У цэху зноў усе прыціхлі, мабыць, гэты довад Каламашкі быў зразуметы як правільны, і Азевіч не ведаў, як тут паставіць сябе, тым больш што Дарошка таксама нешта буркнуў пад нос і стаяў, угнуўшы галаву, нібы ў здранцвенні. Мусіць, трэба было прымаць рашэнне, яно было нарыхтавана ў паперцы ў Азевіча, але ў той час да яго нахіліўся Цецярук, загадчык лесапільні, і сказаў, што рашэнне трэба адкласці. Чаму адкласці, Азевіч не зразумеў, але старшыня сходу ўжо аб'явіў, што рашэнне аб перавыхаванні грамадзяніна Дарошкі адкладваецца на пасля, і сход перайшоў да наступнага пытання — збору сродкаў для зняволеных па лініі МОПРа.
Трохі расхваляваны і нават раззлаваны, Азевіч тупаў у вечаровых прыцемках дадому. Пасля сходкі яго затрымаў Цецярук з Петраковым — усё наконт Дарошкі, тлумачылі, што таму не пашкодзіць яшчэ пару месяцаў парабіць у рабочым калектыве, маўляў, яшчэ не перавыхаваўся. Але чаму не перавыхаваўся, таго яны не сказалі, мабыць, самі не ведалі; Азевіч жа, які ведаў болей за іншых, пачынаў думаць, што таму і перавыхоўвацца не было чаго. Ніякіх шкодных ці там варожых намераў ён не чуў ад Дарошкі, а веды... Ведаў ягоных ад таго, што ён папрацуе на пагрузцы ці на тралёўцы, у яго не зменшае. Калі б не паболела нават. Але во паспрабуй дакажы тое цвердаскураму Каламашку. Ці загадчыку нават.
На рагу ля местачковай сталоўкі, куды скіраваў Азевіч запознена павячэраць, ён нечакана сутыкнуўся з Мілаванам. Той, мабыць, знарок выглядваў яго, бо адразу, павітаўшыся, павярнуў у ягоны бок. "Што, у сталоўку?" — "У сталоўку", — пацвердзіў Азевіч, адразу сцяміўшы, што тая сустрэча не так сабе. "Дык вячэрай і зайдзі да нас. Справа ёсць", — сказаў Мілаван і перайшоў на другі бок вуліцы. Не спадабалася тая сустрэча Азевічу, ён ужо стаў здагадвацца, якая ў іх была да яго справа. Добра выгаладаўшыся за дзень, ён, аднак, без вялікай увагі з'еў талерку гуляшу ў пуставатай сталоўцы, запіў цёплым чаем і выйшаў на вуліцу. Надта не хацелася яму ісці ў той белены папоўскі дамок пад ліпамі, але і як было не пайсці? Трохі павагаўся і таропкім крокам пайшоў — мусіць жа, яго там чакалі.
I праўда, чакалі. За сталом, пакрытым усё тым жа чырвоным, толькі ўжо ў плямах паркалём, сядзеў зябка ахінуты шынялём Мілаван, з-пад ілба строга зірнуў на яго і, не адказаўшы на ягоны "вечар добры", папракнуў: "Змушаеце чакаць". Азевіч змоўчаў, зразумеўшы папрок, прысеў на табурэт. Мілаван выкруціў трохі кнот у вялікай лямпе, што вісела над сталом, у пакоі стала відней. "Ну, як сабранне? Перавыхавалі нацдэма?" Азевіч стрымана адказаў, што сход вырашыў адкласці гэтае пытанне на потым. "Чаму ж на потым? Вы што ж, будзеце яго перавыхоўваць да перамогі сусветнай рэвалюцыі? Хто вам дасць столькі часу?" Азевіч памаўчаў, згадваючы, як лепш адказаць гэтаму прыдзіру-начальніку, які, утаропіўшы ў яго нахмураны позірк, чакаў. "Ці ён не паддаецца перавыхаванню?" — "Не, чаму? — сказаў Азевіч. — Працуе няблага". — "Працуе! Працаваць ён будзе, куды дзенецца. А вось што ён гаворыць? Пра свой нацдэм што гаворыць?" — "Пра нацдэм не вельмі..." — "Не вельмі? А ты хацеў, каб яшчэ і вельмі? Сувязь з кім трымае?" — "Сувязь? — здзівіўся Азевіч. — Якую сувязь?" Пра сувязь ён нічога не чуў, але Мілаван тут жа задаў новае пытанне: "З Дударом бачыўся?" — "З якім Дударом?" — не зразумеў Азевіч. "З пісацелем Дударом. На пачатку лютага прыязджаў да яго. Ці вы там разам былі? Можа, ён і вас ужо ўцягнуў у тую зграю?"
Трохі памарудзіўшы з адказам, Азевіч прыпамятаў адзін нядаўні выпадак — сапраўды на пачатку лютага. Неяк у выхадны ён забег да Дарошкі, каб аддаць часопіс "Полымя рэвалюцыі", які браў надоечы з цікавасці да артыкула Лукаша Бэндэ, і ў парозе сутыкнуўся з незнаёмым хлопцам у кажушку, той ужо развітваўся з гаспадаром. Тады ён толькі і пачуў адну фразу: "Дык напішыце, калі што". Хлопец пайшоў, а Азевіч, калі яны засталіся ўдвух, запытаўся пра яго, і Дарошка неахвотна адказаў: "Ды так, прыезджы адзін". Мабыць, то і быў Дудар, пісьменнік. Але што цяпер мог Азевіч? Схлусіць, што ні з кім не страчаўся, у яго не хапіла адвагі — а раптам гэтыя ўсё ведаюць? I ён коратка расказаў пра тую сустрэчу на парозе.