— А я і надзейны. Не бойся, не выдам. Не пабягу да Дашэўскага. А і лісткі вашы клеіць на сцены не буду. Вунь у Залессі паклеілі — хлопцы з сямігодкі. Цяпер сядзяць у склепе, у міліцыі. Мацеры скуголяць, ірвуць на сабе валасы. Пастраляюць хлопцаў! Змагары, называецца.
Азевіч напружана думаў, хаця ягоны даўні сябрук збольшага стаў яму зразумелы. Апёкся Вайцяшонак на Савецкай уладзе, па сваёй віне ці па чужой — невядома. Але, мабыць, цяпер іхнія шляхі канчаткова разыходзіліся. Яўген тут застанецца — гаспадарыць на бацькавым падворку, даглядаць каня, малаціць, карміць курэй і свіней. Школа сапраўды, мабыць, для яго скончылася, вернецца да вытокаў, у адвечную сялянскую стыхію, якой не дабраў у маладосці. Што ж, можа, тое і няблага. Калі б не вайна, дык, напэўна, было б і няблага. Але во вайна, і яму, Азевічу, з яе абдымкаў, мабыць, не вырвацца. Яна ўгрызлася ў яго зубамі і кіпцюрамі, узяла яго з мінулага, звязала сучасным. Куды яму падацца цяпер?
— Ведаеш, — сказаў ён, — ці не мог бы ты мне дазволіць перахавацца ў цябе? На які тыдзень?
— Перахавацца? — перапытаў Яўген і ўслухаўся. У пакоі тупалі крокі, гэта часам хадзіў туды-сюды бацька. А ўвогуле скрозь было ціха. — Не, не магу. Даруй, алене магу.
Ён устаў з зэдліка, пастыргікаў у хату, хутка вярнуўся з партабакам і запалкамі.
— Закурыш? Не? Ах, ты ж і тады не курыў. Не навучыўся... Знаеш, не магу я цябе перахаваць. Калі што — падумаеш, выдаў. Зноў жа, у мяне бацька, сястра. Я ж і пра іх мушу думаць. Так што ты ўжо дзе-небудзь у іншым месцы. У якога акцівіста. Я, знаеш, ужо не акцівіст.
— Не акцівіст, — раздумна зазначыў Азевіч.
— Хлеба, ну там харчоў — гэта калі ласка. Гэта цяпер у нас ёсць. Еш і з сабой дам. А перахаваць — прабач.
Ён прыкметна спахмурнеў ад тае Азевічавай просьбы, апанурыўся ў душы і Азевіч. I што яму было рабіць цяпер — хоць каб пераначаваць да ранку? Але ўранку як пойдзеш па вёсцы? Убачаць, пазнаюць. Ды і не дасць ён тут пераседзець да ранку.
— Ну, што ж, дзякуй за вячэру.
— А ты, калі не сакрэт, куды пуць дзержыш? У якую старану?
— Не, гэта ўжо сакрэт, — сказаў Азевіч. У яго ўжо прапала ахвота размаўляць з ім — новы клопат агартаў яго. Сапраўды, куды было падацца далей? — Ну, што ж, тады жадаю ўдачы, — з непрыхаванай іроніяй кінуў Азевіч і ўскочыў на ногі. Трэба было ісці, пакуль яшчэ было можна. А то ці мала што можа надумаць гэты Вайцяшонак. Той таксама падняўся з зэдліка, скасабочыўся ля стала на карацейшай назе.
— Ат, якая там удача! Абы галаву зберагчы!
— Ну беражы!
Больш не сказаўшы нічога, Азевіч выйшаў з хаты на Вайцяшонкаў падворак. Ноч ужо добра ўсталявалася над вёскай, хляўкі побач зусім патанулі ў цемрыве, толькі трохі шарэла неба ўгары, закрапанае голым суччам высокіх дрэў. Куды ісці далей, ён не надумаў, але, можа, інстынктыўна завярнуў у глыб падворка, пералез цераз плот, уваліўся ў нейкую яміну з хворастам ці сухім быльнёгам. Калі выбраўся з яе, адчуў, што на правым боце зусім адстала падэшва. Яна і да таго была адарваная, але трохі з наска, а тут адвалілася ледзь не да абцаса і цяпер недарэчна чаплялася за дол. "Каб цябе..." — вылаяўся Азевіч, узіраючыся ў цемрыва, каб знайсці якую праломіну ў плоце — трэба было яшчэ вылезці і з агарода. Праломіны ён не знайшоў, але, наткнуўшыся каленямі на калючы дрот, перажыркнуў яго і апынуўся на травяністай роўнядзі, зразумеўшы, што гэта сенажаць. Ступаць тут было зручней, каб не тая падэшва, і ён узяў накірунак у поле — прэч ад вёскі.
Добра адышоўшыся ад яе, азірнуўся і ўжо нічога не ўбачыў у змроку — вакол ляжала ветранае начное поле, рэдка, бы соллю, прысыпанае ў доле снегавой крупой. Пасля сенажаці пад нагамі зашэрхаў іржэўнік, разы два яму трапіліся голыя палявыя дрэвы — мабыць, ігрушыны. Некалькі разоў ён натыкаўся на невысокія, ледзьве прыкметныя ў доле валікі барозны — то былі новыя аднаасобніцкія межы, пасля падзелу зямлі. Значыцца, падзялілі ўжо пасля колькіх гадоў абагульненага землекарыстання. I ён успомніў, якой калатнечы каштавала калісьці ліквідацыя тых межаў, з якой неахвотай даводзілася іх заворваць. У Судніках, памятае, сусед забіў суседа, які раней уступіў у калгас і пераараў іх агульную мяжу. А тут глядзі, як хутка размежаваліся. За гады так і не прызвычаіліся, каб разам, на агульным. Яно, можа б, і прызвычаіліся б, каб гэта было добра, каб той калгас даваў хоць бы хлеб для пражытку, а то... Адна нэндза і галадуха да самай вайны. Толькі і ратавалі, што агароды, тыя сорак сотак, з якіх кармілі дзяцей, старых ды яшчэ і здавалі дзяржаве. Выконвалі пяцігодкі. Мацавалі абарону. Не дужа, аднак, умацавалі.
Неўпрыцям ён ужо стаў спакайнець, адыходзіць ад крыўды на Вайцяшонка. Можа, і сапраўды той меў рацыю. Невядома, як бы на яго месцы зрабіў Азевіч, але на сваім іншага шляху ён выбраць не мог. Прыстаць да немцаў яму было неяк. Па-першае, не прымуць, усё ж райкомаўскі служачы, бальшавік, па-другое, пабываў ужо ў лесе. У атрадзе Віткоўскага. Пра ўсё тое, напэўна ж, яны ведаюць — перабежчыкі праінфармавалі. Цяпер не дай Бог яму трапіць да паліцаяў ці да немцаў — літасці не будзе. I ў каторы раз ён пачаў думаць, што найлепш было б перабрацца да сваіх, трапіць на фронт.