Мабыць, апоўдні Азевіч выбраўся з лесу на вузкі і доўгі лугавы прасцяг з крывулястай рачулкай пасярэдзіне. Тут дарожка скіроўвала ўлева краем лугавіны, і ён, паазіраўшыся, таксама пайшоў налева. Снег тым часам ужо перастаў лётаць у паветры, з нізкага неба трошкі нібы церушыла слатой, але вецер быў ціхі, дзьмуў ззаду, ісці ён не дужа замінаў. Праўда, Азевіч ужо прытаміўся, хацелася есці, у намоклых ботах ацежалелі ногі, і як ён згледзеў наперадзе на ўскрайку лугавіны стажок, дык і павярнуў да яго. Відаць было, стажком ужо пакарыстаўся хтосьці, аднізу ўбаку цямнелася неглыбокая выскубіна, у якую Азевіч і ўваліўся спіной, выцягшы долу стомленыя ногі. На хадзе ўвесь час замінала палявая сумка Гарадзілава, ён перакруціў яе ззаду наперад, каб ямчэй было сядзець, і падумаў: чаго гэта туды напіхаў нябожчык? У цяжкай сумцы, аднак, былі спрэс паперы: нейкія палітычныя брашуры з даўжэзнымі назвамі на сініх вокладках, пацёртыя вучнёўскія сшыткі з планамі палітычных мерапрыемстваў, гутарак, напісаная хімічным алоўкам прамова да кастрычніцкай гадавіны, яшчэ нейкія паперы з зацёртымі запісамі. Вядома, Гарадзілаў быў трохі фармаліст, і Азевіч ажно падзівіўся, што ўсё гэта той месяцамі насіў на сабе ў сумцы. Ці не лепш было спаліць паперы, бо сэнсу ў іх было ўрэшце не шмат, падумаў Азевіч. Групы няма, усё рассыпалася, пагінула, разбрылося. Ён, Азевіч, застаўся ці не апошні з іх дваццаці двух раённых работнікаў, якія тры месяцы таму на золаку ціха выбраліся з мястэчка, каб распачаць народную вайну супроць захопнікаў. Распачаць дык распачалі, але во як скончылі. Даўжэй за ўсіх трымаліся яны з Гарадзілавым, які, канешне ж, адчуваў сваю адказнасць за групу як камісар, асабліва пасля гібелі Віткоўскага, ды нешта ў яго не заладзілася з людзьмі, тыя яго не надта каб слухалі. Мабыць, групе болей стасавала маўклівая зацятасць камандзіра Віткоўскага, які за ўвесь дзень, бывала, не вымавіць трох фраз, болей дацінаў каго позіркам ці часам кароткім злым мацюгом, і на дзіва яго разумелі. Гарадзілаў жа стараўся ўсё растлумачыць, давесці да свядомасці — ці чыю правінку, ці агульны іх абавязак перад радзімай, ці кожнаму ягоную задачу ў іх агульным заданні. Ужо бывае ўсё ўсім зразумела, а Гарадзілаў усё тупае перад іх кароценькім строем і тлумачыць, тлумачыць. Скончыць, запытаецца: "Усім ясна?" Усім усё зразумела, а ён зноў пачне новы круг тлумачэнняў. Віткоўскі ў такіх выпадках стаіць побач нязрушна і моўчкі, толькі сочыць, каб ніхто не парушыў строй і ўсе ўважліва слухалі камісара. Гэты болей любіў вайсковыя каманды, найбольш папулярнымі з якіх былі ў яго "Падцягнісь", "Разгаворчыкі" ды "Шырэй шаг!". Сам хадзіў роўна і лёгка, падаткнуўшы пад дзягу полы шыняля і пагардліва пазіраючы на камісара, які валюхаста клыпаў побач ці ў канцы калоны, ссунуўшы са спатнелага лба свой пакамечаны картуз.
Мякка і зручна ўмясціўшыся ў сене, Азевіч раздумна перабіраў камісараву сумку, на сподзе якой знайшоў маленькі пахучы абмылак з загорнутым у паперку памазком ад брытвы — і зноў склаў усё ў сумку. Канешне, камісаравы дакументы трэба было б зберагчы, калі іх збярог Гарадзілаў, — несці з сабой ці лепш закапаць дзе ў здатнай мясціне. Тошчы пацёрты камісараў кашалёк з трыма савецкімі чырвонцамі ён запіхаў у цесную кішэнь свайго фрэнча, які насіў да вайны і цяпер, у вайну, таксама. Фрэнч быў зручны, з кішэнямі на грудзях, зашпільваўся да падбароддзя. Амаль з такога ж матэрыялу цяпер быў і картуз на яго галаве — чым не вайсковец?
Але, мабыць, ужо не вайсковец і не партызан нават — здаецца, пакуль што з партызанкай не выйшла нічога. Мабыць, трэба дзесь пераседзець, перахавацца, звязацца з вышэйшым кіраўніцтвам, далажыць, як і што адбылося ў іх з такім драматычным зыходам. I хто вінаваты? Але каго ўжо вінаваціць, калі абодвух начальнікаў няма ў жыцці, а людзі?.. Людзі на дзіва аказаліся розныя. I хто б падумаў! Як збіралі групу, тады ўсе здаваліся такія патрыёты, бальшавікі, свае, знаёмыя, без аніякіх сумненняў гатовыя на ўсё — на жыццё і на смерць, дзеля перамогі. Але во як прыпёрла бяда ля Макрынскага балота, калі іх акружылі нямецкія жандары і яны нейкім цудам усё ж прарваліся — братоў Фесякоў не засталося і следу. Таксама харошыя былі хлопцы, маладыя і здаровыя, да вайны рабілі ў леспрамгасе, старэйшы — нават майстрам участка, добра ведалі тутэйшыя лясы,— мусіць, тым і пакарысталіся ў здатны для сябе час. Не далічыўшыся іх, як вырваліся з акружэння, камандзір паслаў двух партызан шукаць братоў, думалі, мо дзе адсталі параненыя. Праз суткі вярнуўся адзін Клыпаў, другі ж, малады камсамолец Лёня Полазаў, быў забіты ў засадзе. А праз тыдзень дачуліся, што гэтыя Фесякі ўжо дома, у мястэчку, выбіраюць з жонкамі бульбу на агародах і ніхто іх не чапае — мабыць, ужо павініліся ў паліцыі. Пачуўшы тое, Віткоўскі толькі скрыгануў зубамі, а Гарадзілаў сказаў, што нядоўга паядуць яны тае бульбачкі. Аж во мінуў месяц, не стала ні Віткоўскага, ні камісара, а Фесякі ўсё ядуць сваю бульбачку ў мястэчку — і вараную і смажаную, у мундзірах і ў клёцках. Пякуць дранікі з салам...