Выбрать главу

Яна коратка пашорхала гарохавіннем і знікла. Хутка, аднак, з'явілася, накінула на яго кажух, увішна падгарнула полы пад бок, і яму адразу стала цяплей і ўтульней. Трохі спакайнеючы, ён не расплюшчваў вачэй, зрабіў выгляд, што спіць. Аднак чуў, як яна трудна ўздыхала побач, пабыла яшчэ трохі і выйшла, шчыльна прычыніўшы вароты. Дзіўна, але з кажухом прыйшло да яго супакаенне, якога ён даўно ўжо не адчуваў. Так было ў маленстве, калі ў выстуджанай на золаку хаце яго накрываў бацька. Ад кажуха патыхала цяплом і спакоем, і ён засынаў добрым салодкім сном, які прыходзіць у маленстве, а пасля ўжо ніколі.

У той дзень пад вечар яму зноў стала блага, цела паліла гарачка, зрабілася дужа сцюдзёна, да дрыжыкаў, нават пад кажухом. Ён зноў пачаў губляць адчуванне рэальнасці і не адразу пазнаў цётку, якая прынесла яму піць — чагосьці гарачага, але нясмачнага, ледзьве не брыдкога. Яна штосьці пыталася, а ён быццам адказваў, але ўсё тое адбывалася нібы ў тумане, у стылай ветраной цемрадзі, бы напоўненай нейкім глухім вязкім пакуллем. Тое цётчына наведванне і размова з ёй былі амаль пакутнымі для Азевіча, і ён прагнуў аднаго — спакою і забыцця. Забыццё, непрытомнасць цяпер былі для яго паратункам ад гэтага бязлітаснага катавання хваробай. Але на той раз поўнага забыцця не настала, ён усё ж адчуваў сябе, свае пакуты і горачна, ліхаманкава думаў. Думаў пра тое, што, пэўна, памрэ, што ў яго — тыфус ці запаленне. Ці яшчэ якая халера. I яму рабілася шкада сябе, і брала крыўда на лёс, які змушае яго да такой недарэчнасці — памерці ў часе вайны. У гэтай во змрочнай пуні, пад гарохавіннем. Ці ён думаў калі, што яго напаткае такі канец... Ці тады, як выпраўляўся з бацькоўскага дома, здавалася, на некалькі гадзін, ды атрымалася — на ўсё жыццё. Такое бязрадаснае для яго жыццё.

Ці не прыйшоў час падбіваць бабкі? Перад канцом было самы раз тое зрабіць. Усё ж хоць ён пражыў і мала (можна сказаць, зусім не жыў), але мае сякі-такі вопыт. Чаму ж ён і каго можа навучыць, той яго куртаценькі вопыт? Не скажаш, што шмат чаму добраму. Але ўжо благому, таму, як не трэба, — гэтага ў ягоным вопыце было процьма. Але чаму так? Ці ён калі ленаваўся, шкадаваў сябе, ці рабіў што не так? Ён гатовы быў вылузнуцца са скуры, каб зрабіць усё выдатна, як тое патрабавалася ад бальшавіка. Але што выходзіла з тае яго рупнасці, на чыю яна ішла карысць? Чужая воля правіла свой д'ябальскі баль на людскіх касцях, і што на тым балі залежала асабіста ад Ягора Азевіча? Дужа мала, калі не сказаць нічога. Ён жыў па чужым сумленні, па чужых звычаях, чужых законах. Жыццё і людзі распараджаліся ім, як хацелі. I як было ў тых умовах зрабіць што інакш? Або зусім не зрабіць нічога? Як бы яму тое ўдалося, ён не разумеў і цяпер. Яго б за некалькі дзён сцерлі на парахню. Таму круціўся як мог, пакутаваў і саромеўся. Толькі каму была справа да яго пачуццяў, калі ад яго патрабаваліся вынікі.

Аднойчы ў нядзелю пасля працы ён забегся ў нардом, каб пачытаць штоколечы ў апошніх газетах. Асабліва апошнія пастановы і выступленні па сельскай гаспадарцы. Ды і прамову тав. Сталіна на пленуме ён прачытаў толькі адзін раз, а таго было мала. У панядзелак планавалася паседжанне партыйнага бюро, дзе яго меліся прымаць у партыю.

Увесь той тыдзень Ягор хваляваўся, і хваляванне яго ўсё расло, чым болей набліжаўся панядзелак. Завярнуўшы з вуліцы ў вузенькі праезд на бабчын падворак ля рэчкі, Ягор згледзеў на ім свайго Варанка. Конік, відаць, таксама пазнаў колішняга знаёмца, трывожліва ўзняў галаву ад фурманкі, у якой перабіраў ахапку сена, і ў Ягора нешта жаласна страпянулася ўнутры. Збоч на прызбе, склаўшы між каленяў вялікія рукі, панура сядзеў яго бацька.

Ягор стрымана прывітаўся, а бацька неяк імкліва ўскочыў, паціснуў яго руку, можа, хацеў абняць ці пацалавацца з сынам, ды не рашыўся, усхвалявана загаманіў штось жаласлівае. I Ягор убачыў, як пастарэў бацька — перастаў галіцца, вочы слязіліся, а штаны былі не дужа ахайна залаплены на каленях. "А я цябе, сынок, чакаю. Даўно ўжо чакаю. Хацеў ехаць, ды бабка кажа: прыйдзе. Вот ты прыйшоў..." — "Трохі затрымаўся. Каб жа ведаў..." — "Ды і я не збіраўся. Маці кажа — не едзь, на Пакрова з'ездзіш... Але тут такое дзела..."

Яны прыселі абодва на прызбу, у канцы якой неспакойна перабірала белымі лапкамі ласкавая кошачка — хацела ў сенцы і баялася незнаёмага чалавека. Зводдаль з крапіўных зараснікаў пільна назіраў за імі задзірлівы бабчын певень. "Тут такое дзела, сынок. Дзеравенцы кажуць: з'ездзі, можа, Ягор паможа, усё ж там начальства... Жыць стала неяк — гоняць у калхоз. А Калінін жа сказаў, каб па сваёй ахвоце, каб без прынукі. Пісалі, і Сталін так наказваў, бо галавакружэнне ад такіх парадкаў. А гэтыя як усселі..." — "Хто гэтыя?" — перапытаў Ягор. Тая размова яму не падабалася ў самым пачатку. "Ну гэтыя сельсавецкія — Пракапчук ды Свірыдзёнак, ды ўпаўнаважаны гэты, адбіцца неяк. Дык каб ты тут перад Дашэўскім заступіўся. Можа б, далі палёгку..." — "Не дадуць, — сказаў Ягор, — і не прасіце. Пастаўлена задача: да гадаўшчыны Акцябра ўсіх калектывізаваць. На сто працэнтаў", — сказаў ён, адразу пазмрачнеўшы ўнутры. Не хапала яму гэткіх размоў напярэдадні прыёму ў партыю. Бацька неяк адразу абвяў, высмаркаўся, выцер далонню нос. "Значыць, няма праўды? I ў нас няма, і ў вас няма. Можа, у Менску тады?" — і запытальна зірнуў на сына. "I ў Менску вашае праўды не будзе. I ў Маскве таксама. Тая вашая праўда скончылася. Іншая пачынаецца", — стараючыся як найразважней, вытлумачыў Ягор. На тое бацька, падумаўшы, зазначыў: "Калі наша, сялянская, праўда скончылася, дык ніякая не пачнецца. Тады ўсяму канец. Кранты!"