Чакаў нядоўга, сапраўды з цемрыва на дарозе высунулася цёмная рухавая постаць, стала відаць конская галава пад дугой і фурманка. Яна хутка набліжалася, але ён усё не мог разгледзець, хто там, на возе, і колькі іх. Воз здаваўся грувасткі, з якой паклажай, ці што. Але во зтуль пачулася:
— Цётачка, а ваўкі нас не дагоняць?
То быў ціхенькі дзіцячы голас, хлопчыка ці дзяўчынкі. Азевіч зусім прыцяў дыханне і тады пачуў, як у адказ хрыплавата азвалася жанчына:
— Ды якія ваўкі, ноо...
— Ваўкоў баюся...
— Ваўкоў не бойся цяперака... Цяперака людзей трэба баяцца, дзетка.
Азевічу раптам зрабілася проста і нябоязна, ён нават пасаромеўся нядаўняй свае асцярогі і ўстаў з-пад кустоўя. Фурманка ўжо была побач, ён зрабіў два крокі напярэймы і ціха сказаў:
— Пастой, цётка!
Конь знячэўку тузануўся, але прыпыніў хаду, беручы трохі ў бок ад каляін, Азевіч ухапіў яго за аброць і зусім спыніў. У возе, відаць было, сядзела кабета з лейцамі, ззаду за ёй, здаецца, мясціліся дзеці. Колькі там іх было, ён не паспеў разгледзець.
— Не бойся. Свае,— сказаў ён як мага лагодней. Жанчына ўсё маўчала. — Куды едзеце?
— У Васіп'е, — сказала і заціхла кабета.
— Чаго паначы?
— Дык падводу толькі ўзяла надвячоркам. Удзень дровы вазілі.
Восіп'е ён ведаў, то была невялікая вёска пад лесам вёрст за дваццаць ад мястэчка. Мабыць, туды б яму было па дарозе.
— Можа, падвязеце і мяне. А то... падбіўся троху. Кабета не адказала, толькі няёмка паварушылася ў сваёй цёплай апратцы з тоўста захутанай галавой, страхавіта прымоўкла. Не чакаючы яе згоды, Азевіч улез ззаду на воз, звесіў цераз бакавіну ногі.
— А вам ці далёка ж трэба? — урэшце папыталасякабета.
— Ды мне недалёка. Каб трохі пад'ехаць.
Кабета варухнула лейцамі, і конь, парыпваючы збруяй, паклыбаў далей, а Азевіч толькі цяпер падумаў: куды ж гэта ён? Пад'ехаць — яно няблага, але куды? Праўда, ужо хоць тое добра, што не ў мястэчка, у другі бок, мабыць, туды і яму будзе здатна. А там прыйдзецца падумаць.
— А вы ж гэта з паліцыі будзеце? Ці, можа, парцізан? — боязна пацікавілася кабета.
— Акружэнец,— сказаў ён таксама ціха.
— А, акружэнец, — прыкметна пажывела кабета. — Гэта ж дамоў едзеце, пэўна?
— Дамоў.
— А ці далёка ж гэта вы, каб дамоў?
— Далёка, цётка, — сказаў ён.
— Во як! Далёка... Ах, горачка наша... Ды паначы. Цяперака толькі ж і можна што паначы. Удзень і праўда неяк. Во і я заначлезілася... Але малыя, як жа іх...
Прыгледзеўшыся, Азевіч зразумеў, хто яшчэ ехаў у возе з гэтай кабетай.
Захутаныя ў кажух, побач бялелі два дзіцячыя тварыкі, — насцярожаныя, мабыць, спалоханыя, яны маўкліва ўзіраліся праз змрок у начнога чалавека, што перапыніў іх на дарозе, і сказаў знарок бесклапотна:
— Не бойцеся! Дзядзя — добры.
— А я не баюся, — раптам азваўся адзін з малых. — Гэта Лёдзя баіцца. А я не баюся цябе.
— Во як! Смелы, аднак! — ціха зазначыў Азевіч, трохі здзіўлены словамі малога.
— Смелы, ага, — проста пагадзіўся той. Кабета павярнулася да іх тварам:
— Малы ён, кажа немаведама што. Які там смелы...
— Смелы,— стаяў на сваім малы. — Маўчы, Шурка!..
Шурка, мабыць, і яшчэ хацеў запярэчыць, але тады ціхенька азвалася малая Лёдзя:
— А і ты нясмелы. Во плакаў, як татка ляжаў і з яго кроў цякла...
Усе змоўчалі, маўчаў і Шурка, і Азевіч з няёмкасці перасмыкнуў нутром, адчуўшы нейкую трагедыю гэтых падарожнікаў. Але трагедый ён ужо начуўся і набачыўся столькі, што яшчэ адна не хацела змяшчацца ў яго душы, і ён не запытаў нічога. Ды кабета, мусіць, ужо зачапілася за стрэмка свае бяда і растлумачыла:
— Гэта ж во іхніх бацьку з маткай забілі. Вязу сірот дахаты. Пляменнікі ж...
— А ў цёткі сабака ёсць, — не ў тон гаворкі паведаміўШурка. — Жулік завецца.
— Ат, які там сабака! — сказала кабета. — Шчанюк адзін.
Азевіч, аднак, каб не дужа распытваць, стараўся зразумець, што напаткала гэтых малых, ды не шмат зразумеў і перапытаў у кабеты:
— Бацькоў — немцы? А завошта?
— Каб жа немцы! — нібы папракнула кабета. — Свае, партызаны.
— Во як! За што?
— А нізашто, — памаўчаўшы, казала кабета. — Што за немца заступіўся. Не даваў немца застрэліць. Дык застрэлілі ўсіх.
— Цікава, — выдыхнуў Азевіч, аднак не адчуваючы да таго здарэння вялікай цікавасці.
— Настаўнікі яны, Біклагі. Якраз во ля царквы жылі.Недалёка ад школы. Бацька фізіку вучыў, а матка, мая сястрыца Фанечка, нямецкую мову. Домік такі ладны мелі, яна ж, Фаня, чысцюткая такая сястрыца, усё ў іх прыбранае было, ладнае, — ці комнатка, ці ганак, усё вышаравана, аж жоўценькае. Во гэта іх і згубіла. Каб тое знаццё... Но, ты! Чаго гэта ён стаў? — здзівілася кабета, мабыць, з каня, які і сапраўды спыніўся сярод дарогі, бы спужаўся чаго. Неўзабаве, аднак, яна зразумела.