Настрой яго сапсаваўся ад тае навіны пра Настачку, хаця што ўжо яму Настачка! Сядзеў у застоллі, еў, а з галавы не выходзіла Паліна, тачыла пытанне: што здарылася з ёй? I як цяпер яму быць? I якая яна да яго будзе?
Увечары прыехаў бацька з сястрой, абодва змакрэлыя, стомленыя і галодныя. Бацька пад'еў трохі, вылаяўся на Савецкую ўладу і пачаў смаліць свае самакруткі. Сястра Ніна ўсё дапытвалася, як ён і што, ці добрае ў раёне начальства, ці шмат моладзі і як тая адпачывае, ці часта танцы і ці ёсць у яго там хто. Ён адказваў скупа і, дагледзеўшы каня, сказаў, што хоча спаць. З даўно не адчуванаю радасцю лёг у свой знаёмы з дзяцінства скрыпучы ложак пад наклееным на сцяне малюнкам — паўстанне на браняносцы "Пацёмкін". Згледзеў там знаёмы, разварушаны бядою гурт матросаў і перапалоханых афіцэраў з наганамі, усміхнуўся. Радасць яго на тым скончылася. Мусіць, канчалася і юнацтва.
Назаўтра раненька ён паехаў.
Маці паплакала на развітанне, бацька панура маўчаў. А сястра сказала, што прыедзе перад Вялікаднем у адведкі. Паглядзець, можа, браток прыжаніўся да якой местачковай... Памерала яго будзёнаўку, якая ёй дужа спадабалася. Відаць, спадабалася і маці, якая аж перастала плакаць.
У выканкоме, як ён толькі прыехаў, адчуў — нешта здарылася. Сакратаркі Рымы не было за сталом, у прыёмнай наогул было пуста, на дзвярах Зарубы чырванела вялікая сургучная пячатка. Азевіч выскачыў у двор, там на розвальнях ля стайні сядзеў барадаты Волкаў, курыў цыгарку. Ягор кінуўся да старога фурмана "Што здарылася?" Той няўцямна паглядзеў на яго. "А нічога" — "Як нічога, дзе Заруба?" — "Зарубу ўзялі. Ноччу" — "Ну, а кажаце, нічога", — задрыжаў Ягор. "А што ж такога? Усіх бяруць. I Скублакова ўзялі. I Фідарзона. I ветэрынара таго аднарукага. I нас хутка паберуць. Маць яго туды!.. Во жысць настала!"
Падобна, сапраўды штосьці пачыналася адмысловае, ніколі не чутае. На месца Зарубы прыехаў нейкі мізэрны злы чалавечак, да якога адразу першым прыйшоў Мілаван. Паўдня да абеду яны аб чымсь раіліся, а назаўтра была склікана сесія. З'ехалася нямала народу, засядалі ў нардоме. Такіх, як Азевіч ці Волкаў, туды, вядома, не пушчалі, што там абмяркоўвалі, было невядома. Але раённая газета надрукавала шырокі, на ўсю старонку, загаловак-заклік: "Ворагам народа — ніякай пашчады", і ўсё было зразумела. Ніжэй быў артыкул, у якім ударнік з бровара выкрываў слепату раённага кіраўніцтва, што не ўбачыла між сабой ворагаў. Іншыя аўтары таксама заклікалі да пільнасці і яшчэ раз пільнасці. Вораг між намі! Азевіч цэлы дзень сланяўся па выканкомаўскім падворку, хадзіў па вуліцы. Падыходзіў і да нардома, дзе стаяла многа саней, вазкоў і розвальняў прыезджых з сельсаветаў членаў камітэта. Там жа было і ўсё райкомаўскае начальства, і камсамол, і жанаддзел. Ягор думаў, можа, пабачыць Паліну. Да змяркання не пабачыў нікога і, перакусіўшы ў пуставатай сталоўцы, паплёўся ў сваю стадолу.
А назаўтра яго паклікалі да камсамольскага сакратара Галадкова. Гэты энергічны і гаваркі хлапец з густым чорным чубам на галаве аб'явіў, што камсамолец Азевіч каапціруецца ў райком камсамола і залічваецца на пасаду інструктара. "Так што, таварыш, здавай свайго скакуна і прыхадзі на работу. Работы процьма, а кадры слабыя, не ўберагліся ад ворагаў, двух арыштавалі органы, трэба свежыя сілы з народа, з гушчыні сялянства, а Азевіч якраз такая сіла, годзе яму круціць конскія хвасты, трэ арганізоўваць моладзь на барацьбу за інтарэсы бальшавіцкай партыі і савецкага народа". Ён і яшчэ гаварыў нешта, усё ў тым жа сэнсе, а Ягор сядзеў, слухаў і думаў, што, можа, пакуль не позна паслухаць маці і даць дзёру ў вёску, дамоў. Ды не: мусіць, позна ўжо. Ходу назад, пэўна, няма.
I трэба ж таму здарыцца — з затлумленай галавой выйшаўшы з райкома, якраз на рагу вуліц сустрэўся з Палінай. Тая спынілася, неяк няўцямна ўставілася ў яго. "Ну, віншую! Правільнай дарогай ідзеш", — сказала яна. Але ранейшай прывабнай гуллівасці ў яе голасе ён не адчуў, нешта суровае і чужое стаяла ў яе вачах. I ён запытаўся: "Гэта ты памагла?" — "Я", — сказала яна проста. — "За тое, што тады напісаў?" — "Неа. Што будзёнаўскі шлем надзеў", — загадкава адказала яна і, не развітаўшыся, пабегла па вуліцы. Ягор пастаяў, не ведаючы, што думаць, як цяпер адносіцца да Паліны. Усё ж ён спрабаваў з ёй сустрэцца яшчэ і сустракаўся, але ўсё на людзях — то ў райкоме, то на вуліцы, і Паліна заўжды стрымана суха віталася, і не больш. Называла яго "таварыш Азевіч", — быццам забылася, як яго імя і як яна звала яго раней. Ён яе не называў ніяк. Клікаць Палінай было ўжо няёмка, а па прозвішчы таварыш Пашына не паварочваўся язык. Неяк, аднак, абыходзіўся.