Я пыталася: што такое будызм, а яны ўсміхаліся, цёпла, як сваякам, як багам, якія ўсё, што трэба, ужо ведаюць, забыліся і трэба толькі ўзгадаць. Яны казалі: хадземце лепей за намі. Мы паўзлі за імі і апыналіся ля маленькага століка, на якім з гатоўнасцю рыпеў імбрык, бо нас чакалі. Яны пыталіся, ці не напаткала нас завея на шляху праз цясніну, імя якой мы чулі ўпершыню, і высвятлялася, што так, мы праз яе праходзілі і не, не напаткала, што было сведчаннем нашай добрай кармы. Я зноўку пыталася: што такое будызм? А яны замест адказу налівалі гарбату ў кубачкі і прапаноўвалі: давай проста моўчкі паглядзім на горы. І мы глядзелі, пілі салёную гарбату з малаком ды маслам, чулі прыпавесць, ад якой патыхала дабрынёй ды мудрасцю, дапівалі і валакліся далей — туды, да небасхілу, такога блізкага, бо поле бачнасці абмежавана чарговай гарой са старажытным імем ды нейкай суаднесенасцю з чароўным бажком, якога яна ці то ўвасабляла, ці то ім з’яўлялася.
І вось, ад гомпы да гомпы нас сустракалі ўсё цяплей, як быццам па характары маіх пытанняў («калі Далай Лама з’яўляецца інкарнацыяй Авалакіцешвары, дык чыёй інкарнацыяй з’яўляецца Кармапа і як разумець гісторыю пра шапку, сплеценую з анёлавых пёраў, гэта метафара ці паданне аб тым, як усё насамрэч было?») ужо разумелі, што я недзе побач з тым, што шукаю.
Аднойчы, калі мы маўкліва глядзелі на аблокі гораў, што паўставалі праз даліну насупраць нас, калі мы частаваліся мятным пірагом, выпечаным тут, у гомпе з-за вялікага свята, святкаванне якога зводзілася да дудзення ў аграменныя медзяныя трубы на світанку, калі навокал так прыгожа, што займае дух, стары манах, які ўвесь час побач з намі смяяўся, нібы дзіця, прапанаваў мне: «Хочаш, я навучу цябе самай простай медытацыі?». Гэта было дзіўна, бо ніхто тут, у цытадэлях забароненага, нібы нашая беларуская мова ў нашай уласнай краіне, будызма, не спрабаваў мне дапамагчы ў яго спасціжэнні. Я ўважліва слухала старога і цяпер ратуюся тым.
Самая простая будыйская медытацыя палягае не ў адчыненні нейкіх кропак, выхадзе ў астрал, уяўленні сябе плямай святла ў цемры няіснага. Я была гатовая пачуць пра сустрэчу са звышрозумам ці звышадмаўленнем уласнага розуму, аднак тое, што расказаў манах, перад тым, як сысці распальваць лампады перад неверагодным па памерах залатым Будай, мяне здзівіла немудрагелістасцю ды разумнасцю. Медытацыя такая. Трэба заплюшчыць вочы і ўявіць блізкага табе чалавека, сябра ці сяброўку. Чалавека, да якога ты ставішся вельмі блізка, якога ўспрымаеш так, як самога сябе. А потым — гэта проста — ад усёй душы пажадаць, каб у гэтага чалавека ўсё было добра. Цяпер і назаўжды. Потым трэба ўзгадаць выяву свайго ворага. І, адрынуўшы сваю нянавісць, усё дрэннае, што маеш у сэрцы і пад сэрцам, усе тыя мярзоцці, якія ён здзейсніў табе і ўсе тыя мярзоцці, якія ты яму паспеў пажадаць, ці працягваеш жадаць — гэтаксама, ад усяго сэрца, усёй уласнай сутнасцю пажадаць яму дабра. Зрабіць так, каб лёс гэтага чалавека зрабіўся тваім лёсам і каб у вас з ім у гэтай счэпленасці і ўзаемапранікнёнасці ўсё ў рэшце рэшт атрымалася. І потым, калі ты ўжо пераадолеў загану нянавісці, пераадолець яшчэ адну — загану абыякавасці. Уявіць сабе, аднаго за адным, усіх тых, з кім сустракаўся — нават на хвіліну, нават проста замаўляючы каву ці адмаўляючы ў міласціне. І гэтаксама — адчыніць ім усё добрае, чалавечнае, што ёсць у сэрцы. І рабіць так з кожным, якога ведаеш: узгадваць, узгадваць усе рысы, твар, вочы, узгадваць, бо менавіта ў нашым уяўленні жывуць іншыя ды самі мы — жывем там, дзе жыве наш розум, жывем уласным уяўленнем. Узгадаваць ды дараваць, ды жадаць найлепшага. І гэта ёсць самы прамы шлях да прасвятлення.
Я ўяўляю твар Янкі Пільняка, і мяне спачатку скаланае, мне хочацца яго раздушыць, як… Як… Як прусака. Ды не, няма тае жывой істоты, з якой я жадала б так, як з ім… Але потым я пачынаю медытацыю. І напаўняю ўласнае сэрца жалем ды любоўю да яго. Вялікім жалем і шчырай любоўю, я ўяўляю яго маім братам, які саступіў са шляху дасканаласці ды міласэрнасці, я ўяўляю ягоныя матывацыі ды яго прыкрае жыццё. І я адчуваю, як мне становіцца лягчэй. Я жадаю яму дапамагчы, каб ён не блытаўся больш, чым заблытаўся цяпер. Каб на сэрцы ў яго ўсталяваўся спакой, не, я не жадаю, каб ён змяніўся, бо тады гэта будзе ўжо іншы Янка Пільняк, не, хай сабе яму стане лёгка ў тым выглядзе, якім ён зараз ёсць, без зменаў, у ягонай маркотнай кватэры, у ягонай адзіноце, закінутасці, стомленасці ды спустошанасці. Бо нават тут, у ягоных абставінах, можна адчуць шчасце, і я жадаю яму — шчасця.