Выбрать главу

Мабыць, тады ён адчуў, хоць і няпэўна, але па сутнасці амаль дакладна. Той сход не толькі парушыў яго вечаровы намер, але і перайначыў усё жыццё, надаўшы таму кірунак, які Ягору і не сніўся. Не паспеў ён яшчэ дасёрбаць свой крупнік акрай стала на разасланым чыстым настольнічку, як у хату ўбегла Нінка. За ёй нязграбна сунуўся яшчэ нехта, каго ў вечаровых прыцемках не адразу было і пазнаць. Але пазнаўшы, Ягор зразумеў: па яго. I праўда, то быў сельсавецкі сакратар Пракапчук, які адразу з парога загаварыў бы нават устрывожана: "Во добра, заспеў. А то Ніна кажа: у Староўку браток лупане... Дык гэта, знаеш, патрэба да цябе..." — "Ну?" — "Такое ну — трэба пасля сходу старшыню РВК у раён адвезці..."

Ягор аж абурыўся ўнутры, хоць знешне пастараўся тое ўтаіць, не сказаў нічога. Толькі падумаў: прыехаў з лесу, не паспеў павячэраць, заўтра выхадны, Настачка...

Памаўчаў, апанурана буркнуў: "А што ён? Бясконны..." — "Не бясконны, але возчык ягоны падупаў, ехаць не можа..." — "А, падупаў!" — хмыкнуў Ягор. "Ну, набраўся, спіць у Залескіх. Дык выручы ўжо, бо ж камсамолец..."

Тое, што ён камсамолец, Ягор чуў не ўпершыню, і тое заўжды азначала, што ён павінен штосьці для каго зрабіць: ці ўслужыць каму, ці падзяжурыць у сельсавеце, ці з'ездзіць куды. Не тое, каб яго камсамольская прыналежнасць надавала яму гонару, але неяк абяззбройвала ў такі момант, і ён не меў як адмовіцца. Мусіў слухацца. Як бы там ні было, паход у Староўку адкладваўся. Павячэраўшы, Ягор надзеў сваю рудую суконную паддзёўку з аўчынным каўняром і пайшоў на сход. На падворку ў Суботкаў стаялі мужчыны, курылі, тут жа ля хляўка прыткнуўся сіні з чырвонымі аглоблямі старшынёў вазок, над якім укрыты папонай жаваў сена вараны конік. Ягор абышоў гэтага рахманага, мабыць, не старога яшчэ каня з белай плямай на лбе, які падазрона скасавурыўся на яго, выцягваючы з вазка мурожныя жменькі. Відаць, нешта адчуў — новага гаспадара, ці што? Ці мо тое, што цяпер іх двух лес звяжа на доўгія два гады неспакойнага, поўнага трывог і спадзяванняў жыцця.

Ягор у той раз нават не зайшоў у хату на сход, пакурыў з мужчынамі на ганку, а як з хаты хлынуў на падворак люд, узяўся за вупраж, што ляжала тут жа ў перадку. Ён запрагаў каня, адчуваючы пэўную няёмкасць ад таго, што браўся за чужую справу, і ўсё паглядваў цераз плячо на ганак, дзе ўжо стаяў, гамонячы з прыліплымі да яго мужчынамі, старшыня РВК Заруба. Таго Зарубу Ягор бачыў усяго некалькі разоў — на сходах у вёсцы ды адзін раз у раёне каля сталоўкі, але размаўляць з ім не даводзілася ні разу. I цяпер, як ягоны сядок падышоў да вазка, Ягор сціпла пажадаў яму "добры вечар" і пачаў выкіроўваць каня з падворка.