Болей яны пра тое не гаварылі, Азевіч паехаў па вёсках і думаў, што, мабыць, трэба саступіць. Во зробяць тое, што зрабілі з Ісакам, гэтыя ні перад чым не спыняцца. Вяртаючыся на фурманцы з Вайцяшонкам, сказаў, што мусіць шукаць кватэру. Вайцяшонак яго зразумеў. Сказаў толькі: "Рабі лататы, і найхутчэй. Пакуль што можаш у мяне пажыць. Пакуль дачка ў цешчы". У той жа вечар Азевіч сабраў у тарбіну сваё небагатае майно і перайшоў да Вайцяшонка. У стадолу, якая на год дала яму прытулак, ён болей не заглянуў ні разу.
У Вайцяшонка ён пражыў тыдзень ці трохі болей, пакуль ягоная жонка-настаўніца не напытала Ягору кватэру праз чатыры хаты ад сваёй на той жа вуліцы. Гэта была старэнькая, урослая ў зямлю хацінка на нізкім беразе рачулкі, буйна аброслай лазняком ды алешнікам, жыла ў ёй ціхенькая, бы матылёк, старая бабка Мальвіна, палавіна хаты была пустая. Там і пасяліўся Ягор.
Аднак тым разам у Мальвінінай хатцы ён пражыў нядоўга — з Менска прыйшла папера паслаць аднаго райкомаўца на камсамольскія курсы. Першы сакратар, канешне, прызначыў Азевіча як самага маладога, да таго ж той прыкметна недабраў граматы ў школе, і Азевіч тры месяцы пражыў у гаманкім інтэрнаце каля Нямігі, зубрыў бальшавіцкую навуку, нічога навакол не прыкмячаючы — ні горада, ні тэатраў, ні нават дзяўчат. Было цяжка, часам невыносна, але ён стараўся з апошніх сіл, трэба было набрацца бальшавіцкай навукі, стаць нароўні з іншымі.
I вось позняю восенню, па зазімку, ехаў на сялянскай фурманцы са станцыі. У ягонай кішэні ляжала невялічкая паперка-даведка, якая, безумоўна, сведчыла, што ён няблага адукаваны, асабліва па камсамольскай справе, вывучыў усе тонкасці арганізацыйна-маладзёжнай работы і яшчэ што-нішто з тэорыі марксізму-ленінізму. Экзамен па філасофскай працы таварыша Сталіна "Пытанні марксізму-ленінізму" ён здаў на "выдатна" і лічыў сябе тэарэтычна падрыхтаваным. Прынамсі, не горш за сваіх ранейшых сяброў па камсамолу, якія хоць і прыйшлі сюды з настаўнікаў, але такіх курсаў ніхто з іх не скончыў. Аднак ён трохі сумняваўся, ці трапіць на сваю ранейшую пасаду ў райкоме — усё ж мінула тры месяцы, і, мусіць, пасаду інструктара для яго не трымалі. Узялі іншага. А куды прызначаць яго?
У іхнім райкоме камсамола (пра тое ён чуў яшчэ ў Менску) тым часам адбыліся некаторыя змены, прыйшоў і новы першы сакратар, якога Азевіч не ведаў і нават не бачыў ніколі. Гэта быў даволі жвавы і ўедлівы хлопец па прозвішчу Маладцоў, які адразу ўчыніў яму беглы экзамен па палітграмаце. Экзамен гэты Азевіч вытрымаў лёгка, бо ўсе тыя пытанні пра змычку горада з вёскай, ролю камсамола ў калектывізацыі, пра рашэнні XV з'езда ВКП(б) ён ведаў адмыслова — з газет і нядоўгіх заняткаў на курсах. Ты больш, як хутка адчуў Азевіч, гэты камсамольскі сакратар сам быў не надта каб палітычна падкаваны і зблытаў апошні пункт рэзалюцыі з абвесткай работы з'езда. Ну але ў такіх справах Азевіч ужо быў спрактыкаваны і лёгка, як бы з прабачэннем, паправіў сакратара райкома. Размова скончылася тым, што Азевіч папрасіўся на якую работу ў камсамоле. Сакратар трохі паморшчыўся, сказаў, што пра тое яму трэба параіцца з партыйным кіраўніцтвам, а вось на лесапільню кіраўніком тамашняй камсамольскай ячэйкі ён можа яго накіраваць хоць сёння. Лесапільня, канешне, не надта вабіла Азевіча, ён трохі разумеў, якая там была праца, але пагадзіўся. Калі часова, канешне, тым і дамовіліся. Шукаць у мястэчку кватэру яму не спатрэбілася. Мальвініна хатка па-над рэчкаю была не занята, і бабка з прыкметнаю радасцю прыняла яго, нават добра напаліла печку на ноч, што раней рабіла нячаста.