У трысцене было не так і сцюдзёна (нават цёпла ў параўнанні з яго стадолай), у куце стаяў ложак, засланы стракатай коўдрай з пульхнай, як пагорак, падушкай, і ляжаў кажух. Ягор трохі распрануўся, зняў боты, Штаны, шкарпэткі і лёг пад кажух. Як лёг, дык, мусіць, і заснуў — адразу і глыбока.
Невядома, колькі ён спаў, але прабудзіўся раптоўна і амаль спалохана — хтось да яго поркаўся, ці што. Ягор, прахапіўшыся, спрабаваў сесці, ды пачуў знаёмы сцішаны голас: "Ну чаго, чаго, ляжы, дурненькі... Напалохаўся? Пасунься крыху..." Ён ледзьве не задыхнуўся ад хвалявання, пасунуўся і ляжаў, змярцвеўшы ад новага невядомага пачуцця, якое раптоўна ахапіла яго. У думкі неспадзявана шыбанула пытанне "Навошта?", але яно тут жа і аслабла без адказу, бадай знікла. Вялікая няёмкасць асталася, ды Паліна, бы не адчуваючы ніякай няёмкасці, ужо ўладкоўвалася пад касматай палой кажуха, гулліва шэпчучы яму ў самае вуха: "Не палохайся, не палохайся, я не мядзведзь, не з'ем цябе, такога вялікага. Хачу пагрэцца каля цябе, а то напаілі і кінулі аднаго ў гэтую лядоўню... Ну, пагрэй мяне..."
"Што яна кажа? Нашто?" — білася ў яго галаве ўсё тое ж пытанне, і ён змярцвелай рукой дужа няспрытна абняў яе за худзенькія плечы і тут жа адчуў на сваей шчацэ яе далікатны, пяшчотны пацалунак. Яна гарнулася да яго і нешта шаптала, а ён не мог суняць трапятанне сэрца і ляжаў, бы палена. Мусіць, трэба было на штось наважыцца — на самае рашучае, ды не хапала адвагі. Паліна і вабіла яго і адбірала волю адначасна. Неяк, аднак, быццам без ягонае волі ўсчалася дыхавічная валтузня. Ягор усё баяўся, што яна закрычыць і вырвецца. Але яна не крычала, яна толькі шаптала штосьці незразумелае і гуллівае. Як урэшце адбылося тое, зусім недарэчнае, мусіць, і ён сціх, стаіўся пад самай сцяной, і яна лягла ля яго трохі вальней, абое трудна аддыхваліся. Пасля яна папыталася: "Не спіш?" — "Не, што ты!" — "Ты такі вялікі і такі..." — "Які?" — "Няўклюдны такі... Бы мядзведзь". — "А ты, знаеш, дужа харошая..." — "Канешне, харошая. А ты думаў ... Благая, ці што? Слухай мяне і ты будзеш харошы малады бальшавік. Хочаш стаць бальшавіком-сталінцам?" — "Ды я канешне. Але..." — "Што — але?" — "Ну, з сялян я. Калі б рабочы". — "Не мае значэння, калі і з сялян. Ты ж з беднякоў, мабыць?" — "Ну гэта, бацька серадняком лічыцца". — "Серадняком — гэта горш. Але каб не з падкулачнікаў. Не падкулачнік жа, ага?" — "Не, не падкулачнік". — "Каб стаць сапраўдным партыйцам, бальшавіком, трэба заслужыць. Гэта не проста". — "Ды то я ведаю, канешне..." — "Я во з мяшчанаў. У мяне ж бацькі ваўначоску ў Дзвінску мелі. Зусім несвядомыя былі, у Бога верылі. А я во, заслужыла. Прынялі ў ВКП(б), кандыдатам, праўда. Ну, але прымуць і ў члены, нікуды не дзенуцца".
Яму ўвогуле падабалася гэтая яе ўпэўненасць, ды ён і не сумняваўся, што прымуць і ў члены. Каб такую ладную адукаваную жанчыну да не прыняць! Ён ведаў, што прымалі і не такіх — нават цемнаватых і малапісьменных. Праўда, затое ўдарніц ці актывістак, як на льнозаводзе. А гэта ж такая разумненькая, да таго ж прыгожая. Нездарма са школы, дзе яна працавала адну зіму, адразу ўзялі ў жанаддзел райвыканкома. Цяпер яны разам з старой Шацман кіруюць усімі жанчынамі ў раёне. Во якая Паліна! I гэтая жанчына цяпер ляжыць з ім пад адным кажушком, гэтак міла лашчыцца да яго і цалуе. Няўжо яна пакахала яго? А чаму б і не! Што ён, які няўломак — дужы і рослы хлапец, не дурнейшы за іншых. Можа, сарамлівы крыху, нясмелы, асабліва з дзеўкамі. Але, кажуць, некаторыя дзеўкі нават любяць такіх, сарамлівых. Каб не нахабных. Значыць, і ён варты кахання, і вось яно — побач. Ад тае салодкае думкі зрабілася радасна і ганарліва, ён ажно пабольшаў ва ўласных вачах. "I гэта... Даўно ты пакахала мяне?" — нясмела папытаўся ён і знерухомеў у цемры. "Адразу, як убачыла",— хуценька адказала яна. "Праўда?" — "Анягож. Іначай хіба я прыйшла б да цябе і гэтак... аддалася". — "Ну, то дзякуй",— сказаў ён у замілаванні. Яна ціхенька і радасна засмяялася. "Дзякуем не адкупішся". — "А чым жа?" — "Каханнем, мядзведзька, каханнем..."
Ну ведама ж, каханнем, хіба ён не быў гатовы пакахаць яе. Ды ён ужо і кахаў, гатовы быў для яе на ўсё. Хоць бы і ажаніцца з ёй. Праўда, тут былі некаторыя свае хібы і першае з іх — невядома, як да таго паставяцца бацькі. Матка дык, мабыць, была б і рада, усё ж не каталічка, як Настачка. Але ж — бальшавічка! Тут ці не яшчэ большая перашкода для маці. Хаця што маці! Цяпер не тыя парадкі, каб зважаць на старасвецкія завядзёнкі бацькоў.