Выбрать главу

Ды цяпло не наступала, наадварот, пад вясну сталі даймаць маразы. Аднойчы пад ранак ноччу Ягор аж прачнуўся ў сваей сцюдзёнай стадоле, пачуўшы, як страляе мароз па вуглах — нібы са стрэльбы — бух ды бух. А тут якраз трэба было ехаць па раёне, Заруба сказау: дні на тры. Ехаў старшыня выканкома не адзін, а з цэлай брыгадай упаўнаважаных — на трох вазках. Ягор ранічкай прыбег да стайні, каб у час падрыхтавацца, але там ужо быў стары Волкаў, ужо ахаджваў свайго стаенніка. Ён жа і сказаў Ягору, што паедуць Фірштэйн з райкома, Бугаенчанка і Саладуха з выканкома. I яшчэ Пташкіна з жанаддзела. Як ён назваў Пташкіну, сэрца ў грудзях у Ягора ажно здрыганулася ад незразумелай радасці, але затым і заныла — з кім яна едзе? Ну, але ці не ўсё роўна з кім, ведама, не з Зарубам жа. З Зарубам, калі на тое пайшло, сядзе Фірштэйн — начальнік з начальнікам. Пасля таго як пасадзілі першага сакратара, Фірштэйн як бы заступіў на яго месца, хоць яго яшчэ і не выбралі.

На выканкомаўскім падворку яны пачалі запрагаць свае санкі-вазкі. У Ягора быў, мабыць, самы лепшы, лёгкі, пафарбаваны ў сіні колер вазок, які дужа падабаўся возчыку, і той ужо прыкідваў, як бы ў ім сядзела Паліна. Побач з Зарубам. Але наўрад ці сядзе. З гэткімі думкамі Ягор толькі завёў у аглоблі каня, як нехта ззаду схапіў з галавы яго шапку і на самыя вочы насунуў штосьці сцюдзёнае. Ягор спалохана крутануўся на нагах — ззаду, смеючыся, з ягонай кучомкай у руках стаяла Паліна. "Во, будзеш прыгажун! Гэта табе ад жанаддзела", — смеючыся, казала яна, схаваўшы ззаду свае рукі з кучомкай — каб не адабраў. Ягор няўцямна пазіраў на яе, пасля на тое, што трымаў у руцэ — то была самая сапраўдная, трохі паношаная будзёнаўка. Ладна пашытая, суконная, з зашпіленымі навушнікамі і нават разлапістай чорнаю зоркай, нашытай на лбе. Але чаму гэта яму і завошта? "Надзявай, надзявай, няма чаго разглядваць! Хай дзеўкі разглядваюцца".

Але ён усё разглядваў, не адчуваючы марозу, — і маленькія гузічкі з зорачкамі і востры ладны пупок наверсе. I гэта — ад Паліны. Дарма кажа, што ад жанаддзела, — якія ў яго адносіны да жанаддзела, дзе ён нікога не ведаў? Ён проста быў надта ўзрушаны і здзіўлены, каб нешта пытацца ці нават падзякаваць. Але трэба было запрагаць каня, і ён аберуч ашчадна надзеў на галаву будзёнаўку, — аж горача стала ад няёмкасці. Тая аказалася трохі цеснаватая на галаве, але нічога. Прыносіцца Цяпер ён сапраўды, мусіць, падобны на чырвонаармейца ці якога начальніка, цяпер ён не проста возчык, выканкомаўскі фурман. Зачаткі ганарлівага пачуцця варухнуліся ў ім і прапалі. Паліна ж не вельмі любавалася ім — крутанулася і пабегла ў выканком, а ён тады азірнуўся. Побач заварочваў свой вазок Волкаў. "Падаруначак атрымаў? — неяк з намёкам прагудзеў стары фурман. — Ну, ну..."

Яны трохі пастаялі на выездзе з падворка, чакалі. Мусіць, усе паязджане ўжо сабраліся, ды нешта не спяшаліся на мароз з выканкома, з паўгадзіны раіліся там у кабінеце старшыні. А як там скончылася іх нарада, першай выбегла на ганак Паліна і, нікога не пытаючыся, ускочыла ў вазок да Ягора. "Во са старшынёй паеду",— толькі кінула яму і схавала тварык у настаўленым каўняры палітончыка. У Ягора скаланулася сэрца — ад цьмянай радасці абяцання чагосьці невядомага. Але ён тут жа і засмуткаваў — усё ж легкавата яна была апранута для паездкі, хоць бы не прастудзілася. Ды ён, бы змярцвелы, стаяў побач з лейцамі ў руках, пазіраючы, як выходзілі з выканкома начальнікі, рассаджваліся па фурманках. Заруба трохі затрымаўся з Фірштэйнам, той патупаў, патупаў каля сіняга вазка, мусіць, хацеў уладкавацца з Зарубам, ды пайшоў да другога. Заруба цяжка ўмасціўся побач з Палінай.

Выехалі ўсе разам, але за Выганкамі раз'язджаліся ў двух кірунках. Заруба з Палінай кіравалі ў лясны бок раёна, а два іншыя вазкі паварочвалі на Аб'ездзе. Паліна ў дарозе амаль не размаўляла, як заўжды, маўчаў і Заруба. Ягор, дужа няёмка адчуваючы сябе перад імі ў неспадзяванай будзёнаўцы, таксама маўчаў. Ён думаў, Заруба папытае, дзе ён узяў такую шыкоўную шапку, ды той быццам і не заўважыў яе. Затое заўважалі сустрэчныя. Трое саней з дзядзькамі і кабетамі спаткаліся ім на шляху, і, як згледзеў Ягор, усе кіравалі свае позіркі найперш на яго, возчыка ў будзёнаўцы. Пасля ўжо на Паліну і Зарубу. Гонару ў Ягору ад таго прыбаўлялася, і ён рашуча кіраваў канём, размінаючыся на вузкай дарозе.

Першы сход праводзілі ў Аб'ездзе ў школе. Якраз была нядзеля, дзяцей не вучылі, сабралася нямала народу — ці не з усяго сельсавета. Ягор валэндаўся з канём, на сход толькі заскочыў. Зірнуў адным вокам цераз людскія галовы — на сцэне за чырвоным сталом пад кумачовымі лозунгамі сядзелі з паўтузіна мужчын і сярод іх — Паліна, маленькая, счырванелая з твару ад нядаўняй сцюдзёнай дарогі і прывабная. Выступаў Заруба. Гаварыў якраз пра класавую барацьбу на вёсцы, пра супраціўленне кулака, якога трэба было сцерці бязлітаснай рукой пралетарскай дыктатуры. У гэтай справе Заруба быў бязлітасны. Ягор ужо ведаў, што той паходзіў з віцебскіх рабочых і бацька яго быў рабочы. А тут скрозь сяляне — беднякі і сераднякі... Добра яму, быўшы рабочым, заклікаць да калгаснага ладу. Не разумеюць яго сяляне. Чаму — Ягор не мог зразумець таго. Колькі іх ні заклікалі да будаўніцтва лепшага, заможнага калгаснага жыцця — не ішлі да яго, упарціліся, калгасы арганізоўвалі з вялікаю неахвотай, пад націскам партыйцаў. Нават і ў ягонай Ліпаўцы ўсё не маглі сарганізаваць калгас, і Ягору ад таго было нават ніякавата перад старшынёй выканкома за сваіх землякоў. Мусіць, трэба б неяк з'ездзіць туды, даўно не быў. Але ўсё не выпадала. Дарогі кіравалі ў іншы бок — раён быў вялікі, раскіданы ледзь не на паўсотню вёрст ад мястэчка.