Выбрать главу

Ён аддаў ёй аловак і паперу, і Паліна, адразу засяродзіўшыся, пачала пісаць на скрыні ля самавара. Яна болей не задавала яму ніводнага пытання, нават не зірнула ў ягоны бок, — напісала старонку і сунула яе Ягору: "Падпішы!" Кепска разумеючы, што тут робіцца, Ягор пачаў разбіраць яе дробны, не надта разборлівы почырк: "Настоящим свидетельствую, что во время поездок председателя РИК Зарубы по району указанный гр-н. Заруба М. Ф. систематически и регулярно имел встречи с гр-ном Пстыго А. А., во время которых велись откровенные разговоры с осуждением политики органов, партии и правительства и восхвалением некоторых вредителей и нацдемов, например, писателя Жилуновича..."

Азевіч адарваўся ад тэксту, у ягоных вачах пацямнела. "Паліна, навошта ж так? Якія разгаворы?" — "Што, не было разгавораў?" — "Ну, дык гаварылі, але..." — "Але ты не чуў? Тады цябе самога арыштаваць трэба. Што не чуў. Бо павінен быў чуць. Калі ты таксама не скрыты контррэвалюцыянер. Падпісвай!"

Ягор вагаўся. Ён чытаў далей, думаў, можа, дзе ў канцы будзе якое тлумачэнне, якое для сябе апраўданне. Ды ўся папера была з адным сэнсам: старшынёй РВК вяліся кепскія размовы з былым белагвардзейцам Пстыгам, што і пацвярджае возчык РВК Азевіч Ягор. Ягор прачытаў усё і разгублена пазіраў то на паперу, то на такі знаёмы тварык дзяўчыны. Але цяпер гэты тварык быў зусім не такі, як заўжды. Куды толькі знікла ягоная ўсмешыстасць і з ёй мілая дзяўчачая прывабнасць. Штосьці цвярдое і зласлівае было на тым мілым тварыку. "Ну, што яшчэ смушчае?" — нецярпліва пыталася Паліна. "Ды ўсё. Нядобра гэта" — "Нядобра? Затое па-бальшавіцку. Ты гэта разумееш ці не?"

Не, таго Азевіч зразумець не мог. Ён не ведаў, навошта было тое яму ды і Паліне таксама. Аднак, счакаўшы, Паліна неяк змяніла свой патрабавальна заклапочаны тон на амаль гарэзлівы. "Ягорка, ну! Зрабі тое для мяне! — зазірнула яна яму ў вочы і нават мякка дакранулася да ягоных валасоў. — Ну, для нашага кахання. Мы ж так кахаліся... Помніш? Падпішы тут, і ўсё". — "А Зарубу што будзе?" — "Ды нічога яму не будзе, дзівак ты! Ну, можа, вымова. За страту пільнасці. Ну?.."

Кепска разумеючы, што робіць, Ягор памарудзіў крыху і вывеў над самым беражком "Азевіч Я.".

Паліна моўчкі паклала паперу ў сумачку, кінула яму "дабранач" і пайшла. Ён застаўся, мала што адчуваючы. Ён быў зусім збіты з панталыку, з натугай, спакваля пачынаючы разумець, што адбылося. Толькі праз нейкі час даўмеўся, што адбылося кепскае. Сам, можа, і ўбярогся, але Заруба... Мабыць, ён дужа нашкодзіў Зарубу.

...Можа, ён ішоў і нядоўга, але пасля, як упаў, імпэт ягонай хады прыкметна паменшаў, ён ужо брыў, ледзьве стрымліваючы дрыжаку ў целе. Нешта ў ягоным заўжды вынослівым целе яўна разладзілася, апаноўвала знямога ды гэтыя прыкіды дрыжакі. Узлесак недзе прапаў, кустоўя, праўда, траплялася ўсё болей, пад нагамі шапатала сухая трава, і ён падумаў: як бы не набрысці на рачулку. Недзе тут па забалаці павінна была віцца Вужка, нехуцавая рачулка на поплаве, ці не брыў ён якраз да яе па тым поплаве? Але рачулку цяпер паначы ён не пералезе, што тады рабіць? Во яшчэ не хапала прыгоды на яго галаву!

Усё ж сенажаць ці поплаў пад яго нагамі скончыўся, і рэчка не паявілася. Ён зноў адчуў цвярдзейшае, ды ісці па ім стала зусім пакутна. То быў узараны на зябліва клін — няроўны і глыжасты, на ім часам балюча падварочваліся ягоныя ступні. Азевічу здалося, што ён ідзе ўздоўжкі па ім, і тады ён крута павярнуў убок. I праўда, хутка ўпёрся ў шнурок кустоўя, прыгледзеўшыся, пралез праз яго цёмны гушчар і апынуўся на чымсь цвярдым і роўным. Не адразу здагадаўся, што набрыў на дарогу — уезджаны сухі бальшак, які кіраваў ці не ў бок мястэчка. Толькі ў якім баку было тое мястэчка?

Напружана згадваючы, якія тут дзе павінны быць вёскі, Азевіч прайшоў колькі крокаў у адзін бок, пасля, засумняваўшыся, спыніўся, павярнуў назад. У раённае мястэчка, вядома, лепш было не патыкацца, трэба было кіраваць у іншы ад яго бок. У гэтым іншым баку ляжалі недзе яго знаёмыя мясціны і яшчэ далей ягоная родная вёска, дзе яго ўжо ніхто не чакае. А так хацелася б цяпер туды... Ды толькі туды дарогі яму не было таксама.

Во чортава жыццё, ці вайна, ці такі кляты ягоны лес, калі менавіта туды, куды цягне, дзе ты знайшоў бы прытулак і сховішча, менавіта туды і нельга.

Аднак і ў гэтым кірунку ўпэўненасці ў яго не было, здавалася, што трэба не туды. I ён спыніўся зноў, азірнуўся. I тады да ягонага слыху даляцеў нейкі няпэўны гук ззаду, ён прыслухаўся болей. Здаецца, аднак, не памыліўся: вецер даносіў ціхі тупат капытоў — паначы хтось ехаў і нават ужо быў блізка. Азевіч шаснуў у бок ад кустоўя, прысеў, стаіўся. Тут, мабыць, яго не будзе відно, а ўжо ён нешта пабачыць.