Выбрать главу

Дужа ўсё тое не падабалася Ягору галоўным чынам таму, што гэты чалавек таемна дапытваў яго пра Зарубу. Надта не хацеў выканкомаўскі возчык расказваць пра свайго начальніка, штосьці ў ім заўпарцілася ўнутры, і ўжо з'явілася таемная варожасць да гэтага брытагаловага здыхляка. Стоячы ля стала, ён ужо падумаў, як заўтра раскажа Зарубу, што пад яго робіцца гэты паскудны падкоп. Але Мілаван нібыта здагадаўся пра намеры возчыка і, яшчэ з паўгадзіны памэнчыўшы Ягора, урэшце са строгасцю папярэдзіў: "Пра нашу размову — нікому! Паняў? Ніводнай душы. Паняў?" Хвіліну ён выпрабавальна паўзіраўся ў збянтэжаны твар Ягора, а пасля, перахапіўшы ягоны позірк, спытаўся трохі павальнелым голасам: "Што, падабаецца будзёнаўка? Тота! Не ўсім даецца, трэба заслужыць. А цяпер ідзі. Будзе трэба — паклічу".

З вялікай палёгкай Ягор пратупаў цераз сенцы і выйшаў з папоўскай дамоўкі. Адчуваў ён сябе на дзіва змораным, нават нібыта абражаным чымсьці. У будынку райкома свіціліся ўсяго два акны, а ў выканкоме толькі адно, у прыёмнай, — мусіць, прыбіральшчыца Лукерка заканчвала сваю справу. Зарубы там ужо не было. А калі б і быў — раптам падумаў Ягор. Усё роўна цяпер ён не меў права нічога нікому сказаць. Ён ужо адчуваў, што з гэтым гэпэушнікам Мілаванам трэба паводзіць сябе дужа ашчадна, не дай Бог парушыць ягоную забарону. Зноў жа, а што ён скажа там другі раз, калі зноў паклічуць, як абяцаў? "Во прычапіўся, каб цябе паралюш!" — з непрыяззю падумаў Ягор, ідучы ў Ісакаву стадолу. Не хапала яму гэтага клопату...

Клопат, аднак, толькі пачынаўся.

Можа, дні праз два ці тры пасля тае гутаркі з Мілаванам Ягор адвозіў Зарубу на станцыю, каб таму ехаць далей — у Менск на нараду. У вазок сеў яшчэ нейкі невядомы чалавек у новым бобрыкавым палітоне, мабыць, хтось з прыезджых упаўнаважаных — ён таксама меўся ехаць на Менск. Дарога была няблізкая, але ўжо добра ўезджаная санямі, завеі даўно скончыліся, таксама як і адлігі. Нідзе ні заносаў, ні гурбаў, Белалобік за два дні добра адпачыў і рахмана бег трушком між неглыбокіх каляін, абдаючы фурмана снегавой пацярухай. Ззаду сядзелі начальнікі, ціха перагаворваліся між сабой. Ягор уважліва слухаў. Спярша гаварылі пра нейкую пастанову ЦВК, якая значна ўмацоўвала партыйную лінію, пасля гаворка пайшла ўсё пра тое ж — марудныя тэмпы калектывізацыі, затым пра нейкага Барабашова, якога, як зразумеў Ягор, нядаўна выкрыла ГПУ. Незнаемы выказваўся ў тым сэнсе, што Барабашоў даўні замаскіраваны вораг, а Заруба сказаў, што яго падсядзелі зайздроснікі, што зусім ён не вораг. Ягор не меў наконт таго ніякага меркавання, бо зусім не ведаў таго Барабашова. На станцыі ён падвёз седакоў да будынка вакзальчыка і ўлегцы паехаў сабе дамоў. Час яшчэ быў не позні, думаў, прыедзе і, можа, яшчэ забяжыць у Ісакаву стадолу — падчытаць у канспекце. Вечарам меліся быць заняткі, і Паліна магла яго выклікаць. Перад Палінай ён дужа саромеўся выявіць сваё няведанне. Але не паспеў ён на стайні ўпарадкаваць каня, як згледзеў ля рога выканкома ўсё таго ж белабрысага Мілаванавага памочніка, які кінуў яму галавой у бок царквы, што значыла: начальнік кліча.

На гэты раз Ягор ішоў раздражнёны, амаль злосны — чаго прычапіўся? Што ён — падрадзіўся яму за шпіёна? Хай сам пра што трэба і дазнаецца, Ягор за старшынёй выканкома шпіёніць не будзе. Але ягоны злосны імпэт адразу астыў, як ён пераступіў парог папоўскай дамоўкі. Мілаван быў трохі болей лагодны, чым першы раз, і цікавіла яго, пра што гаварылі ў дарозе Заруба з седаком у бобрыкавым палітоне. Прозвішча таго было Каламіец, як цяпер дазнаўся Ягор. Ягор пачаў бажыцца, што нічога не чуў, сядзеў спераду і вецер забіваў іхнія словы, здаецца, нічога такога яны і не гаварылі. Болей пра тое, што хутка вясна, а пасяўная кампанія вымагае клопату. Зноў жа насенне... "Ах, насенне! — зазлаваў Мілаван. — А пра Барабашова не гаварылі? Што пра яго казаў Заруба?" — "Ды не, я не чуў... Каб чуў, што б я не сказаў, — шчыра здзівіўся Ягор, і Мілаван доўга маўчаў, з'ядаючы яго злым позіркам. Дый на гэты раз Ягор, не міргнуўшы, вытрымаў той позірк. Сяму-таму ён ужо патроху вучыўся.