Яна хуценька дастала айфон і паляпала пальцамі па экране. Адлюстраванні ў яе вачах палыхнулі загалоўкамі на невядомай мне тады мове, дробныя чатырохкутнічкі фотаздымкаў шчыльна набітыя былі людзьмі са скажонымі ў сквіле ратамі, былі бачныя краты, муры з дротам па версе, а таксама паліцыянты ў чорным, як у SWAT, спецадзенні. Нешта дзіўнае здарылася з яе тварам… Майго валодання беларускай мовай не хапае, каб апісаць тое здранцвенне, азмрочванне, якое я назіраў. Твар як быццам бы разламіўся на дзве часткі, аднак не на паверхні, а дзесьці пад ільдом, у сцюдзёных глыбінях, пад скурай. Мілавідны выраз, які рабіў Насту падобнай да каралеўны Галадрыэль з Lord of the Rings Пітэра Джэксана, адступіў, спужаны нейкай чорнай навалай, і бачна было, што крыніца гэтай навалы — недзе там, за спінамі SWAT. Рэальнасць, дзе побач быў я, Стамбул ды поп-выканаўца Амар Аль Махры, які бразгатаў з дынамікаў сумбарыны, урэшце перамагла. Яна схавала сваю жуду і свой боль у кішэню джынсаў.
Таксоўка катапультавала нас акурат ля ўвахода ў музей. Раён быў нельга сказаць, каб рэспектабельны, але ў ягонай бязглуздай архітэктуры адчуваўся подых стагоддзяў, які гарантаваў высокія кошты на нерухомасць і істотную набліжанасць да цэнтру. Ля дзвярэй нас сустрэў стары, які смактаў цыгарэту пад агромністым постэрам з выявай той адной карціны Шагала, якая на некалькі дзён ператварыла Стамбул у цэнтр глабальнай мастацкай культуры. Мы нават у яго яшчэ запытацца не паспелі, а ён патупаў ужо ўнутр, зрабіўшы запрашальны знак рукой. Праціснуўшыся праз свідравіну калідора, мы апынуліся ў падсобным памяшканні, дзе ўжо рыпеў імбрык ды стаялі кубачкі — нібы запрашэннем для вывучэння тэмы «My kitchen» на якой-небудзь складанай мове, на якой простае слова kettle мае такое складанае гучанне, што толькі такім вось літаральным сітуацыйным паўторам яго і можна засвоіць.
— Шагал? — на ўсялякі выпадак запытаўся я, але ж стары мудра ўсміхнуўся.
Падхапіўшы ўсё патрэбнае для гарбаты, ён шпарка пакульгаў некуды наверх — о, гэтыя знакамітыя стамбульскія лесвіцы! — і мы на здаровых, маладых нагах, ледзьве паспявалі за ім. Нагналі яго двума паверхамі вышэй, дзе была абкладзеная белымі мармуровымі плітамі пляцоўка. Унізе была бачная ўрачыста падсветленая шкляная столя галерэі, пасярод якой у мураваным празрыстым кубе знаходзіўся скарб, за якім мы палявалі ўвесь вечар. Карціна дэманстравалася ў вельмі нестандартным ракурсе, букет быў перавёрнуты, аголенай жанчыны не бачна наогул, аднак пякучыя колеры білі па вачах, адразу выдаючы працу вялікага майстра.
Зноў усміхнуўшыся, стары растлумачыў, што музей ужо зачынены, бо ахоўнікі пайшлі дадому глядзець футбол. Але што мы можам прысесці і атрымаць асалоду ад вечара ды кубачка араматнай гарбаты. І што галоўнае ў жыцці — нікуды не спяшацца, бо калі спяшаешся, ніколі не паспяваеш. А яшчэ калі сесці вунь там, дык бачна мора і караблі. Я сунуў яму пяць баксаў і, пасля ўжо таго, як ён іх узяў і схаваў, адчуў, што ён рабіў гэта не дзеля грошай, а з-за ўласцівай стамбульцам гасціннасці. Аднак, паколькі мы — са свету, дзе грашыма вымяраецца ўсё, ён грошы прыняў — не выключана, каб нас не пакрыўдзіць. Стары сказаў, што звычайна выходзіць сюды паліць, але што паліць ён можа і ўнізе. І што жыццё — цуд, і яно надта кароткае. І што чым больш спяшаешся, тым хутчэй усё пройдзе.
Мы засталіся адны. Я прысеў на лаву, узрушана сказаў пра Шагала, пра яго crazy color conjuctions, пра тое, што ў любым музеі свету пазнаю яго палотны за сто метраў, калі яшчэ ніякіх сюжэтаў не бачна, выключна каларыт. І раптам спыніўся:
— А, я забыўся! Ты ж не любіш мастацтва.
— Так, я не люблю мастацтва, — цвёрда сказала яна.
Гучала гэта як нейкі маніфест, які сам па сабе цягне на мастацкую акцыю, таму выправілася: «Не тое, што не люблю. Не разумею. І не маю часу, каб зразумець гэтыя карцінкі».
— А чаго ж ты так сюды імкнулася? Да Шагала?
Адказ быў агучаны вельмі ўсхвалявана:
— Таму што ён — мой зямляк. У нас з ім адна краіна на дваіх, — тут у маім сэрцы нешта варухнулася, варухнулася, здаецца, тое, што завецца генетычнай памяццю, астаткавым нацыянальным светаўспрыманнем.
— О, я і не ведаў, што ты з Расеі!
Цяпер, калі я ўжо добра ведаю гісторыю і культуру Настынай зямлі, калі арыентуюся ў беларускай літаратуры і нават сам спрабую пісаць прозу (занятак дурны: жывапіс нашмат высакародней гэтага словапляцення!), я здзіўляюся толькі аднаму — як яна мяне не забіла за гэтую праяву ідыятызму? Я тымчасам працягваў думку, самазабыўна напрошваючыся на чвэртаванне.
— Знаёмцеся, Джон Вілаў, эксперт па рускім жывапісе XIX стагоддзя! Attorney двух буйнейшых аўкцыённых дамоў, рэпутацыя якога была сёння апоўдні з грукатам знішчаная назаўсёды! Джон Вілаў, беспрацоўны, — я зноў дурашліва працягнуў ёй далонь і толькі тут заўважыў, як набрыняў натуральнай нянавісцю ейны позірк.