Ягор зусім акрыяў духам, калі хвілін праз дваццаць Ісак стукнуў перад ім на падлозе гатовым адрамантаваным ботам з новай падмёткай і вузкай палоскаю лапіка на саюзцы — можна было абуваць. I ён абуў, адразу адчуўшы сябе куды з большай упэўненасцю, падзякаваў. Ісак жа ўжо завіхаўся над набітым на капыл гамашам. "Дык увечары, уваход са двара. Праз парадны не прымаю — рэвалюцыя адмяніла",— пажартаваў ён на развітанне. I праўда, позна ўвечары, спарадкаваўшы каня, Ягор пайшоў шукаць Ісакаву дамоўку. Ён пазнаў яе ў снегавой цемені па тых дзвюх ліпах і ледзьве знайшоў дзверы з двара, поўнага нейкіх хлеўчукоў, свіранкоў, паветак. Відаць па ўсім, некалі тут жыла вялікая сям'я, мо нават і не адна, а цяпер свіціліся толькі два акны з падворка, і нікога не было чуваць. Але Ісак яго чакаў і адразу расчыніў дзверы насустрач.
Ягор не памыліўся: на ўсю гэтую вялікую дамоўку жыў адзін яе гаспадар, іншыя пакоі пуставалі, у тым ліку і той, што меў асобны ўваход, праз які і прывёў яго Ісак, паказваць новае жытло. Было цёмна, ды ўсё ж таго святла, што пранікала сюды з заснежанай вуліцы, хапіла, каб Ягор збольшага агледзеў месца, дзе яму давядзецца жыць. То быў вялізны, бы стадола, і пусты пакой з адзінай скрыняй пры парозе, нізкаю столлю і трыма невялікімі акенцамі на вуліцу. Халадэча тут стаяла такая, што было відаць, як з рота ідзе пара. Але што ж, выбар у Ягора быў невялікі. У выканкоме было цяплей, ды не жыць жа яму там, дзе можна было хіба пераспаць да ранку. Добра, што побач на скрыні ляжала некая лахманіна, накшталт конскай гунькі, на якую ён і прысеў, даючы тым зразумець, што пакой упадабаў і застаецца. Гаваркі Ісак, аднак, не спяшаўся яго пакінуць і ўсё расказваў, як тут улетку жылі дзве настаўніцы, як ім было зручна, бо мелі асобны ўваход, тры акны на вуліцу, а да вайны пакой займала сястра Голда з дзеткамі і стары Ёхель, тутэйшы залатар, ды яго забілі балахоўцы, а стрыечныя ўнукі, падросшы, не захацелі тут жыць і паехалі ў белы свет — ім, ці бачыце, стала цесна і нецікава ў мястэчку. Ім каб у горад, бліжэй да класавай барацьбы. Дужа ўжо ўпадабалі класавую барацьбу, запісаліся ў камсамольцы, а ён, Ісак, усё жыццё шые боты. Папраўдзе, боты шыў да рэвалюцыі, цяпер рамантуе розныя развалюхі-бахілы, бо шыць новыя няма з чаго, няма тавару. А ён — майстра, некалі пачынаў у шаўца ў Варшаве, вучыўся дванаццаць гадоў — болей, чым цяпер вучацца на настаўніка, мае дыплом з гербамі, бо шыў фасонныя боты-бутэлькі для самога прыстава, а цяпер зашывае дзіркі на стаптаных гамашах. Але ён не наракае — такі час. А Ёхелю ўжо ніколі не ўбачыць зялёнай травы, так што яму, Ісаку, яшчэ можна зайздросціць. Можа, і пляменнікі таксама пазайздросцяць, бо невядома яшчэ, да чаго давядзе тая іх класавая барацьба. Можа, да сумы, а можа, і да турмы...
Азевіч прачнуўся неяк раптоўна і на першым часе не зразумеў, як ён тут апынуўся. У гушчары быццам стала зацішней, не так шумеў хвойнік. Азевіч надта скалеў, спярша не мог нават паварушыць ні нагой, ні рукой. З вялікай натугай устаў, затым зноў сеў на калючым ад хвоі доле, падумаў, што сон — бы адпачынак ад жахлівае рэчаіснасці. Калі б толькі не такі сон-напамінак. Той сон, што агарнуў яго, мог выклікаць што хочаш, але не даць адпачынку, не прынесці расолабку. Даўно ўжо ягонае мінулае было для Азевіча клопатам, болем, нават душэўнай пакутай. Ён не любіў прыпамінаць тыя свае гады, нават і ў такі час, па вайне, калі шмат якія драбніцы ці моманты даўняга здаваліся лепшымі, чым былі на справе, а іншыя дык і выклікалі замілаванне.
У хвойніку было яшчэ светла, але дужа сцюдзёна, і ён зноў стаў хукаць сабе на грудзі, грэць рукі за пазухай. Нагаданы ў сне Заруба прывёў да згадкі пра Вайцяшонка, з якім яны разам працавалі пазней у мястэчку, і Азевіч прыпамятаваў, што той родам з тутэйшых мясцін. З вёскі Завішша, якая, здаецца, была недалёка. Ужо кульгавага Вайцяшонка ў войска, пэўна ж, не ўзялі, мабыць, жыве цяпер у бацькоўскай хаце, і яму вайна — не вайна. Ён павінен аднесціся да Азевіча добра, крыўдаваць адзін на аднаго ў іх не было падставы, некалі нават сябравалі, і старэйшы па гадах Вайцяшонак у чым-колечы памагаў маладому Азевічу. Перад вайной іхняе сяброўства прыпынілася з прычыны арышту Вайцяшонка, якому, аднак, пашчасціла: яго выпусцілі. У райком ён, канешне, ужо не трапіў, перабраўся з мястэчка ў роднае Завішша, пачаў сваю перапыненую ў камсамоле настаўніцкую працу. Праўда, яму не пашэнціла з сям'ёю: жонка адраклася ад мужа — ворага народа неўзабаве пасля яго арышту, ну але затое, казалі людзі, Вайцяшонак на яе крыўды не меў. Невядома, можа, ажаніўся зноў ці жыве з бацькамі, таго Азевіч не ведаў і думаў цяпер: трэба ісці ў Завішша.