Выбрать главу

Ён упарадкаваў каня, які ўжо быццам неяк прывык да яго і не касавурыўся. То быў неблагі Белалобік, здаецца, нетутэйшай заводкі, падобна — кавалерыйскі. Ва ўсякім разе куды лепшы на выгляд за спрацаваных сялянскіх дэрбін, ахаджваць такога была адна ахвота. Але ж там, дома, застаўся яго Баранок... Канешне, галодны стаяць не будзе, ужо бацька дагледзіць, ды ўсё ж у Ягора варухнулася ў грудзях шкадаванне да ягонага трудзягі — што з ім будзе далей? Вядома, ён ужо пагадзіўся з прапановай рабіць у выканкоме возчыкам, хоць бы каб вырвацца з вёскі ў людзі. Усё ж у мястэчку жыццё, культура... Ды й, мусіць жа, будуць плаціць нейкае жалаванне, не трэба будзе рваць кішкі на гаспадарцы. Тым больш калі калектывізацыя. А калі і не, дык Нінка возьме прымака Міколу Савасценю, які ўжо набіваўся, каб ажаніцца. Ведама, хлопец ён не дужа каб хуцавы жаніх, але працаваць будзе. Тым болей што і Ніна, бы мурашачка, — круглы год у працы, ад цямна да цямна, за ўвесь дзень не прысядзе, бывала. Усё рупіцца, усё носіцца...

Неўзабаве ўстаў і Заруба, зноў папілі чайку і, падзякаваўшы гаспадару, які іх праводзіў за вароты, паехалі. Ягор чуў, як, на запросіны заязджаць, Заруба ціха сказаў звазка: "У чацвер, мабыць. Калі ў Полацак не паеду..."

Для Ягора Азевіча пачалося новае, спярша ажно страхавітае жыццё ў раёне. Пакуль што яно абмежавалася клопатам пра Белалобіка, ні пра што іншае ён і не думаў. А ўсё — каб запрэгчы, распрэгчы, накарміць, напаіць цёплай вадой, дагледзець збрую. Сядзёлка трохі націрала хрыбет, ён гэта выявіў, як раніцай чысціў каня, і трохі падправіў лямец на сядзельнай падушцы. На выканкомаўскай стайні было яшчэ тры кані і тры фурманы-возчыкі. Але бадай усе дні яны былі ў раз'ездах, Азевіч бачыў іх толькі мелькам, калі ўранку ці ўвечары. То былі ўжо ў гадах дзядзькі, а адзін Волкаў дык нават стары, можа, яшчэ дарэвалюцыйны фурман з сівой барадой. Казалі, у яго хацелі рэквізаваць каня, каб для ўлады, дык ён не адцаў таго ў чужыя рукі і пайшоў сам разам з канём на рэквізіцыю. З таго часу і робіць у выканкоме, возіць загадчыка райза. Казалі, харошы фурман, толькі не актыўны, не любіць сядзець на сходах, дзе дым і гармідар, лепш у вазку ці на стайні, дзе начуе ягоны стаеннік. Ягор жа дык падабаў сходы. Звычайна дзе ў вёсцы, упарадкаваўшы Белалобіка, сядаў ля парога і слухаў усё, што там рабілася. Асабліва любіў ён слухаць свайго начальніка Зарубу, як той выступаў з прамовамі. Пачуўшы яго першы раз у Стадолішчах, Ягор аж здзівіўся. Удзень негаваркі, нават болей маўклівы, старшыня выканкома на сходзе ўвачавідкі мяняўся — па меры таго як казаў сваю прамову ўсё пра тое, як блага жылі пры цару, які тады трывалі ўціск. Пачынаў быццам з неахвотай, спаважна, неяк бы зморана. Але чым далей гаварыў, асабліва натрапіўшы на перспектывы новага калгаснага жыцця, тым болей пачуцця прыбывала ў ягоным голасе. Недзе ўжо пад канец той голас дасягаў мяжы пераканаўчасці, а затым ішоў марудлівы спад, бы ад стомы. I канчаў Заруба тым жа памяркоўным тонам, як і пачынаў. Слухалі ж яго мужыкі і бабы, паразяваўшы раты. Мусіць, такі ж разяўлены рот быў і ў Ягора, які думаў: во каб мне навучыцца выступаць гэтак прыгожа.

Канешне, тады ён не ўмеў гэтак прыгожа, але марыў навучыцца. На сходзе местачковай камсамольскай ячэйкі, дзе ён ужо ўзяўся на ўлік, яму неяк давялося выступіць. I так гэта атрымалася няўклюдна, нават сарамліва сярод незнаёмых дзяўчат і хлопцаў, што ён аж спацеў, пакуль выціснуў з сябе некалькі фраз пра абавязак камсамольца ў справе калектывізацыі. Добра, яго перапыніў нехта з байчэйшых, і толькі адна камсамолка, што сядзела наперадзе, усмешыстая, з белай высокай стрыжкай, добра ўсміхнулася аднымі вачмі і шапнула: "Нічога, нічога". Як пасля дазнаўся Ягор, гэта была камсамолка Паліна Пташкіна. Пасля яна таксама выступіла — натхнёна, баявіта, не па-жаночы рэзка. У хлопцаў і дзяўчат ажно гарэлі твары ад яе заўзятага выступлення. Во гэта малайчына, думаў Ягор. Дзе гэтак Настачцы, ды і яму таксама. Мабыць, трэба было падцягвацца, авалодваць новымі завядзёнкамі, як гэта і належала перадавой у раёне моладзі. З таго сходу ён узяў сабе за правіла кожнага ранку прачытваць невялікі аркушык раённай газеты "Шлях камунізму", стосік якіх два разы на тыдзень клаўся на стол у прыёмнай старшыні РВК. Ягор начаваў у суседнім пакоі на двух ссунутых разам сталах, уставаў рана, даглядаў у дваровай стайні каня і, пакуль прыходзіла сакратарка Рыма, меў трохі вольнага часу. Калі ж не спраўляўся прачытаць усю газеціну, дык абавязкова праглядаў хоць перадавіцу, з якой даведваўся пра галоўныя справы ў раёне. Галоўнай справай тады, вядома, была калектывізацыя, тэмпы якой якраз апынуліся пад пагрозай зрыву. Звычайна ўжо зранку Ягор разумеў, што сёння выпадзе яму немалая дарога — у тры ці чатыры вёскі, не меней. Калі яшчэ была гадзіна часу, дык ён паспяваў збегаць цераз вуліцу ў сталоўку — талоны яму ўжо выдалі. Але ў сталоўцы ён збольшага снедаў, абедаць жа ці вячэраць даводзілася абы-дзе. Дзе Бог пашле. Часам перападала і няблага, нават з чарчынай, калі трапляў да добрых людзей, а то бывала, што і абыходзіўся на пусты жывот. Вярталіся ўвечары позна, сталоўка ўжо зачынялася, Ягор карміў каня і самотна выпростваўся на сталах, нацягваючы на плечы караткаватыя полы паддзёўкі.