Не Пільняк? — падказваюць, а так! Пільняк! Дакладна! Янка Пільняк! Дык вось, той Янка Пільняк напісаў, што Насту, ну, тую дзяўчыну, якую ён напаткаў у Стамбуле, так, Кэтрын, гэта было да цябе, не, Кэтрын, мы не цалаваліся, дык вось, што яе арыштавалі. І што ён жадае перадаць у астрог таго трусіка, якім яна мяне неяк узнагародзіла. Джон здзівіўся, бо трусік быў даўно закінуты недзе, але ж думка, што чалавек, з якім ты побач глядзеў на Шагала, цяпер у астрозе — здзіўляла, гэтая думка вымусіла яго пайсці ў гараж ды знайсці там кораб, у якім захоўваліся рэчы з тых апартаментаў, якія ён меў да таго, як набыў хаціну… Дык вось, ён знайшоў трусіка, знайшоў разам са стосам пакрытых пылам каляровых фотак з Турэччыны, як жа даўно гэта было! Ён выслаў ляльку таму Пільняку, каб ён перадаў у турму, хай сабе прыемна будзе дзяўчу. І што Пільняк вельмі падзякваў, аднак папрасіў пра гэты выпадак не ўзгадваць нідзе, а калі раптам пазвоняць з Беларусі — асабліва з газет ці радыёстанцый, казаць, што не туды трапілі, што ён з Настай не знаёмы. Бо гэта можа неяк ёй пашкодзіць цягам следства, калі Вілаў пачне з Амерыкі каментаваць.
І што ён нават Франчыка з сябрукамі спачатку прымаць з-за гэтай перасцярогі не хацеў, але ж бачыць — яны шчырыя людзі і не будуць рабіць нічога дрэннага з Настуляй. Што? Ці прыходзіў на тое спатканне ля «Блакітнай мячэці»? Так, Кэтрын, ён гэтай беларусцы прызначаў спатканне. Ну так было. Ну мы ж яшчэ не былі знаёмыя. Кэтрын, ну не крыўдуй, ну дай я цябе пацалую! Ды так, са свіданкай той… Непаразуменне выйшла… Ён на яе не з’явіўся, праспаў. Бо доўга да таго па горадзе бадзяліся, «айм вері сорі» — я так разумею, апошняму можна не даваць веры, бо побач была фурыёзная Кэтрын, не, лепей, людцы, я не буду верыць у тое, што ён не прыходзіў. Ці прыходзіла я? А як вы думаеце?
Я не выключаю — і ніхто не можа выключыць, што тыя службоўцы, якія дазволілі мне праз іх атрымаць усю гэтую інфу ад Франачка, кіраваліся не чалавекалюбствам. Мабыць, была ў іх нейкая патаемная мэта. Аднак усё, задрала параноіцца, досыць, ну «здалі» яны Пільняка, ну далі даведацца пра Вілаў — ну і досыць! Трэба ставіць кропку, бо інакш атрымаецца, як у тым рамане — «Тры жыцці Насты», тры праўды Насты, тры праўды пра Насту, пасля гэтых маіх выкрыванняў з’явяцца яшчэ тры, што будуць выкрываць сказанае дагэтуль і так — бясконца, такая ж у нас старонка!
Лепей раскажу вам, на чым я тут трымаюся. Калі мы з расамахай гойсалі па Тыбеце, я ўсё спрабавала даведацца ў манахаў, што такое будызм. Што гэта за рэлігія, у якой няма Бога, няма раю, а пекла — ёсць, прычым нават не адно пекла, а некалькі пеклаў — па колькасці асноўных чалавечых заганаў. І вось, мы прыязджалі аўтастопам у чарговую гомпу, ці прыпаўзалі пешшу — тады, калі зразумелі, што ўсе кляштары, якія знаходзяцца ля дарог, з’яўляюцца выключна турыстычнай атракцыяй, і там цябе сустракаюць не манахі, а экскурсаводы, дык вось, мы ўзыходзілі па шматлікіх прыступках, мы коўзаліся па замёрзлых азёрах, праз якія трэба было прайсці, каб патрапіць на старажытную сцежку, якая выводзіць да манастыра, амаль такога старога, як навакольная горы. Мы блукалі, мы гублялі прытомнасць ад стомы, мы бывалі ў сітуацыях, калі на дзвюх заставаўся адзін глыток чырвонага віна ў пляшцы. Мы спалі пад зорным небам ля дымлівага вогнішча, распаленага здранцвелымі ляпёшкамі лайна нейкіх жывёл, якія тут гойсалі, бо ніякай іншай гаручай субстанцыі побач не было, дрэвы не нарасталі на пластах базальта. Мы праходзілі праз усе выпрабаванні і даходзілі да стану, калі ад стомы не заставалася ніякіх пытанняў, толькі б дайсці, толькі б расшукаць, бо Google Maps бездапаможны ў выяўленні гомпаў, якія некалі схавалі ў шчылінах паміж скаламі менавіта для таго, каб ніякі Google Maps не дапамог знайсці. У рэшце рэшт, знаходзілі, знаходзілі па крышталёвых водгуках будыйскіх званочкаў — ціхіх, але створаных менавіта для гэтых гор з іх блакітнай, аблокавай чысцінёю. Запаўзалі на падворак, нас сустракалі светлыя людзі, з усмешкамі, якія могуць кранаць вусны выключна датычных да бога і набліжаных да рая — сустракалі так, нібы ведалі пра ўсе нашыя прыгоды, пра тое, як знайшлі на шляху — там, дзе так холадна, што ніколі не растаюць спрадвечныя льды, дагістарычнага птаха з выпрастанымі крыламі, умарожанага ў зямлю, як амаль што падохлі ад голаду і вось — дайшлі.