Ён выбраўся з гушчару ў поле, агледзеўся. Дарога была побач — уезджаны бальшак з бярозамі абапал. Дарогу ён пазнаў адразу — некалі паездзіў тут ад вёскі да вёскі, асабліва ў калектывізацыю ды і пасля — аж да самай вайны. Бальшак спусціцца ў лагчынку, там будзе масток, а затым праз якіх пару кіламетраў і Завішша — вялікая вёска над возерам. Праўда, у Завішшы ён даўно ўжо не быў, але дзе жыве Вайцяшонак, памятаў добра — у пачатку трыццатых часцяком там начавалі — калі разам з Яўгенам, калі адзін ці з якім раённым начальнікам. Бацькі ў Вайцяшонка былі харошыя, мяккія і спагадлівыя, бацька любіў пагаманіць пра жыццё і палітыку, маці, памятаў, рабіла тэхнічкай пры школе.
Цяпер Азевіч не пайшоў па дарозе — пераскочыў канаву і патупаў прыдарожнаю сцяжынай за доўгім радам бяроз. Так яму была відаць уся дарога — наперадзе і ззаду, яго ж можна было ўгледзець толькі зблізку. Дробны сняжок то мільгаў на ветры, то недзе знікаў, дарога і сцяжына за бярозамі ўвогуле былі сухія. Яму ніхто не спаткаўся да самай ваколіцы, дзе якраз ужо пачало змяркацца, і ён, каб не ісці вуліцай, збочыў ля плота на гароды. Пакуль брыў там каля сажалкі ды скакаў цераз межы, і добра змерклася; ужо амаль у цемры ён перайшоў мокрую аселіцу з балотцам пасярэдзіне і падышоў да Вайцяшонкавай сядзібы. У агародзе ля паграбца спыніўся, перавёў дых, збіраючыся з думкамі: усё ж трохі апасаўся, як яго прыме Вайцяшонак. На падворку за тынам, здаецца, не было нікога. У двух вокнах, што глядзелі на агарод, было цёмна, можа, і там, у хаце, не было нікога. Азевіч памятаў, што яшчэ ў Вайцяшонка былі дзве сястры, але ці яны жылі тут цяпер, ён не ведаў. Колькі часу ён туліўся за паграбцом: стаяў, прысядаў, слухаў. У тым канцы вёскі недзе ляніва брахаў сабака, а так усё было ціха, на агародах побач ніхто не паяўляўся. I тады ён наважыўся — ціха пабрыў да будыніны. Не адразу знайшоў варотцы з агарода, тыя былі шчыльна прычынены і нават зашчэплены з падворка, ён, перагнуўшыся, адшчапіў іх, не прычыніўшы ззаду, ступіў на падворак. Ганак мясціўся з другога боку, за вуглом, і ён хутка пратупаў да яго. Клямка на дзвярах, аднак, не падалася пад яго рукой, мабыць, дзверы былі зашчэплены, і ён сумеўся, ён не хацеў стукаць. Аднак усё ж пастукаў — ціхенька, тры разы, пачакаў. Думаў, яго не пачуюць, хацеў пастукаць яшчэ — ды ўсё ж злавіў слыхам нейкі гук у сенцах, стрымаўся, счакаў. I сапраўды, дзверы расчыніліся, перад ім у змроку сянец стаяў невялікі стары, Яўгенаў бацька. Азевіч яго адразу пазнаў і павітаўся. Той, аднак, змоўчаў і не саступіў з месца, мабыць, не пазнаваў госця.
— А Яўген дома?
Стары ўсё маўчаў, не пазнаючы, і Азевіч мусіў вытлумачыць:
— Калі помніце, Азевіч я. Некалі з Яўгенам разам працавалі. У райкоме, — напомніў ён. Тады стары шырэй расчыніў дзверы, і ён ступіў цераз парог у глухую цемру сенцаў, затым, растапырыўшы рукі, прайшоў следам загаспадаром у хату, няўмела зачыніў за сабой дзверы. У хаце было амаль гэтак жа цёмна, як і ў сенях, але цёпла.Стары падсунуў яму нейкі ўслон, і ён сеў, болей каб не наткнуцца на што ў цемры, не замінаць.
— А дзе ж Яўген?
— Павінен прыехаць. Як з'ехаў уранку... — сказаў стары, зазірнуўшы ў светлаватае без фіранак акно.
— I далёка?
— Ды ў мястэчка. Збожжа павёз...
— Гэтак? Падатак ці на продаж?
— На здачу. Немцы ж абклалі падаткам. Як і Саветы, бывала. Трэба здаваць.
"Мусіць, трэба", — падумаў Азевіч. Тое, што ён не застаў Вайцяшонка, трохі засмуціла яго, ну але, можа, скора прыйдзе. У хаце ж было цёпла і спакойна, болей нідзе нікога не было чутна, і ён хацеў папытацца старога пра яго сямейнікаў, дачок. Ды стары перапыніў яго ўласным пытаннем:
— А вы ж цяпер з мястэчка ці як?
— Не, не з мястэчка,— сказаў Азевіч. — З мястэчкая ўжо даўно.
Мусіць, трэба было сказаць і яшчэ пра сябе, але Азевіч ніяк не наважваўся. Няпростая гэта справа расказваць пра сябе. Ды ў такі час. Хто ведае, якія адносіны ў гэтых Вайцяшонкаў з немцамі. Якія ў іх былі адносіны з Саветамі, Азевіч памятаў добра, і гэта таксама вымушала трывожыцца.
— А Яўген што, усё дома? Па гаспадарцы? — памаўчаўшы, запытаў ён.
— Па гаспадарцы, а дзе ж. Школа ж закрылася, няма школы. Дык агарод спарадкаваў, каня во займеў. Калгаснага. Разабралі гаспадары, дык застаўся адзін. Вайсковы, абознікі кінулі. Без каня, ведама, ніяк у гаспадарцы.
— Без каня ніяк,— пагадзіўся Азевіч.
— Дык ён ля гэтага каня бы ля якога дзіцёнка. Яно, ведама, у мальцах не нацешыўся. Усё на казённай рабоце. А тады — у школе.
— Тады не да коней было: служылі.
— Служылі. Савецкай уладзе служылі. Што заслужылі во? — сказаў і прымоўк стары.