Выбрать главу

Мабыць, Ягор зноў не спраўдзіў надзей Мілавана, выйграў сваю маўчанку, хоць настрой быў сапсаваны дашчэнту. У Ісакаву дамоўку ён ужо не пайшоў, ленінскага канспекта не пачытаў ні разу, а на занятках, куды ён ледзьве паспеў, Паліна яго выклікала першым. Быў вялікі канфуз, Ягор спрабаваў адказаць, але заблытаўся, Паліна задала просценькае пытанне наконт парадку дня з'езда пераможцаў, якое яго заблытала канчаткова. Спатнелы і няўклюдны, ён бездапаможна стаяў перад гэтай маладой адукаванай жанчынай і чырванеў. Штосьці зласнаватае мільганула ў яе жвавых вачах, але затым яна неяк міла ўсміхнулася і сказала: "Ну нічога, Азевіч, у чацвер адкажаш. Надвучыўшы..." I ўжо зусім па-сяброўску заўсміхалася яму, ласкава і лагодна, ад чаго стала куды лягчэй на душы. Усё ж ён быў ёй удзячны, слаўная яна была жанчынка. Прыгожая і разумная. Дужа прывабная. Ведама, яна падабалася бадай ці не ўсім хлопцам, але ці мала тут было куды спрытнейшых за Азевіча — бойкіх і разумных. Вунь хоць бы Байдура, рослы чарнявы гаварун, можа, байчэйшы за ўсіх, які, калі паяўлялася Паліна, не адліпаў ад яе. Ды і не дзіва — той рабіў на льнозаводзе, у рабочым асяродку, не тое што Ягор, конюх па сутнасці. Хоць і ў райвыканкоме. Азевіч ужо пазнаў розніцу паміж сялянамі і рабочымі, носьбітамі пралетарскай свядомасці. Гэтыя апошнія былі куды вышэй коштам, іх хвалілі, вылучалі ў авангард, пра іх колькі вунь пісаў Ленін. Зноў жа — дыктатура пралетарыяту. А што сялянства? Дробнаўласніцкая ідэалогія...

Заруба пабыў у Менску нямнога — дні два. Ягор з'ездзіў на станцыю да цягніка і прывёз яго ў мястэчка. Старшыня выканкома, як заўжды, амаль не размаўляў у дарозе, толькі запытаў цяпер: "Ну што там у нас?" — "Ды так, навінаў няма",— адказаў Ягор. Заруба, памаўчаўшы, дужа трудна ўздыхнуў і мовіў: "Навіны будуць, Азевіч. Кепскія, браце, навіны". Тыя словы затрывожылі возчыка, ён чакаў, што Заруба нешта патлумачыць, ды той нічога больш не сказаў, і Ягор зважліва не пытаўся. Калі сам не кажа, дык, мусіць, нягожа пытацца. Усё яму карцела сказаць старшыні пра свае выклікі ў папоўскі дамок, ды Ягор ніяк не мог асіліць сябе — было няёмка і страхавіта. А раптам Заруба зазлуе? Ці не паверыць? Ці скажа пра тое Мілавану? I ён усё маўчаў. Трудна пра штось думаючы, усю дарогу маўчаў Заруба.

На другі дзень яны павінны былі ехаць у Забалаць, ды якраз на местачковай вуліцы Ягор убачыў, што закульгаў конь. Ён спыніўся каля мастка цераз рачулку, злез з вазка. Аказалася, раскаваўся, на левай пярэдняй зламалася падкова. Ягор спрабаваў зусім ададраць яе, ды не хапіла сілы. Было ўжо позна, каб ехаць у кузню, вырашыў тое зрабіць заўтра, зранку, каб затым паехаць у Забалаць. Старшыня да неспадзяванкі аднёсся амаль абыякава. "Затым дык затым", — толькі і сказаў ён, пачуўшы Ягорава меркаванне. Назаўтра ранічкай з Белалобікам на павадзе Ягор тупаў местачковай вуліцай да рэчкі, дзе была кузня. Менавіта тады яму нечакана сустрэлася Паліна — некуды бегла ў сваім сінім пальтэчку з пацёртым партфелікам у руках. Пабачыўшы яго з канём, весела заўсміхалася, ён павітаўся, яна ўсё азірала то яго, то каня, і Ягор вытлумачыў: "Во ў кузню вяду. Падкова паламалася, дык перакаваць трэба". Тады яна павярнулася да яго і неяк не ў лад зазначыла: "Ну і шапка ў цябе, Азевіч!" — "А што?" — не зразумеў Ягор, сашморгнуўшы з галавы сваю аблавушку. "Бы ў падкулачніка!" — усмешыста, аднак, кінула Паліна і пабегла сабе па вуліцы. А ён, дарэшты ўражаны тым, мала што навакол заўважаючы, патупаў з канём уніз да рэчкі. Шапка? Ужо якая ёсць, іншай дзе возьмеш. У краме шапкі не прадаюцца, пашыць няма з чаго. Гэтая, праўда, нехуцавая з выгляду, пакамячаная, але цёплая, з аўчыны. Шыў яшчэ дзед, насіў колькі год бацька, і ён яе носіць трэці год. Зносу на яе няма. Добрая шапка.

Так сябе суцяшаў Ягор, але неяк няўзнак тая яго звыклая аблавушка пакрысе рабілася яму апрыклай. I ён ужо думаў: хутчэй бы лета, цяпло, дома ў яго вісела на цвіку неблагая кепка з увогуле цэлым, трохі толькі пагнутым казырком; ён надзене кепку і будзе, як усе хлопцы ў мястэчку. І Паліна тады яго не папракне за шапку.