Яны пайшлі сабе з падворка да вуліцы, а Азевіч у думках зноў вылаяўся. Называецца, атрымаў заданне. Хай бы самі ішлі і гаварылі. I прасілі Ісака. Ён тады доўга, з асалодай мыўся, як дачакаўся свае чаргі, ленай хадой ішоў дадому, нібы адцягваючы момант непрыемнай размовы. Быў амаль упэўнены, што Ісак не пагадзіцца — нашто яму сям'я, ды яшчэ з малымі дзецьмі. Так у іхнім гародчыку разрасталіся кветкі, узышлі вяргіні, а з дзецьмі... Асабліва калі хлапчукі. Зноў жа і садавіна — некалькі яблынь расло за хляўкамі, хаця цвету ў тым годзе было не надта, яблык мелася быць небагата. Але хлопцы папораць астатнія, тое ён па сабе ведаў. Тым не менш трэба было пагаварыць з гаспадаром, хоць бы перадаць яму просьбу галоўнага іх гэпэушніка. I ён надвячоркам пастукаўся ў каморку да Ісака.
Мабыць, стары яўрэй таксама меў выхадны і сядзеў дома. Азевіч застаў яго ля стала з нейкаю чорнай кніжкай у руках і ў ярмолцы на галаве. Ісак не здзівіўся прыходу кватаранта, ветліва пасадзіў яго ў высокае, але вузкае крэсла з такім жа высокім падгалоўнікам. "Я да вас па справе, — адразу пачаў Ягор. — Кажуць, у вас ёсць вольны пакой..." — "Пакой? — здзівіўся Ісак. — Які гэта пакой? Гэта куратнік, а не пакой. Хіба ў такім пакоі можа жыць прыстойны чалавек? Во, паглядзіце самі, во, хадзіце сюды". Ён расчыніў дзверы ў суседні пакой і даў Азевічу зазірнуць туды. Ну так, пакой быў даволі нехуцавы — не то сенцы, не то кухня пры адным акенцы ў двор. "Разумееце, — сказаў Ягор, — упаўнаважаны ГПУ таварыш Мілаван просіць уладкаваць свайго таварыша. Сям'я, а жыць недзе".
Ісак пляснуў сябе рукамі па сцёгнах, неспакойна прабег вакол стала. "Ах, ах! Няма дзе жыць! А пры чым тут Ісак? Ісак што — багаты домаўладальнік? Я — халодны сапожнік. Што гэта, мой дом? Быў мой. А цяпер я сам тут кватарант, нічога не маю. Ні грошай, ні права, ні дроў. Адзін гэты кут". — "А ў іх і кутка няма. Двое дзяцей", — ціха ўставіў сваё Азевіч. Ісак прабег да парога, зноў да сцяны, зірнуў у акно. "Двое дзяцей, двое дзяцей... I ў мяне было двое дзяцей, я ведаю... Ба, ба, ба... Можа, прывязуць дроў, зімой цяплей будзе... Ну хай. Скажыце, хай! Што ўжо тут зробіш".
Азевіч зусім не ўзрадаваўся — хутчэй засмуціўся ад тае згоды старога гаспадара. Ну але, можа, так будзе лепш. Можа, з удзячнасці Мілаван перастане лезці да яго з сваімі патрэбамі. Ды не стане цікаваць за ім, як некалі за Зарубам. Тыя на ўсё здольныя. А з гэтым Кметам ён, можа, пасябруе нават. Калі па-суседску. Усё ж будзе знаёмы чалавек у іхніх органах, ад якіх, як ужо зразумеў Азевіч, не застрахаваны ніхто. Тым болей што ён чакаў прыёму ў кандыдаты партыі, усе дакументы аформіў, сабраў рэкамендацыі. Рэкамендацыі, апроч камсамола, далі загадчык аргаддзела райкома Скаблова, жанчына з іхняга сельсавета, нядаўняя настаўніца, а таксама ягоны таварыш па райкоме камсамола Яўген Вайцяшонак. Той ужо быў членам ВКП(б), але па службе не надта вылучаўся, можа, таму, што быў ад нараджэння кульгавы. А так увогуле здаваўся неблагім таварыскім хлопцам. Азевіч тым часам прывыкаў да новага камсамольска-партыйнага жыцця ў мястэчку, вёску часам успамінаў з сумам. Сумленне яго трохі тачылі ўспаміны пра Настачку, аб якой ён нічога не ведаў з зімы. Можа, ужо выйшла за каго замуж? Невялікі заробак, што ён атрымліваў, выдаткоўваў ашчадна, часам карміўся ў сталоўцы, а болей — па гаспадарках у камандзіроўках. Палініну будзёнаўку насіў да зялёнай травы і здзеў з неахвотай — дужа падабалася яму тая будзёнаўка. Вясной ён справіў сабе новую апратку: штаны-галіфэ і кортавую гімнасцёрку, якую пашылі ў арцелі. У такім напаўвайсковым выглядзе мала чым адрозніваўся ад іншых саўслужачых. Амаль усе пераймалі густы начальства і падладжваліся пад выгляд першага сакратара Дашэўскага, які зімой і ўлетку хадзіў у сваёй чорнай чыгуначнай гімнасцёрцы. Паліна зноў перайшла на працу ў местачковую школу, і ён рэдка бачыў яе. Але заўважыў, што яна стала зусім не той, якой ён некалі яе ўведаў. Найперш перастала займацца камсамольскімі справамі і яўна пазбягала Азевіча, пры выпадковай сустрэчы з якім суха віталася, і толькі. Ён дужа пакутаваў ад таго, але нічога з сабою зрабіць не мог. Здаецца, на сваю бяду, ён усё кахаў гэту незразумелую жанчыну.
Вельмі хутка пасля тае размовы з Ісакам у іхняй дамоўцы з'явіліся новыя кватаранты. Неяк надвячоркам Азевіч вярнуўся з раёна і, зайшоўшы на падворак, сутыкнуўся з двума хлапчукамі, якія адзін у аднаго адбіралі кіёк. Малодшы ўжо румзаў, але кійка не аддаваў, а старэйшы рашуча насядаў на яго, выкручваючы рукі. Паяўленне назнаёмага дарослага дзядзькі не суняла хлапчукоў, ягоны вокрык таксама не падзейнічаў на іх. Тады на ганку паявіўся іх бацька, гэпэушнік Кмет. Азевіч чакаў, што той падасца разнімаць сыноў ці хоць бы крыкне на іх. Але бацька хвіліну спакойна назіраў за бойкай, а пасля, як старэйшы адышоўся з кійком, пачаў ушчуваць малодшага: "Чаго равеш? Не смей плакаць! Ах, цябе пакрыўдзілі? Тады пакрыўдзі і ты. Біся да перамогі. Сілы мала? Нарошчвай сілу, вучыся ў старэйшага брата. I не румзай. I не ябеднічай. Закаляй волю. Мужчына ты або трапка? Ах, мужчына? Ну дык дагані брата і дай яму ў хрыбет...". Ягор з цікавасцю слухаў бацькоўскую навуку — для яго тая навука была навіной. Дома, калі ён часам крыўдзіў сястрычку, бацькі дужа сварыліся на яго. А тут, мабыць, іншая мараль. Перадавая мараль новага часу.