Ягор не хацеў з бацькам спрачацца, нешта пачаў яму падрабязна расказваць пра палітыку партыі ў галіне сельскай гаспадаркі. Але бацька сядзеў панылы, прымоўклы і хутка пачаў збірацца дамоў. Ягор не ўпрошваў, праводзіў нават з палёгкай. Бацькава прысутнасць яго ўжо прыгнятала, адзін выгляд пастарэлага, забітага і заклапочанага твару выклікаў у ім жаласлівую прыкрасць.
Бацька паехаў, а Ягор рэшту таго дня сядзеў над "Правдой" ды сваімі запісамі — рыхтаваўся да прыёму, які цяпер хваляваў яго болей за бацькавы клопаты. Вельмі баяўся засыпацца ў райкоме, адказаць не так на якое пытанне, чагосьці не ведаць. Баяўся, што экзамен яму наладзяць прыдзірлівы, і азіраў у думках сваю кароценькую біяграфію. Але быццам нідзе нічога. Рабіў, стараўся, спагнанняў не меў ні ў выканкоме, ні ў райкоме камсамола. Чаго было баяцца? Але ўсё роўна баяўся.
Баяўся, аднак, не таго, чаго сапраўды належала яму баяцца. Пытанняў на тым страхавітым паседжанні было і няшмат. Спыталіся пра задачы моладзі ў справе змычкі горада з вёскай, затым уедлівая Іда Шацман задала пытанне наконт апазіцыі на трэцім з'ездзе РСДРП. Усё тое ён ведаў і адказаў увогуле складна. Але вось Дашэўскі, які ўвесь час маўчаў за сваім сакратарскім сталом, папытаўся — рэзка і зласліва: "Отец вступил в колхоз?" Падлога пад нагамі ў Азевіча хіснулася, і ён, мярцвеючы, выціснуў з сябе: "Яшчэ не, не ўступіў", і ўсе ў тым пакоі ўскінулі галовы, з трывогай уставіліся ў яго. "Ну вот, видали? — сказаў Дашэўскі. — А ему проводить коллективизацию. Агитировать за колхозы. А родной отец — единоличник. Или, может, даже кулак, а?" — "Не, не кулак. Серадняк", — зусім ужо апанурана адказаў разам сцішэлы Азевіч. "Середняк, а в колхоз не вступает. В чем дело?"
Выручыў Азевіча ягоны камсамольскі начальнік Маладцоў, якога, дарэчы, Ягор недалюбліваў за няпэўны, надта ўжо мітуслівы нораў. Ускочыўшы з свайго месца ля парога, той растлумачыў, што ведае бацьку Азевіча (і калі толькі яго ўведаў?), што той вялікі прыхільнік калгаснага ладу, а не ўступіў у калгас толькі па той прычыне, што ў іх вёсцы калгас яшчэ не арганізоўваўся, і тут найбольшая віна не Азевічавага бацькі, а раённай партыйнай арганізацыі, якая яшчэ ў чымсь не дапрацавала, не растлумачыла — не ахапіла стопрацэнтнай калектывізацыяй сельскае жыхарства, як таго патрабуе пастанова ЦК ВКП(б) і асабіста таварыш Сталін. Усе згодна заківалі галовамі, а Дашэўскі прыстукнуў па стале далонню, даючы тым зразумець, што пытанне вырашана. Азевіча прынялі кандыдатам ВКП(б).
Здаецца, можна было б перадыхнуць з палёгкай, адна гара сышла з плячэй, ды ўскацілася другая, не меншая. На тым жа паседжанні прынялі рашэнне: неадкладна, заўтра раніцай усім членам бюро райкома і актыву, разбіўшыся на брыгады, выехаць у аднаасобніцкія вёскі і выбіць план збожжанарыхтовак. У асабліва ўпартых сабатажніцкіх вёсках пабіць жорны — каб не малолі збожжа, здавалі дзяржаве. Выпадкам ці па чыёй волі наўмысля Азевіч трапіў у брыгаду, куды трапіць зусім не хацеў — у брыгаду пад кіраўніцтвам Дашэўскага. Яшчэ туды ж быў прымеркаваны Вайцяшонак і адзін міліцыянер. Двое іншыя павінны былі далучыцца ў сельсавеце — з ліку мясцовага актыву.
Раніцай сабраліся перад райкомам, падагналі фурманкі. Дзянёк выдаўся шэры, восеньскі, часам браўся накрапваць дожджык, але сціхаў. Ягор адчуваў сябе дужа няёмка ў міліцэйскай лінейцы побач з Дашэўскім. Не тое што некалі з Зарубам. Той хоць і вораг народа, а быў мяккі і спагадлівы чалавек. Гэты ж — сталь! I позірк такі — з-пад ілба, звераваты, як і выгляд усяго худога, кастлявага твару. Вайцяшонак, мусіць, як кульгавы, сеў побач, а Азевіч прымасціўся ў перадку побач з возчыкам-міліцыянерам. У таго целяпаўся на рэмені наган у жоўтай кабуры, што ўсім надавала важнасці і выклікала адчуванне бяспекі. Куды ехаць, ніхто з іх не ведаў, і толькі як уселіся, першы сакратар дастаў з чыгуначнага кіцеля складзеную ў чатыры столкі паперку. "Значит, так, — абвясціў ён. — Первая деревня Кан... Кандыбовичи..." — "Кандыбічы,— паправіў Вайцяшонак. — Гэта дзесяць кіламетраў". — "Вот едем в те Кандыбовичи! Айда!"