Ужо на другі дзень зранку новы сакратар падаўся на лесапільню. Там быў немалы калектыў працаўнікоў і ячэйка КСМ, але не было сакратара. Куды той прапаў, Азевіч дазнаўся пасля, а тады нетаропка крочыў акрай мястэчка за лазню. Чуваць было, дзесьці там дыхавічна пыхкаў стары паравічок і раз-пораз вісчэла піла-цыркулярка. У той жа вечар камсамольцы лесапільні без вялікага абмеркавання абралі яго сакратаром, а назаўтра ён ужо ўпрэгся ў працу па распілоўцы хваёвых бёрнаў — працу нялёгкую, па плячы хіба што маладым, дужым хлопцам. Ды ён і быў малады і дужы, цяжкая праца яго не палохала. Горш было з людзьмі, асабліва маладымі, нават некаторымі камсамольцамі, у якіх яшчэ жыла процьма старых, прыватнаўласніцкіх звычак; некаторыя не супроць былі выпіць, схадзіць куды патуляцца з местачковымі дзеўкамі або на танцы ў бліжнюю вёску. Многія святкавалі рэлігійныя святы — шчоўкалі арэхі на Каляды. Трэба было нямала настойлівасці, каб прынадзіць іх да вучобы па палітграмаце, прывіць ахвоту да лекцый і дакладаў, да антырэлігійнай прапаганды. Ён сам спаў не болей чатырох гадзін у суткі, бо, апроч працы на лесапільні, яшчэ нямала часу (асабліва па вечарах) праседжваў на розных нарадах у райкоме, а то ездзіў з кім-небудзь па раёне арганізоўваць калгасы ці выбіваць план па льнонарыхтоўках. Для ўмацавання працоўнай дысцыпліны і прывіцця бальшавіцкіх навыкаў працы ў канторы павесілі вялікую фанерную дошку, адна палавіна якой была пафарбавана ў чырвоны колер, а другая ў чорны. Гэтая простая рэч адыграла немалую ролю таксама ў сацыялістычным спаборніцтве, якое разгарнулася на лесапільні. Трапіць на чорную палавіну аказалася такой ганьбай, што разы два некаторыя аж біліся з учотчыкамі, то паміж сабой, а болей з тымі, хто трапляў на чырвоную. Дырэктар лесапільні Хвошч хацеў нават зняць дошку, але камітэт камсамола стаў за яе гарой і не даў зняць, толькі перавесілі яе з калідора ў бухгалтэрыю, бо ў калідоры разоў колькі хлопцы перапісвалі прозвішчы па-свойму. Справы на лесапільні і ў ячэйцы сапраўды патроху наладжваліся, праз які месяц Азевіча ўжо хвалілі ў райкоме — за актывізацыю заняпалай ячэйкі. Разоў колькі на лесапільню наведваўся таварыш Маладцоў, часта бываў на сходах інструктар Вайцяшонак. З гэтым апошнім Азевіч працягваў ранейшае сяброўства, тым болей што жылі па суседству, хоць і не рабілі разам. Азевіч тым часам ужо прывык да свае новай кватэры ў ціхай бабкі. Хатка была нехуцавая, аброслая кустоўем, затое то быў ціхі, утульны куток збоч вуліцы. Жывёлы якой бабка не мела, апроч хіба ласкавай белай кошачкі, што дужа палюбіла кватаранта і як толькі ён прыходзіў дамоў, кідалася яму ў ногі, лашчылася ды загадкава мяўкала. Зрэшты, Азевічу рэдка выпадала лашчыць кошку. Хацелася паспаць хоць колькі гадзін, увесь астатні час ён гібеў на сваёй лесапільні, дзе была процьма працы, людской калатнечы і клопату.
Клопату куды пабольшала, як на лесапільню для працоўнага перавыхавання прыслалі нацдэма Дарошку.
Гэты Дарошка таксама жыў у мястэчку, настаўнічаў у школе і хоць быў куды старэйшы па гадах за Азевіча, але праяўляў дужа вялікую актыўнасць у грамадскім жыцці моладзі, асабліва ў нардоме, дзе ён усю зіму ставіў смешныя п'есы на беларускай мове. Пастаноўкі тыя часам нават падабаліся Азевічу, і ён стараўся, калі быў час, схадзіць на спектакль, глядзеў і "Паўлінку", і "Мікітаў лапаць", і "Пінскую шляхту". Мабыць, Дарошка быў неблагі рэжысёр і нават як актор выконваў на сцэне камічныя ролі. У той зімовы дзень, як ён упершыню завітаў на лесапільню, Азевіч працаваў на распілоўцы, калі нехта паклікаў яго да прахадной, кажа: пытаецца настаўнік са школы. Напярэдадні Азевіча ўжо папярэдзілі ў райкоме, што прышлюць Дарошку, і ён неўзабаве ўбачыў настаўніка, які ў лёгкім палітончыку і капелюшы стаяў на прахадной, пастукваючы абцасікамі наваксаваных шчыблетаў (быў ніштаваты марозік), рукі хаваў у кішэні, і сподак, канешне ж, не меў. Што было з ім рабіць на лесапільні? Азевіч спярша хацеў адаслаць яго ў кантору, але падумаў: якое ж працоўнае перавыхаванне ў канторы, і ён выправіў нацдэма на сыравінны склад. Дарошка не адмаўляўся — узяў сякеру і пайшоў да брыгадзіра Сугодзіча, той прыставіў яго да вялізнага аснежанага штабеля бёрнаў, якія трэба было ашкурыць. Праз паўгадзіны ўсе, хто апынуўся паблізу, з вясёлым здзіўленнем пазіралі, як гэты настаўнік няўмела махае сякерай над абмерзлым бервяном, і Азевіч падумаў, што так нядоўга секануць па калене і застацца калекам. З такім яго працоўным навыкам. Але шкадаваць Дарошку не стаў — калі нацдэм, дык якое ж шкадаванне! Трэба было думаць, як перавыхаваць яго, бо, мабыць жа, адной працай тут не абыдзешся, трэба было весці з ім нейкую палітработу, настаўляць на правільны шлях. Толькі як?