Выбрать главу

"Заслужылі няшмат, — пагадзіўся ў думках Азевіч. — I яшчэ што заслужаць — невядома. Хто — каня, а хто, можа, і кулю. Як многія..." Дзіўна, але цяпер і ён прыпамятаваў колішняга свайго Белалобіка, з якога пачалася ягоная служба ў раёне. Таксама любіў каня, даглядаў, завіхаўся... Той і вывез яго ў людзі. Ці ў добры час толькі...

Яўген прыехаў, аднак, няхутка, ужо зусім паначы. Стары не паліў святла (мо не было чым), яны ўсё сядзелі ў цёмнай хаце, зрэдку перагаворваючыся — болей каб не маўчаць, як у двары застукалі колы і пачулася знаёмае "тпру". Тады ж пачуўся жаночы голас — значыць, то была Яўгенава сястра, здаецца, малодшая Зоська. Стары паспяшаўся ў дзверы, і Азевіч нагнуўся да акна, блізка да якога ўжо стаяла фурманка. Кульгавы Яўген злез на падворак і, тупаючы ля яе, слухаў бацьку, рухавая Зрська знімала нейкія клумкі. Пасля яны падаліся да ганка, а бацька ўзяўся распрагаць каня.

Азевіч адступіў ад акна.

— Ну здароў,— ціха сказаў Яўген, пераступіўшы парог.

— Здароў, братка,— азваўся Азевіч.

Яны стрымана, аднак, павіталіся, павіталася Зоська, якая адразу падалася кудысь у змрочнае запечча.

— Як і адкуль? Якімі судзьбамі? — папытаўся Яўген, відаць па ўсім, трохі здзіўлены гэтай нечаканай сустрэчай.

— Ды во завітаў. Па дарозе...

— Па дарозе? Ну што ж... То добра, калі па дарозе. А я з мястэчка. Як паехаў уранку, дык на ўвесь дзень. Ячмень вазіў.

— На здачу?

— На здачу. За тры гаспадаркі — шэсць пудоў. Немцы наклалі такі падатак. Што зробіш? Трэба здаваць.

— Калі ёсць чым.

— А во знайшлося. Усё ж калгасны ячмень самі пажалі. Ды падзялілі. Набралася трохі. Запасліся. Не тое што ў калгасныя гады.

Яўген апусціўся на ўслон, пасунуў Азевічу зэдлік.

— Сядай. Можа, не спяшаешся?

— Ды як табе сказаць,— сумеўся Азевіч. — Пабуду трохі.

— Дык павячэраем хоць. Усё ж сябрамі былі. Колькі не бачыліся... Гады чатыры.

— Чатыры, ага.

— Ну. Я ж у гэтай во школе тры зімы адрабіў. Значыць, чатыры, як з райкома...

Як з райкома — чатыры, падлічыў у думках Азевіч. Ды месяцаў восем прабыў пад арыштам, пакуль не выпусцілі. Пакуль яго не выпусцілі, Азевіч усё дрыжэў, каб не ўзялі самога — за сувязь. Добра, тады неяк абышлося.

— Ну дык а як жывецца? Пад новай уладай? — трохі асвойтаўшыся ў чужой хаце, папытаўся Азевіч.

Яўген не адказаў, устаў, ціха гукнуў у запечча да сястры, якая там поркалася:

— Нам туды, у бакоўку, чаго павячэраць...

— Туды? Ну добра...

Сястра запаліла пад столлю лямпу з закапцелым шклом, укруціла кнот, каб меней гарэла газы, пачала збіраць вячэру. Яўген павесіў на цвік паддзёўку, памыў рукі над цэбрам, прапанаваў Азевічу. Той, аднак, рук мыць не стаў, не стаў і распранацца. Ён толькі пачаў грэцца ў шынелку пасля нядаўняе сцюжы і не хацеў растраціць набытае цяпло. I ўсё пільна сачыў за рухамі, словамі, адценнямі голасу былога сябра, стараючыся вызначыць па іх адносіны да яго, Азевіча, — заўважыць, можа, які цень непрыязі ці пагарды. Мусіць жа, Яўген ведаў ці чуў пра яго ці хоць бы здагадваўся, адкуль паявіўся ў гэты вечар стары знаёмы. Ды нічога падазронага Азевіч заўважыць не мог. Падобна на тое, што Вайцяшонак мала ім цікавіўся. Ці меркаваў, што пра сябе той скажа сам.

Мінула трохі часу, і яны ўжо сядзелі ў цёмнай бакоўцы з канапай пры невялікім століку. Лямпа трохі свяціла сюды на падлогу праз адчыненыя дзверы з хаты. Тут быў засень, але на стале былі відаць дзве міскі, талерка з салам і хлеб. А болей ім і не трэба было святла. Перад тым як сесці, Яўген некуды шаснуў і, рухава кандыбаючы на карацейшую нагу, прынёс бутэльку і дзве шклянкі.

— Вось каб за сустрэчу... А ты, можа б, раздзеўся...

— Не, ведаеш...

— Азяб дужа?

— Азяб. Нешта дрыжака ўсё...

— Ну вядома, калі азяб... Тады зараз пагрэемся.

Ён наліў дзве шклянкі, адну пасунуў Азевічу, і яны моўчкі выпілі, захрумсталі гуркамі.

— Дык, гляджу, няблага і жывеш,— сказаў пачакаўшы Азевіч.

— Ды ўжо ж,— няпэўна мовіў Вайцяшонак. — Лепш не палучаецца.

— Па гэткім часе...

— Па гэткім часе нядоўга і загрымець. На той свет. Вунь у мястэчку Свірыда, з райфо... Ты ж ведаў, пэўна? Дык учора павесілі.

— Свірыда? Ну.

— А браты Фесякі?

— А што Фесякі? Фесякі служаць. У паліцыі. Стараюцца. Самі вешаць будуць.

Азевіч памаўчаў крыху, уражаны смерцю Свірыда. Як выпраўлялі партызанскі атрад, дык гэтага Свірыда не ўзялі — запярэчыў Віткоўскі. Што бухгалтар, беспартыйны і наогул мала разбіраецца ў палітыцы. А во ў чымсь правініўся.

— А я Гарадзілава ўчора пахаваў, — паведаміў ён з сумам у голасе.

— Забілі?

— Памёр. Прастудзіўся і памёр.