставыя карпусы». Бо не памятую, каб пра нешта такое казала. У рэшце рэшт, упёрлася ў гэтае ўдакладненне — «цёплы і халодны» ды зразумела. Ну канечне! Там, у Стамбуле, я казала не пра «агрэставыя карпусы», а пра два «карпусы Акрэсціна». І такім чынам, перадаючы нашую размову, нехта замяніў «Акрэсціна» на «агрэставыя».
І тут усё пачало складацца. Па-першае, відавочна, што Вілаў — ці то жывы, ці то падстаўны, не мог бы ўзгадаць у тэксце такую дэталь, абапіраючыся выключна на ўласную памяць ці на вольны пераказ нашых размоваў. Бо ён быў павінен спачатку запомніць слова «Акрэсціна», потым вывучыць мову, потым зноў узгадаць «акрэсціна» ды адшукаць падабенства ў мове і прыйсці да высновы, што адзінае, на што падобнае гэтае «акрэсціна» — на «агрэст». Увесь гэты час, усе гады, побач са слоўцам «халява» ў яго павінна была жыць яшчэ адна нетлумачанка — «акрэсціна». Фізічна немагчыма для мемуарыста, які змяніў мову, але цалкам магчыма для чалавека — зусім іншага чалавека, які займаўся расшыфроўкай, ці, як яны кажуць, «дакументаваннем» аўдыёзапісаў, здабытых падчас нашай камунікацыі з Вілаў. Вядома ж, мой айфон увесь гэты час працаваў і спраўна дастаўляў афіцэрыкам у Беларусь нашыя з Вілаў словы.
Атрымаўшы аўдыёзапіс Янка Пільняк — а няма ніякага сумневу ў тым, што гэта быў менавіта ён, бо самастойнае дакументаванне дапамагло яму лепей зразумець герояў ягонай «аповесці» — натыкнуўся на гэтае «Акрэсціна». «Што з ім рабіць?» — мільганула думка ў маленькім мазгу. Дык трэба было прыбраць наогул! Ці замяніць чым-небудзь! Аднак Янка думаў, што чалавек памятае ўсе размовы, якія вёў гады таму. І ён не прыбраў. «Але ж як пакінуць „акрэсціна“? — зноў зіхацеў той ягоны орган, які адказны за сімуляцыю думак. — Амерыканец жа не можа ведаць гэтага слова! „Акрэсціна“ — яго, бадай, ні ў водным слоўніку няма! Яна здагадаецца! Не, трэба замяніць „акрэсціна“ на нейкі іншы выраз». Так паўсталі гэтыя «агрэставыя карпусы», якія якраз і дазволілі мне схапіцца рукой за пільняковыя яйцы. Далей я ўжо руку не расціскала і бачыла ўсё больш доказаў таго, што «Сцюдзёны вырай» паўстаў на глебе аўдыёзапісу нашых размоваў.
«Глыбы і слаі», якія прыйшлі «ў зрух» на маім твары, калі Вілаў пабачыў на ім прыкметы параноі, а Пільнячок пачуў сваім вострым вушкам, што Вілаў гэтыя прыкметы пабачыў — файнае азначэнне, калі не браць да ўвагі, што менавіта так, «Глыбы і слаі», называўся нарыс беларускай літаратуры, што зрабіў Багдановіч у 1911 годзе. Той самы нарыс, якому прысвечаны дыпломны праект Янкі, дыпломны праект па спецыяльнасці «гісторыя беларускай крытыкі» — бачыце, як шмат можна даведацца пры пільным чытанні «Срут.бай»!
«Наперад!» — усклікаю я, запрашаючы ў той трэм, у якім з’явілася «ха-ля-ва». І «я — чытач» сапраўды пазнаю ўласны вокліч, які некалі зрабіла як «я — герой» тэкста. «Наперад, бо вандровак у мінулае не можа існаваць! Улічваючы хуткасць, з якой мы рушым, калі мы сыйдзем адсюль, будзе ўжо значна пазней, чым калі мы ўзышлі на борт!». І усё так, як было сказана, гэта — ламанае, не перадавальнае на паперы вуснае маўленне, якое Ян спрабуе запіхнуць у «літаратуру» без скажэнняў, бо на скажэнні патрэбная фантазія, якой у яго ніколі не было. «І заўваж, — дадаю я. — Ніякай магіі! Адно навука! І тэхніка!» І я сапраўды казала пра «ніякай магіі», але ж «навука і тэхніка» з’яўляецца вычварэнскай прылепкай, няўклюднай спробай Яніка прадэманстраваць здольнасць жартаваць, не казала я таго! І гэта, як «глыбы і слаі» — яшчэ адна дэманстрацыя «культурнага пласта» аўтара. Менавіта так, «Наука и техника» называўся дзіцячы савецкі часопіс, на якім гадаваўся наш падлючок. Можна ўявіць сабе, як будучы гандляр чалавечай воляй, сядзіць над схемкамі ды робіць ліхтарык з алоўка, лямпачкі, правадкоў ды чырвона-сіняй, падобнай да бруску марозіва, батарэі.