Лугавіна побач ляжала па-восеньску шэрая і пустая, дарожка на ўзлеску здалася Азевічу болей уезджанай, чым у лесе, і ён падумаў, што дзесь недалёка павінна быць вёска. Усё ж гэты лесавы закутак належаў суседняму раёну, які ён ведаў не надта, — не тое што свае раённыя мясціны, выезджаныя і выхаджаныя ім і ўдоўж і ўпоперак. I тады, як рабіў у выканкоме, і пазней, як стаў працаваць у райкоме партыі. Але ад свайго раёна адсюль, мабыць, яшчэ кіламетраў з дзесяць — там бы ён арыентаваўся болей упэўнена. А тут, выйшаўшы з лесу, неяк пачаў асцерагацца — не хацелася асабліва трапляць камусьці на вочы. Розныя ўсё ж людзі вакол, асабліва цяпер, у вайну. Хто паможа, а хто і прадасць — са страху ці каб выслужыцца, паддобрыцца да немцаў. Тут ужо як выпадзе. Вунь іхняму Клімянкову выпала і зусім кепска — пайшоў на сувязь са сваім чалавекам у Чарнаручча, дарогай нідзе ніхто яго не спыніў, сустрэліся, пагаварылі, а той і запрасіў пераначаваць. Якраз ішоў дождж, Клімянкоў добра прамок і пагадзіўся спачыць да золаку. Моцна заснуў з дарогі і, мусіць, бачыў харошыя сны, бо нават і тады, як паліцаі пыралі яго вінтоўкай у бок, яшчэ ўсміхаўся ў сне і махаў рукой — адмахваўся ад тае вінтоўкі. Узялі Клімянкова і расстралялі праз тыдзень. Цяпер невядома, дзе яго і магілка. Таму, мабыць, лепш трохі счакаць, пераседзець дзень у стажку, а як пацямнее, рушыць тою дарожкай. Вёска, мабыць, тут, недалёка.
I Азевіч расслаблена знерухомеў, стараючыся, аднак, не заснуць. Зноў пачалі зябнуць ногі; плячам жа ў сене было ўвогуле добра — мякка і зацішна, хоць з-за стажка трохі пачаў задзімаць вецер — мусіць, на змену надвор'я. Хоць бы не паваліў снег, падумаў Азевіч, не засыпаў чорную сцежку. Мусіць, да снегу неяк трэба паспець дзе прытуліцца, а там будзе відаць. Вось толькі куды прытуліцца? Дзіўна, чым абярнулася тое іх партызанства. Тады, у самым пачатку, яны стараліся зашыцца куды глыбей у лясныя нетры, далей ад вёсак, людзей, стаіцца за балотамі, каб ніхто не ведаў, дзе яны і адкуль удараць па немцах. Тады кожны, хто паяўляўся паблізу ад іхняй стаянкі, выклікаў падазрэнне, думалі: шпіён, падасланы немцамі або паліцыяй. Неяк на пачатку восені ў Страшыцкім лесе хлопцы злавілі дзядзьку з аброццю: казаў, шукае кабылу. Дзядзька быў з не дужа блізкае вёскі (блізка вёсак там не было наогул), адышоўся з дому, можа, кіламетраў з пяць, тое выклікала падазрэнне — ці не шукае ён іх заместа кабылы? Няпроста было зразумець, як яно было папраўдзе, але дзядзька набрыў на іхнюю стаянку, бачыў іх буданы і нават пазнаў некаторых з іхніх людзей,— як было адпушчаць такога? Не адпусцілі, пасадзілі ў будан пад варту і пачалі раіцца, што рабіць. Яно, можа, і праўду кажа — хадзіў, хадзіў і заблудзіў у лесе, забрыў далекавата, трапіў на іх незнарок. А можа, і не. Можа, трапіў знарок, па заданню немцаў і цяпер выдасць стаянку і групу. Ды як праверыш? Нават калі пайсці ў Шалудзякі, што там можна ўведаць? Камісар Гарадзілаў мяркуе і так і сяк, хлопцы ламаюць галаву, а камандзір Віткоўскі кажа: "Усё ясна. Гарэйка, спалняйце!" Гарэйку не трэба было загадваць двойчы, той разумеў камандзіра з першага слова, устаў і спакойна — да таго будана. Яны ўсе засталіся кружком, дзе сядзелі, маўчалі, утаропіўшы долу позіркі, слухалі. Чакалі, аднак, нядоўга, праз колькі хвілін ля балота нягучна трэснулі два рэвальверныя стрэлы, і неўзабаве паявіўся Гарэйка. Прыйшоў і моўчкі сеў на сваё ранейшае месца. "Усё, цяпер снедаць'" — сказаў Віткоўскі і ўстаў. Усталі і яны. I пайшлі снедаць, унікаючы, аднак, пазіраць адзін аднаму ў вочы. Тое, што адбылося, дало палёгку, іхняя стаянка засталася нерассакрэчанай, пакуль што можна было чуцца спакойна. Але спакою чамусь не было. Штосьці сталася, абляглося на душу, хоць кожны і стараўся прыдушыць тое пачуццё, не даць яму дужа разрасціся.
Тады ім ніхто патрэбны не быў, яны спадзяваліся на саміх сябе: група мела сілу, у іх быў спрыт, здароўе, даволі харчоў, зброя і боезапас. Яны маглі даць бой і нават перамагчы, бо ўжо збольшага навучыліся рабіць засады, нападаць знянацку. Цяпер жа Азевіч застаўся адзін, нібыта ўжо не партызан, а згаладнелы няўдака-чалавек, і яму патрэбны былі людзі, харч, жытло. Без таго, адчуваў ён, нядоўга стрывае. На носе зіма. Зімою ж аднаму ў лесе — пагібель.