У другой палове дня правялі і яшчэ адзін невялікі сходзік у прыдарожнай вёсцы, дзе адразу запісалася ў калгас якраз палавіна насельнікаў. Але Заруба казаў, што тое — ненадзейна. Яны ўжо не першы раз запісваюцца, а як начальства паедзе, тыя спісы дзесь прападаюць. Крадзе нехта. I зноў збіраюць сход і зноў агітуюць нанова.
Вечаровы сход было вырашана правесці ў вялікай залеснай вёсцы Трыкунах, каб там жа і заначаваць. Тут не было школы, мужыкоў сабралі ў нечай вялікай хаце, пасастаўлялі лаўкі. У застоллі было чацвёра: Заруба з Палінай і двое мясцовых — старшыня сельсавета і, мусіць, настаўнік — малады хлапец з нейкім нядобрым, худым, бы сухотным, тварам. Ён выступаў другім, пасля старшыні сельсавета, і такога нагнаў на сялян страху, што тыя прыціхлі, бы ў царкве, ніхто і не кашлянуў; А той палохаў ГПУ, пасля Сібір'ю, пасля пралетарскай дыктатурай. Ягор стаяў у парозе, не знімаючы сваёй будзёнаўкі, на яго некаторыя азіраліся, асабліва дзеўкі, але ён трымаў сябе незалежна і адно таемна любаваўся Палінай. Тая была ўсё ў сваім палітончыку, толькі ссунула хустку з беленькіх, высока падстрыжаных валасоў і, вядома, была тут прыгажэйшая за ўсіх дзевак. Часам яна пазірала ў парог і тады неўпрыкмет аднымі вачмі ўсміхалася яму. Ягор быў шчаслівы, толькі ў глыбіні душы штосьці трывожна ныла, быццам балела нават. I ён здагадваўся, чаму балела, як толькі ўяўляў перад сабой наіўную далікатную Настачку. Але хіба можна было параўнаць Настачку з Палінай? Варта было паслухаць, як гэтая выступае перад сялянамі, нават лепш за Зарубу. Той нібы граў на гармоніку — басавіта і патрабавальна, а Паліна — нібы на скрыпачцы — сардэчна, дужа пераканаўча, нават пранізліва, асабліва як звярталася да жанчын і абяцала ім шчаслівую долю. Тады здавалася, Паліна ўжо бачыць тую долю і вось-вось раздасць яе ўсім жанчынам і дзеўкам, што сабраліся ў той хаце. Толькі трэба было ўступіць у калгас, іншай дарогі для савецкіх жанчын няма. Па заканчэнні яе прамовы вясковыя дзеўкі дружна білі ў ладкі. Мужчыны, аднак, сядзелі не крануўшыся. У мужчын быў свой клопат.
Тым не менш калгас у Трыкунах арганізавалі. Праўда, уступілі не ўсе, нават не палавіна, але Заруба сказаў, што важна пачаць. Пачатак жа быў зроблены, і яны позна ўвечары паехалі ў канец вёскі да старшыні сельсавета. Там Ягор уладкаваў каня, паставіў у хлявок, напаіў цёплым пойлам, і як прыйшоў у хату, госці з гаспадаром ужо сядзелі за накрытым сталом, вячэралі. Гаспадар нават дастаў бутэльку "Рускай горкай", Заруба не адмаўляўся, выпіў шклянку, налілі Паліне. Тая бойка аднеквалася, казала, галава будзе балець. Тады гаспадар пераставіў шклянку да Ягора. Той нерашуча з-пад ілба зірнуў на Зарубу, і Заруба стрымана кіўнуў у знак згоды. "Выпі, каб лепш спалося". Ягор выпіў. Як пачаў закусваць, Паліна раптам папрасіла, каб налілі і ёй. Гаспадар з ахвотай наліў поўную шклянку, з якой Паліна трохі адпіла і закашлялася. "Закусвай, закусвай, во гурочкам, капусткай", — падсоўваў ёй гаспадар закусь. "Не гурочкам — салам трэба", — стрымана сказаў Заруба, і Ягор, бліжэй да якога стаяла міска з нарэзанымі кавалкамі сала, падсунуў яе да Паліны. Тая з хітраватай удзячнасцю стрэліла ў яго змоўніцкім позіркам.
Рэшту тае вячэры Ягор сядзеў за сталом добра-такі захмялелы, вельмі хацелася спаць, але ён неяк трымаўся, слухаючы размову. Зрэшты, размаўлялі болей мужчыны, нават болей гаварыў Заруба, хоць і не так, як на сходзе, — разважна, нешматслоўна, але ўпэўнена. Гаспадар слухаў, часам круціў галавой — ад клопату ці нязгоды. Што-нішто хуценька ўстаўляла Паліна. Гаспадыня і яе дачка болей стаялі ля печы ці падавалі-прымалі міскі, у размову не ўмешваліся. На нейкім часе Ягор задрамаў, ці што, і гаспадар сказаў да яго: "Ішоў бы спаць, прытаміўся, мабыць". — "Ідзі, ідзі,— сказала і Паліна. — Чаго мэнчыцца!" I ён устаў з-за стала, пайшоў за гаспадыняй у трысцен.