...На нейкі няпэўны час Азевіч нібы выпаў з жыцця, напэўна, страціў усялякае адчуванне явы і быў ці то ў сне, ці ў трызненні, а можа, у мінулым, якое таксама было не лепшае за самы пакутны сон. Як некалі ў дзяцінстве. Звычайна ўсё ішло ад пачуцця адзіноты, пакінутасці ў цёмнай хаце, яго ахопліваў страх, ён баяўся немаведама чаго. I ў той яго страх паступова ўваходзіў нехта знадворку, нехта варушыўся за акном. Ягор заплюшчваў вочы, а як расплюшчваў, бачыў за шыбінай цьмяную касмылявую морду, то, канешне, быў воўк. Ён стрыкаў вушамі, напружана зазіраў у акно невядома з якім намерам, можа, каб улезці ў хату. Ад страху Ягор нібы прачынаўся, але навакол была тая ж адзінота, толькі Ягор пачуваўся зусім не дзіцем — цяперашнім дарослым чалавекам, але ўсё роўна яго апаноўваў той даўні дзіцячы страх — пакутны страх, якога немаведама як было пазбыцца. I зноў ваўчыная пыса за цьмяным акном. Хіба ў адрозненне ад дзіцячага сну цяпер ён не прачнуўся — ён проста не меў сілы на тое — і трываў, пакуль здані прывіднага самі па сабе не змарнелі, не сышлі на іншае — такое ж цьмянае, невыразнае, але па-ранейшаму страхавіта-пакутнае.
Дзіва, але ён не мог саўладаць з сабой, не мог намагчыся прачнуцца. Ён нібы зачапіўся дзесь на мяжы прывіднага сну і явы, адчуваючы толькі, што яму кепска. Нават дужа кепска. Што і дзе балела, таго Азевіч уцяміць не мог, проста яму было блага — можа, болей у змэнчаных пачуццях, чымсьці ў целе. Хаця і цела ўспрымалася ім як суцэльны немачны боль. Дужа хацелася піць, унутры, здавалася, усё ссохла, і было то горача, то так сцюдзёна, што на ім хадуном хадзіла гарохавінне, пад якое ён закопваўся ўсё глыбей і глыбей. Толькі наўрад ці ён адчуваў тое, таксама як не адчуваў ужо, дзе ён апынуўся. У тлумным трызненні мроілася нейкая даўніна, штось з даўно перажытага; надта пакутнае, яно перапынялася ягоным фізічным, не меней пакутным пачуццём. I толькі краёчкам свядомасці на кароткі час ён цяміў сваё лаўжо ў шархоткім каляным гарохавінні, наўрад ці разумеючы, як і калі ён трапіў у яго. Як трохі вальнела і мешаніна прывідаў адступала ў сваёй выяве, пачуцці зноў апаноўвала страхам ад усведамлення таго, што ён хутка памрэ. Памрэ, як памёр Гарадзілаў, бо хвароба магутна ўхапіла яго сваёй кашчавай рукой, адабрала сілу і нават волю да паратунку.
Ён не ведаў, колькі мінула часу, як ён запоўз сюды, і наогул які цяпер час, толькі аднойчы раптам расплюшчыў вочы і ўбачыў, як рэзка блішчыць побач шчыліна між бярвення, з якой пругка б'е вецер. Убачыў рэдкую крапанку гарохавіння ля твару, штосьці падумаў ці, можа, памкнуўся падумаць і зноў упаў у нябыт.
Другі раз яго пабудзіў голас, здалося, выразна, бы наяве, штосьці гукае нябожчыца маці. Адчуўшы сябе дашчэнту скалелым і спакутаваным, ён, аднак, хутка згубіў той голас і зноў упаў у праваліну пакутна санлявай знямогі. Гэтае чаргаванне забыцця і цьмянае явы працягвалася доўга, нібы бясконца, і бясконца доўжыліся ягоныя пакуты. Іншы раз ён лавіў сябе на тым, што імкнецца крыкнуць, тады сам палохаўся тае магчымасці і нейкім падсвядомым імкненнем вырываўся з непрытомнасці. Шчыліны ўжо не было побач, мабыць, трызнячы, ён скінуў з сябе гарохавінне і павярнуўся ці споўз да самай сцяны. У пуні развіднела, відаць стала змрачнаватае саламянае падстрэшша з трыма ластаўчынымі гнёздамі ля кроквы. Пад імі на бэльцы сядзеў шэры, з натапыраным пер'ем верабейка, напружана ўзіраўся ўніз, якраз у самы ягоны твар. Як Ягор цепнуў вачмі ці варухнуў чым, верабейка жвава чырыкнуў, разы два пераскокнуў з месца на месца па тоўстай счарнелай бэльцы. То была першая адзнака жывога і ў ёй праява хілай надзеі — можа, яшчэ ён неяк выкараскаецца. Азевіч варухнуў рукой, нібы вітаючы верабейку, і той, ціўкнуўшы, сарваўся з бэлькі і знік за высокай гарой саломы на тым канцы пуні.
Ветраную ціш у пуні, здаецца, парушылі нейкія новыя гукі — шархаценне, ці што, але чуліся яны за сцяной знадворку. Азевіч расплюшчыў вочы — у шчыліне між бярвення хіснуўся і замёр нейкі цень, быццам спыніўся хто. Тады ён скасіў позірк убок па шчыліне, і праўда, ля сцяны на момант мільганула чорная постаць з настырчанымі вушамі, прыціхла, штосьці паслухала і знікла. То быў сабака. Добра, што не забрахаў, падумаў Азевіч, але, мусіць, учуў яго тут. А можа, не ўчуў, можа, так сабе ходзіць па загуменні. Азевіч заплюшчыў вочы — было не да сабакі. Што ўжо яму сабака?
Між тым яго магутна скаланула дрыжака, стала нясцерпна холадна. Ён сцяўся, скорчыўся і ў апошнім намаганні шаснуў глыбей у гарохавінне, ледзьве стрымліваючы дробны ляскат зубоў. Доўга ён не мог саўладаць з тым ляскатам, не мог сагрэцца, аж покуль непрытомнасць новым заходам не ахінула яго адчуванні.