"Значыць, сказаў: напішыце? А пра што напішыце?" — утаропіўся ў яго Мілаван.
"Во гэта не ведаю", — прастадушна цепнуў плячыма Азевіч. "Дык мы ведаем, — холадна сказаў гаспадар пакоя. — Пра нацдэмаўскую агітацыю. Да, да... Агітацыю на лесапільні. А ты думаў! Во што, бяры ручку і пішы". Рашучым жэстам ён падсунуў да госця чарніліцу з ручкай на беражку, паклаў аркуш паперы. "Што пісаць?" — "Што чуў, прыйшоўшы. Пра змову весці нацыяналістычную агітацыю". — "Дык я ж не чуў нічога", — разгубіўся Азевіч. "Ах, не чуў? Ці не хочаш паведаміць? Але ўспомні Зарубу!"
Азевіч знерухомеў, адчуўшы, як па ягоным целе забегалі мярзотныя мурашы, — сапраўды стала боязна. Ён і без напамінку добра памятаў свой колішні подпіс — лёс старшыні выканкома заўжды стаяў перад ягонымі вачыма. I ён ціха, але цвёрда сказаў: "Не, пісаць нічога не буду. Я нічога не ведаю". — "Не ведаеш?" — "Не ведаю". Мілаван тады ўскочыў за сталом, дужа грукнуў па ім кулаком і закрычаў, завісчэў — напружыўшыся сваім хілаватым целам: "Ды ты думаеш, што гаворыш? Ты адмаўляешся дапамагаць органам выкарчоўваць беларускіх фашыстаў! Ты іх абараняеш! Ты сам даўно ў іхняй арганізацыі! I ўжо выконваеш іхнія заданні..."
Азевіч сядзеў моўчкі і чуўся ні жывы ні мёртвы ад разлютаванага крыку гэтага начальніка, які ва ўсе бакі тузаў сваёй голенай галавой на вяртлявай жылістай шыі. Але Азевіч ужо трохі адышоўся ад першага спалоху, маўчаў і думаў: "Крычы, крычы! Хоць пасіней!.." Ды гэпэушнік не пасінеў, а неяк на паўслове спыніў крык і закашляўся. Кашляў доўга, нібы пры коклюшы, крыху перапыняўся, харкаў кудысьці пад стол, выціраў рот скамячанай насоўкай і пачынаў кашляць зноў. "Ці не сухотны?" — без жалю падумаў Азевіч. Падобна, аднак, у таго пайшла кроў, бо, чарговы раз харкнуўшы пад стол, ён выцерся, зірнуў у насоўку і махнуў на яго рукой — ідзі! На парозе Азевіч пачуў: "Яшчэ паклічу!" — і хуценька выскачыў на ганак.
Ушчэнт знясілены, ён ледзьве датупаў тады да свае халупы над рэчкай, не распранаючыся сеў ля стала, сядзеў, думаў. Пацершыся аб яго ногі, ціхенька ўселася на падлозе ласкавая бабчына кошка, а ён усё думаў. Можа, кепска зрабіў, што не паслухаўся Мілавана, мо цяпер пасадзяць самога? I не ведаў ён, як яму цяпер быць з Дарошкам? Можа, зараз пайсці да яго і расказаць, што ад яго дамагаліся ў аддзеле. Але што падумае пра яго Дарошка? Урэшце не стрываўшы адзіноты ў хаце, выйшаў на двор і паплёўся да Вайцяшонка. Той у сподніках адчыніў дзверы, упусціў яго на кухню, і Азевіч сцішана расказаў яму пра свае вечаровыя прыгоды. Вайцяшонак пакутна маўчаў, бы нямы, аж стала няёмка. Толькі бліскаў на яго пакутным позіркам пры цьмяным святле газнічкі. Тады Азевіч сказаў, што, мабыць, трэба папярэдзіць аб тым Дарошку, ад чаго Вайцяшонак ажно падскочыў на ўслоне. "Ні ў якім разе! Ты што! Загубіш сябе і Дарошку не паможаш. Павер мне, ужо я ведаю". Азевіч паверыў: усё ж ягоны сусед рабіў у райкоме, не тое што ён — на лесапільні.
На тым яны і развіталіся, а назаўтра, прыйшоўшы на працу, Азевіч дазнаўся, што нацдэма ўзялі. Людзі ўжо ведалі, за што. Нібыта рыхтаваў дыверсію на лесапільні і наогул быў польскі шпіён. Толькі прыкідваўся беларусам. Азевіч слухаў, што пляткарылі людзі, і думаў: наконт польскага шпіёна — лухта. Ён прыпамятаў адну размову з Дарошкам, як той дужа наракаў на палякаў за іх даўнія намаганні завалодаць беларускімі землямі. Не любіў нацдэм палякаў, то пэўна. А наогул ён не ведаў, як адносіцца да Дарошкі, шкадаваць яго або не. Часам Азевіча брала злосць, што праз яго столькі наперажываўся гэтай зімой. Часам з'яўлялася ціхае задавальненне, што ўсё ж не прычыніўся да ягонай пасадкі. Увогуле Азевіч паводзіў сябе з ім сумленна: калі не абараняў, дык і не паддаваў ні ў чым. Усё папраўдзе, не тое што з Зарубам. Гісторыя з Зарубам з'явілася для яго добрым урокам, ён не забудзе яе да смерці. Але Мілаванава абяцанка паклікаць яго яшчэ надоўга атруціла яму жыццё. Ён са страхам чакаў таго выкліку кожны дзень на працы, ідучы дадому, бываючы ў райкоме, дзе на вуліцы ці нават уначы ў ціхай бабчынай хаціне над рэчкай. Тое пакутнае чаканне працягвалася доўга, ды Мілаван чамусьці не клікаў. А пасля паклікалі, відаць, самога Мілавана. Казалі, паехаў на нараду ў Менск, з якой так і не вярнуўся. Ні праз дзень, ні праз месяц. Знік без следу і гуку.