Выбрать главу

Другі раз ачнуўся ад усведамлення таго, што паблізу хтосьці варушыцца. Яшчэ не зусім дапяўшыся да явы, прыціх, нават перапыніў разгарачанае дыханне, услухаўся... Яўна дзесь побач шархацела салома, але не ад ветру з падстрэшша. Шархацела настойліва, рэзка, з невялікімі прамежкамі цішыні. Азевіч расплюшчыў вочы, аднаруч ціхенька адгарнуў ад твару калівы гарохавіння. Ён нічога паблізу не ўбачыў, ды раптам адчуў, што з-пад гарохавіння вытыркаліся ягоныя ногі. Памкнуўся падкорчыць іх, ды, мабыць, спазніўся.

— А, божухна!..

Прагучала гэта страхавіта і здзіўлена; ён, аднак, не крануўся — чакаў, невядома на што спадзеючыся. I тады паблізу выразна пачулася:

— Божачка, маці прачыстая багародзіца...

То быў страхавіты жаночы выкрык і несумненна адносіўся да яго. Прынамсі, у адказ нічога не пачулася, і ён, не ведаючы нашто, гучна выдыхнуў, бы застагнаў.

— Хто тут?

З натугай ён адхінуў ад грудзей пласт жорсткага гарохавіння, памкнуўся падняцца, ды не набраў сілы. Але яна ўжо прыкмеціла яго і знерухомела, гэтая цётка ў цёмнай хустцы, і перахрысцілася.

— Не бойся, маць, — здалося яму, сказаў ён, ды не пачуў уласнага голасу, такі той быў слабы. Давялося сказаць яшчэ — слаба і хваравіта. I, напэўна, тая яго хваравітасць надала цётцы рашучасці ступіць на гарохавінне, каб згледзець яго пад сцяной.

— Што ж гэта?.. Ці паранены?

I застыла-знерухомела, чакаючы яго адказу.

— Хворы я, цётка. Паліць усё. Піць хачу...

— Піць? Дык я зараз. Я хуценька. Збегаю па конаўку..."Ну во і папаўся, — з'явілася страхавітая думка. — Зараз прывядзе каго... Хоць немцаў, хоць паліцаяў". Але што было яму рабіць? Ён ужо нічога не мог. Хіба застрэліцца. Застрэліцца яшчэ, мабыць, сілы знойдзе. Дзе толькі той наган?

Наган быў у кішэні, муляў пад сцягном, пра наган ён не забываўся нават у непрытомнасці. Шкада толькі, што ў непрытомнасці наган — не падмога. Але, можа, ён як-небудь яшчэ стрывае, наможацца пабыць у свядомасці. Яму каб толькі напіцца...

Здаецца, надта ўжо хутка жанчына зноў з'явілася побач, а ён і не пачуў, як яна пайшла-выйшла. Але во зашэрхала гарохавінне, і, стаўшы на калені, цётка падала яму белую кварту. Ён памкнуўся прыўзняцца, ды не змог — так яго даканала немач. Тады цётка адною рукой прыўзняла яго галаву, а другой паднесла да вуснаў кварту. Вада здалася нясмачнай, аж памкнула на ваніты, але, спакутаваны смагай, ён выпіў паўкварты. Дужа закружылася ў галаве, наваколле паплыло, нібы ў тумане.

— Ну дзякуй.

— Можа, яшчэ чаго?

— Не, не трэба, — толькі і намогся сказаць ён і заплюшчыў вочы. Здалося, вось-вось зноў страціць прытомнасць, ды неяк усё ж утрымаўся ў памяці. Як расплюшчыў вочы, цётка сядзела побач. Была яна, мусіць, яшчэ і не дужа старая, але надта спакутаваная, цёмная з абвялага твару, выраз якога быў здаўна так знаёмы Азевічу. Жальба і клопат даўно і ўладна атабарыліся на тым твары.

— Што ж гэта ў вас? Ці, можа, прастуда? — заклапочана пыталася цётка.

— Можа, і прастуда...

— Анягож. Цяпер такі час, прастудны. Але ж... Можа, тыфус?

"Яшчэ чаго не хапала! — спалохаўся ў думках Азевіч. — Хаця хто ведае? Гарадзілаў жа памёр. Можа, і тыфус..." Цётка паўзіралася ў яго, памеркавала:

— Трэба б доктара. Ды няма ж у нас.

— Не трэба доктара.

— Не, усё ж, мусіць, трэба. Каб жа быў толькі.

— Ні ў якім разе. Я папраўлюся, цётка.

— Добра ж, калі паправіцеся. У дом вас трэба.

На тое ён памаўчаў. У дом, канешне, было б нават выдатна. Але...

— А якая то вёска, цётка?

— Дык гэта ж Заброддзе.

"Заброддзе, Заброддзе... Якое ж гэта Заброддзе? — напружана думаў ён. — А, ды гэта ж тое самае Заброддзе, дзе тады білі жорны". Не, не ён, не Азевіч — тут хадзіла іншая брыгада. Здаецца, на чале з Маладцовым. А крыху далей і яго Ліпаўка. Значыць, у тую завейную ноч ягоныя ногі вялі... Самі вялі, каб у родны кут. Але чаму так? Ці не на пагібель тое?

— У дом не трэба. Я тут...

— А хто ж вы будзеце? Не тутэйшы? — пацікавілася цётка.

— Не, не тутэйшы.

— I здалёк жа?

— Здалёк, цётка...

Ён хлусіў з чыстым сэрцам, бо яму нельга было аказацца пазнаным. Апынуцца пазнаным, мусіць, будзе небяспечна для яго. Лепей так, немаведама хто. Акружэнец. Чалавек проста. Божы чалавек, як казалі даўней. Божага чалавека заўжды пашкадуюць, прыхаваюць, а то і абароняць. А свайго? Такога, як ён? Не, лепш, каб не пазналі. Азевіч не дужа хацеў ды і не шмат меў сілы размаўляць з ёй, зноў заплюшчыў вочы. I яна, мабыць, адчула тое, дужа заклапацілася.

— Дык як жа вы тут? Сцюдзёна ж тут. Можа, я кажух прынясу? Усё цяплей будзе.

— Прынясі, ага, — пагадзіўся ён.