Выбрать главу

Ехалі паначы абодва моўчкі. Заруба наставіў вялікі каўнер чорнага паўшубка і маўчаў, мабыць, перажываючы нядаўнюю гаману на сходзе. Ягор маўчаў тым болей — ужо хоць бы з павагі да начальніка. Конь, мабыць, адпачыў, пад'еў і бег добра па ўезджанай палявой дарожцы, хоць Ягор і не падганяў яго. Ён не меў нават пугі, толькі зрэдчасу лёгенька тузаў раменнымі лейцамі.

Аднак была ўсё ж ноч, абапал шарэлі заснежаныя пералескі, пасля пачаліся змрачнаватыя яловыя шаты Галубяніцкай пушчы, і Ягор падумаў, дзе ж, аднак, ён заначуе сёння? Ні дадому, ні да Староўкі яму ўжо не дапяцца, трэба будзе шукаць начлег у мястэчку. Праўда, там быў адзін знаёмец — прымак з іхняй вёскі, Ягор ведаў ягоную хату, але жонка ў таго прымака не дужа падабала такіх во начлежнікаў, і Ягор падумаў, што да яго не пойдзе. Ён так і не вырашыў нічога на той лесавой дарозе, а як выехалі ў поле, Заруба ціха сказаў з-за свайго заінелага каўняра: "Тут павернеш налева". Ягор пацягнуў лейчыну, і конік панятліва збочыў на паваротку ў лагчынку, за якой, ведаў Ягор, выцягліся па касагоры хаты доўгае вёскі Кандыбічы. Там жа быў сельсавет і школа ў былым панскім маёнтку.

Як яны ўехалі ў вуліцу, у хатах яшчэ дзе-нідзе свіціліся вокны, але ўжо пакрысе гаслі — было, мабыць, апоўначы. Заруба не казаў, куды кірараць, і Ягор пусціў каня самахоць, які некуды тупаў-тупаў і сам сабой прыпыніўся пад вялізнымі дрэвамі ля доўгай будыніны школы. На рагу яе расплывіста свіцілася замерзлае акенца ад блізка да шкла пастаўленай лямпы. Заруба цяжкавата выбраўся з вазка і, падышоўшы да гэтага акенца, ціха пастукаў у шыбіну. Пасля ён пайшоў за рог і прапаў, нічога не сказаўшы Ягору, які ўсё сядзеў у вазку з лейцамі ў руках. Сядзеў, аднак, нядоўга — з-за вугла выйшаў чалавек у накінутым на плечы кажусе з ліхтаром "лятучая мыш", ён махнуў Ягору заязджаць у двор, а як той апынуўся ля ганка, сказаў: "Распрагай. Каня вунь туды ў хлеў, там сена, пакорміцца" і пайшоў у дамоўку. Ягор, адчуваючы лёгкае недаўменне, распрог, завёў у цёмны хлеў каня, туды ж прыбраў вупраж і стаў ля вазка, не ведаючы, што рабіць далей. Здаецца, ехалі ў мястэчка, а прыехалі ў Кандыбічы. Ну, але то не ягоная справа, можа, адгэтуль яго адпусцяць дамоў, дык гадзіны за тры ён дашыбае да Староўкі. Настачка, мабыць, яшчэ не спіць, слухае, чакае...

Аднак не адпусцілі.

Праз трохі часу прыадчыніліся дзверы і ўсё той жа чалавек у кажуху паклікаў яго ў дамоўку. Ягор пратупаў за ім цераз пусты цёмны пакой і апынуўся ў невялікім, дужа цёплым пакойчыку, асветленым вялікаю пры акне лямпай. Побач на стале стаяла якаясь ежа, і на падлозе ля грубкі параваў самавар. Распрануты да гімнасцёркі з ордэнам над кішаньком сядзеў ля стала Заруба, піў гарбату. "Ну, чайку пап'еш, пагрэешся? — спытаў ён у Ягора і кінуў гаспадару — немаладому хударляваму мужчыне з падстрыжанай бародкай і ў камізэльцы на кастлявых плячах: — Хлопец з Ліпаўкі". — "З Ліпаўкі? — здзівіўся гаспадар. — А чый жа там будзеш?" — "Азевічаў",— скупа адказаў Ягор. "Азевічаў? — яшчэ болей здзівіўся гаспадар. — Глядзі ты, які вырас! Некалі з тваім бацькам у войску служылі. Чэсны чалавек, працавіты. Зямлі толькі меў малавата, тры дзесяціны, ага?" — зноў звярнуўся ён да Ягора. "Тры",— сказаў Ягор. "Ну а ты ж вучыўся? Колькі класаў скончыў?" — "Чатыры",— сказаў Ягор, трохі сумеўшыся, што ўвага гэтых людзей нечакана перайшла на ягоную персону. Заруба ў той час дапіў сваю шклянку і зазначыў: "Малады, граматны. Вот возчыкам хачу ўзяць. У выканком,— павярнуўся ён да Ягора. — Кажуць, коней падабае. Дык пойдзеш?" — і скіраваў на Ягора цяжкі, маларухавы позірк з-пад чорных, гняўліва навіслых броваў. Для Ягора то было пэўнаю неспадзяванкай — ён не ведаў, як адказаць старшыні выканкома, хоць нешта ў той прапанове засвяцілася радаснае, але і страхавітае адначасна. "Дык я... не ведаю. Каб... Але ж гаспадарка..." — "Ну, з гаспадаркай і бацька ўправіцца. Зноў жа — суцэльная калектывізацыя градзёт, так што згаджайся..."

Пакутныя то былі хвіліны для Ягора Азевіча, рашыць канчаткова ён тады не мог. Ды разумны Заруба, мабыць, адчуў, што рабілася ў душы ў хлопца, і не стаў дужа патрабаваць адказу, нешта загаманіў да гаспадара, як зразумеў Ягор, настаўніка тае школы, якога ён зваў Арцём Андрэевіч.

Ягор выпіў шклянку гарбаты з нейкімі сушкамі, і Арцём Андрэевіч павёў яго ў трэці цёмны пакой з ляжанкаю пры сцяне, скінуў з сябе кажух — яму накрыцца. Як за ім зачыніліся дзверы, Ягор сцягнуў боты, падумаўшы са страхам: каб хоць не адвалілася падэшва, і, не распранаючыся, выцягся на старой мулкаватай ляжанцы. Нейкі час ён яшчэ слухаў ціхую мужчынскую гаману з-за дзвярэй, але дужа не ўслухоўваўся ў яе і заснуў, бы праваліўся ў нябыт. Нічога яму не прыснілася, толькі раптам здалося, што праспаў ранак, — прахапіўся, адразу зразумеў, дзе ён. Але ў намерзлых вокнах была чарната, і ў суседнім пакоі ўжо панавала ціш, мабыць, ягоны старшыня з гаспадаром таксама недзе спалі ў гэтым вялікім панскім доме, які цяпер займалі пад школу і пад настаўніцкія кватэры таксама. Хаця настаўнікаў тут, пэўна, было няшмат, школа лічылася пачатковай — на чатыры класы. У пакоі было халаднавата, і Ягор адчуў, што хутка настане світанак. Трэба было дагледзець каня ды, мабыць, збірацца ў дарогу. Як ён выйшаў з таго пакоя, насустрач аднекуль з цемрадзі вынікла постаць гаспадара — той ціха сказаў, што старшыня яшчэ адпачывае, але праз гадзіну ён яго пабудзіць, а пакуль што можна папаіць каня, вядро і вада ў сенцах.