Гэтая нізкая будыніна, аднак, стаяла без дзвярэй, з чорнай прадранай страхой, у дол яе скрозь намяло снегу. Ён толькі зірнуў туды і павалокся да наступнай крокаў праз дваццаць. Здаецца, гэтая была спраўней, шырокія вароты былі зашчэплены на трэсачку ў прабоі — значыць, не пакінутая, мабыць, варта было туды зірнуць. Адубелымі пальцамі ён выцягнуў трэсачку і асцярожна прачыніў палавінку варотаў. На яго з цемры шыбануў летні травяны пах, у доле ад парога ляжалі пасікі снегу, а так увогуле, здаецца, тут было зацішна, і ён зайшоў, прычыніў вароты. Адразу яго абняла цемра, выцягнуўшы рукі, ён ступіў са два крокі і ўпёрся ў высокі — вышэйшы за яго — каптур саломы, асцярожна пасунуўся ўбок. Тут ягоныя рукі намацалі сцюдзёныя бёрны сцяны, а ногі ступілі на штосьці няўлежанае, шархоткае — на сухую кучу гарохавіння, ці што. Яшчэ не разумеючы, што ён робіць, Азевіч пераваліўся цераз гэты высакаваты гарохавінны горб, каб далей ад варот, бліжэй да сцяны, рукамі і нагамі памкнуўся закапацца, залезці як мага глыбей. Ён ужо адчуў, што далей не пойдзе, і прагнуў спакою, цяпла, ягонае цела здрыжэлася на ветравым снегавеі, і карцела суняцца, сабрацца ў камяк, каб як-небудзь сагрэцца. У грудзях гаркотна гарэла, дыханне доўга не магло выраўняцца, ён дрыжэў-тросся ў гарачцы і шумна і часта дыхаў Свядомасць яго спакваля марнела, у галаве ўсе неслася снегавая крутня, і ён плыў у ёй кудысь у пакутны агорклы прыцемак. У пачуццях жыло нязбыўнае адчуванне небяспекі, прыцьмелага страху, але ўжо не ставала сілы, каб адолець той страх ці што зрабіць для паратунку. Знямога была мацней за страх і за інстынкт да жыцця.
...Неяк напрадвесні, як ён чысціў на стайні Белалобіка, сакратарка паклікала яго да старшыні выканкома. Ягор таропка ўвайшоў у кабінет, Заруба сядзеў, цяжка аблегшыся на стол, неяк уважліва паглядзеў на возчыка. Той аж абмёр пад гэтым ягоным позіркам, але старшыня спярша толькі трудна ўздыхнуў і сказаў, што сёння і заўтра яны нікуды не паедуць. Калі, можа, патрэбна Ягору, дык хай бы з'ездзіў у сваю Ліпаўку, у якой, пэўна ж, не быў ад пачатку зімы. Ягор дужа ўзрадаваўся, хуценька сабраўся і запрэг Белалобіка. З даўно ўжо адвыклай радасцю борзда імчаўся знаёмай дарогай цераз знаёмыя палі і вёскі, цераз край Галубяніцкай пушчы і праз пару гадзін убачыў заснежаныя стрэхі канцавых хат пад голым суччам дрэў. То была ягоная Ліпаўка.
Дома на падворку яго сустрэла маці з пустым вядзёркам, у якім толькі што аднесла парсюку есці. Бацькі не было дома — з Нінай каторы дзень рабілі ў лесе, тралявалі бярвенне. Меліся прыехаць позна ўвечары, і ён крыху падумаў, што рабіць? Ці вяртацца ў мястэчка, ці счакаць бацьку? Рашыў, аднак, счакаць. Даў Белалобіку сена на двары, а сам з'еў яешню, што маці хуценька сасмажыла на прыпечку. Частуючы яго, яна не пераставала бедаваць пра тое, як ён там, сярод незнаёмых людзей, невядома, як і кім там дагледжаны. Яшчэ яна бедавала-скардзілася на жыццё, што ўсчалася навакол, як сялян заганяюць у калгасы, што ў калгаснікаў усё забіраюць: і збожжа, і бульбу, якое насенне, інвентар і коней. "Ой, будзе голад, ой, паямо траўкі, і мякіны не хопіць, што ж гэта робіцца! Што яны там, кіраўнікі вашы, павар'яцелі, ці што, нашто так абыходзіцца з народам, у чым ён перад імі правініўся? Ці яны нялюдзі там, у раёне..."
Слухаць тое было не надта прыемна, але тыя скаргі ўжо не былі ў навіну Ягору. На сходах ён ужо наслухаўся рознага. I ён пачаў супакойваць маці, казаў, што, можа, спярша і труднавата будзе, але затым... Дзяржава дасць трактары і камбайны, дасць добрую жывёлу, гатунковае насенне, усё наладзіцца, і людзі зажывуць лепш, чым пры аднаасобніцтве. Маці, аднак, не верыла, хаця трохі і спакайнела.
"Ну, а як жа, сынок, ты з жаніцьбай? Надоечы Настачка прыбягала". — "Настачка? А чаго?" — "Пра цябе пыталася. Кажа, за ўсю зіму ні лістка, ні прывета. Як жа быць ёй? Сватаюцца да яе з Закарыцця, дык яна пытаецца пра цябе. А я ўжо думаю, лепей бы ты з ёй ажаніўся, усё ж свая, блізкая, а то яшчэ якая камсамолка местачковая акруціць. Во тады дасць Бог нявестачку на старасць". Ягор маўчаў і думаў: як у ваду глядзіць маці. Акручвае, лічы, акруціла яго местачковая не камсамолка нават, камуністка, што яму цяпер з суседняе вёскі Настачка. Так ён і сказаў маці. "Хай не чакае. Відаць, не судзьба нам сысціся". Маці зноў заплакала, мабыць, адчуўшы і тут благое.