Выбрать главу

— Раскоша цяпер — памерці. Ведаеш, усё перамяшалася. Свірыда павесілі, а Дашэўскі вярнуўся.

— Ну? Вярнуўся? Ён жа ў войска пайшоў.

— Пайшоў, трапіў у акружэнне і вярнуўся. I ўжо кіраўнік раённай управы. Не глядзі, што быў першы сакратар райкома. Даверылі.

— Дзіўна. Як жа так?

— А во так. Тады ж, як мяне пасадзілі, ён сам першы даў водгук. Што я вораг, агент і так далей. Тапіў аберуч. Глядзі, і цяпер тапіць будзе.

— А цябе немцы... Не чапаюць? — асцярожна папытаўся Азевіч.

— А за што мяне чапаць? Я з лесам не звязаны, сабатажам не займаюся. Зноў жа, я пастрадаў ад бальшавікоў... Гэта цяпер улічваецца.

— А да сябе не вярбуюць?

Яўген памарудзіў трохі, наліў яшчэ ў шклянкі.

— Было. Во і сёння, у мястэчку. Клікалі ва ўправу.

— Ну?

— Не, я інвалід. I не маю здароўя. Я трохі пажыць хачу. Для сябе.

— Каб жа гэта можна было — для сябе,— уздыхнуўАзевіч.

— Мне яшчэ можна. Во табе нельга. Пра цябе ў раёне вядома, што ты ў лесе. Што ты ў Віткоўскага. Табе, канешне, цяпер адзін шлях.

Азевіч ніякавата паморшчыўся, насцярожана прыслухаўся да стуку дзвярэй у сенцах. Але гэта прыйшоў стары, забразгаў вёдрамі. Яўген павярнуў галаву:

— Тата, ты гэта — чакай паіць. Хай пастаіць яшчэ.

— Хай пастаіць. Я не цяпер.

— Ага. А то... Хутка ехалі, спацеў. Ну дык возьмем патроху.

Яны і яшчэ выпілі — ахвотна Вайцяшонак і быццам праз сілу Азевіч. Ён даўно ўжо не піў гарэлкі, і цяпер тая дужа ўдарыла ў галаву, стала непрыемна тлумна і адначасна трывожна — можа, не трэба было заходзіць яму да гэтага Вайцяшонка. Але і куды заходзіць? Не, усё ж той не гэткі, як можа здацца. Ужо ён не выдасць. Каб гэта яго можна было падахвоціць да барацьбы?

Бакоўка была акенцам у агарод. За рамай відаць было блізкае сучча вішанніку, якое дужа гойдалася на ветры, і Азевіча, як той зірнуў туды, аж скаланула дрыжака. "Халера, як бы не захварэць,— падумаў ён першы раз,— нешта ўсё не мог сагрэцца. Але не дзіва — намерзся ў хвойніку ды і наогул накалеўся за восень у лесе. Можа, таму так доўга не мог выгнаць з сябе сцюжы"

— Калгас разбегся? — запытаўся ён, каб не чапаць дужа асабістае.

— З першага ж дня, як нашы адышлі. Падзялілі зямлю, жывёлу. Ураджай збіралі аднаасобна. Малацілі кожны сабе. Праўда, не было дзе — гумнаў жа мала асталося. Мы дык у трысцене неяк памалацілі.

— А нарыхтоўкі?

— Нарыхтоўкі само сабой. Як у калгасе. Адвезлі. I яшчэ асталося.

— I многа асталося?

— Ды болей, чым пры калгасах. Можна сказаць, сёлета з хлебам мужыкі будуць. Не тое што раней: трыста грамаў на працадзень. Вунь у тым годзе бацька каней даглядаў. Зоська ў палявой рабіла. Пайшоў на канчатковае размеркаванне — прынёс у торбачцы. Заробак за ўвесь год.

— У вас бедны калгас,— сказаў Азевіч.

— Бедны. А дзе ён — багаты? "Пагранічнік"? Ну там багацей, бо землі лепшыя. Там на працадзень далі па паўкіло. А ў астатніх? Галеча.

"Канешне, небагата, бедна жылі, хлеба хапала толькі да вясны. Бульбы таксама. Але пра тое тады не надта каб гаварылі, дбалі аб адным: як даць план, выканаць пастаўкі, сплаціць падаткі, самаабкладанне, заём. Лічылі, што сяляне як-небудзь пракормяцца — з агародаў, ад каровак. Першай запаведдзю было забяспечыць горад, выканаць свой абавязак перад дзяржавай".

— Але ж хто будзе ваяваць? — сказаў Азевіч. — Ці так і застанемся пад немцам?

— А гэта ўжо як хочаце. Мне і пад немцам няблага. Можа, лепей нават.

— Во як! — вырвалася ў Азевіча.

— А што! Што я заслужыў у Саветах. Рабіў, як пракляты, у райкоме, ночай не спаў, недаядаў, лётаў па раёне. Калектывізацыя, індустрыялізацыя, барацьба класавая.А што зарабіў? Турму. Знаеш, як мяне там білі? Гумовым шлангам па нырках, алоўкі між пальцаў заціскалі. Ды яшчэ прызнавайся ім чорт ведае ў чым. Што ў арганізацыі беларускіх фашыстаў састаяў. Нідзе я не састаяў —я быў чэсны бальшавік! Бядняцкі сын. Інвалід з дзяцінства.

— Аднак добра — выпусцілі.

— Выпусцілі? А як выпусцілі? Спаскудзіўшы цела, і душу выпусцілі. Яны ж мяне ў сексоты падпісалі.

Азевіч вельмі здзівіўся — не таму, што Вайцяшонка завербавалі ў сексоты, а што той пра гэта гаворыць. Ніколі нідзе ніхто яму ў тым не прызнаваўся — а гэты, глядзі, прызнаецца. Хаця, цяпер чаго ўжо баяцца? Сапраўды, баяцца цяпер не было чаго — Азевіч яму не пагражаў ні з якога боку.

— Так што бачыш, я агент НКВД. А ты, можа, таксама агент? — раптам сказаў Вайцяшонак, збоч стала ўтаропіўшыся ў яго.

— Не, што ты...

— Канечне, ты не прызнаешся. А мне чаму не прызнацца свайму чалавеку. Я ж — не немцу, праўда? — згумарам сказаў Яўген.

— Я ўсё ж думаў, ты чалавек надзейны. Памятаю, як рабілі...