Хай сабе Заруба быў і вораг народа і выкрыты белагвардзеец, але Ягор у яго сяму-таму навучыўся. Ну, хоць бы як выступаць. Наслухаўшыся за зіму ягоных прамоў, ён зразумеў, што галоўнае ў іх — упэўненасць. Не так важны словы, як важны тон, якім іх гавораць. Заўжды трэба настойліва, упэўнена, напорыста, не шукаць словы, не мычаць і думаць, а рэзаць першыя, што ідуць з языка. Тады будуць слухаць і будуць верыць. Бо як не паверыць таму, хто гаворыць гэтак упэўнена?
А гаварыць даводзілася процьму прамоў і выступленняў. Кожнага дня зноў раз'езды па вёсках, хутарах і сельсаветах, і скрозь — сходы, сходы, нарады, паседжанні. Азевіч хутка і без натугі спасцігаў сэнс новай работы, галоўным у якой безумоўна было паскараць тэмпы калектывізацыі. I яшчэ выбіваць выкананне планаў нарыхтовак збожжа, мяса, малака, яек, воўны і асабліва льну. Адны толькі льнонарыхтоўкі неслі столькі клопату, што ад іх круцілася ў галаве і не было спакою многія тыдні.
Часам у рэдкія вольныя вечары да яго ў пустую стадолу прыходзіў гаспадар гэтай дамоўкі стары Ісак. Сапучы астматычнымі грудзямі, сядаў на зэдлік у парозе і заводзіў даўгую і нудную гаворку, якую Азевіч не ведаў, як скончыць. Звычайна ён пачынаў з міжнароднага становішча, у якім яго найболей цікавілі праблемы сусветнай рэвалюцыі. "Калі ж гэта там паднімецца рабочы клас, ці не хопіць ужо яму спаць, цярпець сусветны буржуйскі прыгнет? Ды і мы тут марнеем, адны будуючы камуну, ды ходзім у дзіравых ботах". Азевіч спасылаўся на аб'ектыўныя прычыны ў гэтае справы, упамінаў здраду справе рэвалюцыі з боку сацыял-дэмакратаў, а Ісак, жмурачы цёмнае вока, уважліва слухаў яго тлумачэнне і зноў пытаўся: "Можа, вы скажаце, таварыш, чаму гэта спаборніцтва так шпарка разгарнулася, што мануфактуры няма ні ў мястэчку, ні ў горадзе, а чэргі, калі яе прывязуць, становяцца ад царквы да рэчкі?" Азевіч тлумачыў пра цяжкасці з вытворчасцю, а Ісак ужо меў новае пытанне: "Дзе мы будзем купляць яйкі, як калектывізацыю выканаем на сто працэнтаў? Во і цяпер дзесятак каштуе на рынку пяцёрку. Хіба гэтак было пры цару?"... Такіх і іншых пытанняў у яго было процьма, і, адказаўшы на першыя, Азевіч пачаў злаваць на гэтага яўрэя, які не спрачаўся, не абвяргаў яго тлумачэнні, цярпліва і да канца іх слухаў і пытаўся зноў. Ды так, што, відаць было — не надта той яму верыць. Хутчэй за ўсё не верыць. Але навошта тады пытаецца?
Органы між тым рэгулярна прарэджвалі раённае кіраўніцтва, хапалі ўвесну, хапалі ўлетку. Азевіч даўно ўжо не ламаў галаву над пытаннем: завошта або каго ўзялі? I ён, і ўсе навокал ведалі, што могуць узяць кожнага, абы знайшлася якая прыдзірка. Зрэшты, і без прыдзіркі бралі таксама. Тое было як лёс, як знянацкая благая хвароба. Між тым, не зважаючы на старанную працу ГПУ, работнікаў апарату не меншала, нават большала. У райком прыслалі новага першага — доўгага і худога, бы жардзіна з плота, таварыша Дашэўскага. Невядома, дзе ён рабіў раней, мусіць, на чыгунцы, бо з'явіўся ў чорным чыгуначным шынялі і чыгуначнай гімнасцёрцы. Твар меў хваравіты, худы і ў зморшчынах, але характар паказаў жалезны. Гэты зусім быў скупы на словы, выступаў рэдка, мала і брыдка, са смакам лаяўся. На кожнай нарадзе ён некага выкрываў, называў нацдэмам ці польскім шпіёнам, і таго ўночы бралі органы Мілавана. Апарат у таго таксама пабольшаў Аднекуль прыехалі два хлопцы-гэпэушнікі, якія пакуль што хадзілі ў цывільным і ўсё нешта вынюхвалі па канторах, гарталі дакументы, асабістыя справы і маўчалі. Служачыя са страхам пазіралі на іх і чакалі вынікаў.
Аднойчы ў рэдкую вольную нядзелю, прыехаўшы з раёна, Азевіч надумаў схадзіць у лазню. Там, аднак, сабралася чарга, і ён з венікам на каленях сядзеў на лавачцы побач з пяццю мужыкамі — чакаў. Было сонечна, цёпла, ужо распусцілася лістота на дрэвах, буяла вясна. Якраз у той час з лазні выйшаў распараны, счырванелы Мілаван разам з адным са сваіх новых хлопцаў. Выціраючы ручніком потную, свежа паголеную галаву, ён заўважыў Азевіча і кінуў яму: "Падыдзі". Ягор у думках паслаў яго на тры літары, але мусіў падняцца і павітацца. "Ты ўсё ў Ісака жывеш?" — запытаў гэпэушнік. "У Ісака" — "У яго, кажуць, пакой вольны?" — "Можа, і вольны, — сказаў Азевіч з палёгкай, што гаворка не пра яго — пра іншага. — Я ж адзін займаю". — "Ёсць, ёсць у яго яшчэ жылплошча", — казаў Мілаван, уладкоўваючы на лысай галаве форменны картуз з сінім верхам і чырвоным аколышам. Побач моўчкі стаяў з пакункам бялізны ў руках ладны, спартыўнай паставы яго супрацоўнік, уважліва слухаў. "Ты во што, Азевіч, пагавары з Ісакам. Трэба во таварыша Кмета ўладкаваць. Усё ж сям'я, двое малых, а жыць няма дзе. Пагавары з яўрэем. А заўтра скажаш". — "Добра, што ж, пагаварыць можна", — сказаў няпэўна Азевіч. "I ўгаварыць, — дадаў Мілаван. — Гэта табе наша заданне. Ад органаў. Лады?"