Можа, на другім тыдні ягонае працы ў раёне здарылася тое, чаго ён чакаў і баяўся — адарвалася падэшва. Адарвалася якраз уранку, як ён нёс вядро з пойлам яго Белалобіку. Ён спрабаваў неяк прыладзіць яе, тую стаптаную падэшву, але не паспеў таго зрабіць, як у прыёмную ўвайшоў Заруба і ўсё зразумеў з першага позірку. "Ты гэта во што,— сказаў ён. — Ідзі сюды!" Ягор, накульгваючы, пайшоў за старшынёй у ягоны кабінет з вялікім сталом, пакрытым кумачом, паверх якога блішчала вялізная шыбіна на розных паперах, і старшыня нешта напісаў на невялікім аркушы. "Во, ідзі ў арцель, спытаешся там Ісака. Аддасі яму гэта". — "А запрагаць?" — "Запрагаць сёння не трэба. Паедзем заўтра", — сказаў Заруба і павярнуўся да сцяны, дзе пад партрэтам Леніна вісеў чорны тэлефонны апарат — пачаў круціць ручку.
Ягор ужо ведаў, дзе была шавецкая арцель, і памалу паклыпаў наезджанай снегавой вуліцай за вялізную будыніну сінагогі. Па-над доўгім сталом у прасторнай дамоўцы сядзелі чалавек дзесяць шаўцоў — усе стукалі малаткамі, шылі дратвай, курылі махорку і гаманілі. Як Ягор увайшоў, першы, хто звярнуў на яго ўвагу, быў сівабароды стары яўрэй, ён паўзіраўся ў яго счырванелымі вачыма і адказаў на яго "добры дзень". Ягор папытаўся, хто тут Ісак, і дастаў паперку. Сівабароды, не адкладваючы з каленяў гамаш, працяг да яго руку. "Во тут таварыш Заруба напісаў". Шавец паправіў на носе акуляры і выцяг далей руку з запіскай. "Зараз пачытаем, што піша таварыш старшыня РВК,— сказаў ён так, каб усе пачулі. — Ага, усё панятна! Скідывай свой бот, будзем глядзець-радзіць,— якія там справы..." Ягор прысеў на канец услона і сцягнуў бракаваны бот, рукой няёмка прытрымаў на нямытай назе бруднаватую анучу. "Ай-яй-яй! Тут работы на дзень. Трэ новую падмётку. Ды і саюзкі..." — "Саюзка быццам цэлая",— нясмела ўставіў Ягор. "Ага, цэлая! Вы на яго паглядзіце; ён кажа, цэлая! А за што яе падбіць? Ці яна будзе на чэсным слове трымацца?" — "Ісак, а ты яе за язык падчапі",— з'едліва сказаў хтосьці з шаўцоў, а іншыя ахвотна засмяяліся. "Ісаку што, Ісаку не шкада... Калі Заруба піша, дык я з ягонага фонду. Ужо фонду таго засталося на пару ботаў..."
Між тым Ісак хуценька вывернуў халяву, надзеў бот на чыгунную прыладу, якая ў шаўцоў называецца "лапай". Ягоныя вялікія чорныя рукі так замільгалі над ботам, што Ягор не мог сцяміць, што і як ён там робіць. А ён рабіў, усё прыгаворваючы, штосьці жартуючы да суседзяў-шаўцоў, раз-пораз кідаючы позіркі па-над акулярамі на прымоўклага кліента. "А ты што — у выканкоме робіш? Ага, возчык? Дык возчыкам жа Даўнарскі быў? Зволілі, кажаш? Правільна. Даўно трэба было звольніць. Во п'яніца. А сам скуль родам? А, з Ліпаўкі! А жывеш дзе? Ці ў прымаках у каго?" — "А ты, Ісак, можа, хлопца сасватаць хочаш?" — падняў ад бота белабрысы твар маладзейшы шавец. "Магу і сасватаць, а што? У мяне рука лёгкая, гэта жысць цяжолая. Што, у выканкоме спіш? Гэ, то не гадзіцца". — "Вось і ўзяў бы да сябе. Твае ж настаўнікі з'ехалі",— сказаў нехта з другога канца стала, і Ісак зноў уважліва зірнуў на Ягора. "А што ты думаеш — магу і ўзяць. Халастога-нежанатага чаму не ўзяць? Калі ўпадабае". — "Дык было б добра",— сумеўся Ягор. "Праўда? Тады прыходзь увечары — вунь трэці дом пад гонтай",— паказаў Ісак у акно. Ягор зірнуў туды — сапраўды, крыху далей на вуліцы, якраз на пагорку, між дзвюма ліпамі ў гародчыку, стаяла нішто сабе дамоўка з гонтавым дахам.