На золаку яна яшчэ спала пад кажушком, а ён злез з ложка — трэба было паглядзець, як пераначаваў конь. У хаце ўсе яшчэ спалі, апроч хіба гаспадыні, што якраз унесла з сянец абярэмак намерзлых дроў, грукнула перад прыпечкам. На прыпечку гарэла капцюшка, і ён, кінуўшы "дзень добры", выйшаў на двор.
У хату ён вярнуўся няхутка, доўга поркаўся ў хляўку, наскубаў мурожнага сенца для каня. А як прыйшоў, госці ўжо сядалі за стол, на якім смачна сквірчэла вялізная скаварада яешні. Ён павітаўся з гаспадаром, з Зарубам, які яшчэ без пінжака, у падцяжках прайшоў цераз пакой. Паліна ўжо сядзела ля кончыка стала і спакойна зірнула на яго. Ён трохі паўзіраўся ў яе мілы тварык, але нічагусенькі на ім не ўбачыў. Як заўжды, на людзях яна яго быццам і не заўважала, нібы не з ім, а невядома з кім пераначавала той раз у трысцене. Ягор трохі здзівіўся. Увогуле тыя староннія паводзіны Паліны былі для яго новыя і нечаканыя, але ён думаў: мабыць, так і трэба. Можа, гэта так і заведзена сярод перадавой пралетарскай моладзі. У той час, як Паліна стала для яго навек адметнай і роднай, ён для яе заставаўся той самы, што і раней. Бы нічога між імі і не здарылася. Не тое што ў вёсцы. I ён прыпамятаў, як аднойчы ўлетку пасля вечарынак апынуўся з Настачкай у пуньцы і як у іх там ледзьве не дайшло да таго самага, дык Настачка ажно спалохалася: як можна? Каб пасля вяселля. Але для вяселля трэба было назапасіць пасаг. А з пасагам у беднай Настачкі была пэўная нявыкрутка — што магла выдзеліць за дачкой яе ўдава-маці? Тут справа іншая — ім не патрэбны ні пасаг, ні шлюб, ні вяселле, яны без прымхаў. Во гэта перадавая, бальшавіцкая моладзь! Можа, і правільна. Цяпер так будзе ва ўсіх.
На той дзень яны вярнуліся з паездкі трохі раней, і Паліна пабегла ў будынак райкома, дзе быў яе жанаддзел. Яна яму не сказала нічога, толькі развіталася "да пабачэння" — адным на іх двух з Зарубам. Заруба, як заўжды, маўчаў, мабыць, поўны ўласных клопатных думак. Ягор паехаў распрагаць каня. Ён ужо не мог думаць ні пра што іншае, апроч як пра гэтую дзяўчыну, якая зблытала ўсе ягоныя думкі, апанавала яго новым нязведаным клопатам. Вельмі карцела бачыць яе — на вуліцы ці ў выканкоме. Як на тую бяду, заняткі ў камсамольскім гуртку былі перапынены ў сувязі з адставаннем тэмпаў калектывізацыі. Разоў колькі ён памыкаўся зайсці ў райком, але ўвечары не быў упэўнены, што заспее яе там. Іншага ж часу ў яго не было — амаль кожнага дня яны ездзілі з Зарубам па вёсках — далёкіх і блізкіх.
Праз два ці тры дні яна прыйшла да яго сама. Толькі ён вярнуўся з выканкома ў сваю стадолу, хтосьці ціхенька патузаў дзверы. Ён здзівіўся, але адчыніў — і яна лёгенька ўскочыла ў пакой. "Што, не чакаў? А я без чаканкі. Як ластаўка, пачуўшы вясну..." — "Ластавачка мая..." — "Не, не, не абдымай мяне, дай я спярша цябе пацалую. Ну, добры вечар, мядзведзька..."
I зноў іх павяло адно да аднаго, без слоў, моўчкі, і зусім побач апынулася скрыня з сякой-такой яго апраткай.. Калі трохі саўладалі з сабой, паспакайнелі, яна раптам сказала: "Еду на тыдзень у акругу". — "На тыдзень?" — здзівіўся ён. "На цэлы тыдзень. А вы, здаецца, у аўторак у Кандыбічы кіруеце?" — "Не ведаю, старшыня не казаў..." Яна памаўчала трохі, бы прыслухалася да цішыні вялікай Ісакавай дамоўкі. "Слухай, ён даўно ў Кандыбічах быў? Ну, у таго настаўніка?" — "На тым тыдні быў",— сказаў Ягор. "I начавалі?" — "I начавалі". — "А яшчэ хто там быў?" — "Ну гэты, што з Менска прыязджаў. Упаўнаважаны". Яна зноў прыціхла, прыслухалася. "А пра што гаварылі, не чуў?" — "Не слухаў",— проста сказаў Ягор. "А ты паслухай. Паслухай калі. Добра?" — "А нашто?" — "Нашто? На тое! Твой Заруба ведаеш хто?" — "Хто?" — "Скрыты белагвардзеец, паняў?" — "Як белагвардзеец? Ён жа бальшавік. З рабочых. На грамадзянскай быў камісарам ваенных курсаў". — "Залівае! Нікім ён не быў. Ён скрыты вораг. Паняў? I ты за ім пацікуй. З кім ён і што? Недарма ён да таго настаўніка ў Кандыбічы зачасціў. Родная кроў. Той жа таксама контра. Пстыга. Папоўскі сынок". — "Во як!" — здзівіўся зусім збянтэжаны Ягор. "А ты думаў..."
Дзіўна гэта было і незвычайна. Вядома, Ягор ведаў ужо, колькі ўсякіх ворагаў было скрозь, у тым жа Менску, у акрузе, ды і ў іхнім раёне. Але каб ворагам стаў Заруба, ягоны самы найлепшы і найбольшы начальнік, таго Азевіч уявіць не мог. Ды ўсё ж нешта, мабыць, было. Нездарма яго выклікаў Мілаван, цяпер во пра тое ж кажа і Паліна.
Паліна знікла на цэлы тыдзень, і Ягор хадзіў, нібы апушчаны ў мутную ваду — збіты з панталыку, здзіўлены, нават абураны. Толькі на каго? На Зарубу ён не хацеў нават пакрыўдзіцца — не мог паверыць, што той вораг, белагвардзеец. Хіба такія бываюць ворагі? Дзень і ноч пнуўся пра справу, арганізоўваў калектывізацыю, ездзіў па вёсках, агітаваў за Савецкую ўладу, лепшае сялянскае жыццё. Але і Паліне ён не мог не верыць — усё ж яна разумнейшая за яго, Ягора, мусіць, яна нешта ведае. Можа, яна яшчэ не пра ўсё кажа? Можа, у яе таксама штосьці ідзе з ГПУ?