Выбрать главу

Прыехалі ў мястэчка не позна, але ўжо змерклася. Дашэўскі вылез каля райкома, астатнія таксама пазлазілі з лінейкі. I калі міліцыянер трохі ад'ехаў, Вайцяшонак сказаў: "Давай зойдзем? Замочым гэта клятае дзела".

Яны пайшлі да Вайцяшонка, і Азевіч у той вечар першы раз у жыцці напіўся, як не напіваўся ніколі. Заснуў на чужой лаве на покуці, не распрануты. Яўген яго не будзіў да ранку. Раніцай абодва пайшлі на работу — была нарада сакратароў, і яму належала выступіць — пра авангардную ролю камсамола ў калектывізацыі сельскай гаспадаркі раёна.

Бабчын падворак ля рэчкі адгароджваў ад суседняга стары трухлявы паркан, да самага верху зарослы кустоўем парэчак — з гэтага боку і півонямі — з другога. Неяк праз адчыненае акно Ягор пачуў ціхенькі дзявочы спеў па той бок агароджы. Хоць ён тут перабыў ужо зіму і дачакаўся лета, але неяк не дабраў часу пацікавіцца, хто жыве ў суседзях. Цяпер тая цікавасць прарэзалася, і ён, выпнуўшыся з акна, зірнуў на падворак. Над зараснікамі парэчак відаць стала бялявая галоўка дзяўчыны, якая нешта поркалася ў асветленых сонцам кветках і спявала — ціхенькае і шчымлівае штосьці. Слоў ён не мог разабраць, але крадком палюбаваўся дзяўчом і зачыніў акно. Доўга любавацца не было калі — трэба было бегчы на працу. Другі раз ён убачыў ужо знаёмую бялявую галоўку выпадкам на вуліцы. Якраз, спяшаючыся, хацеў перагнаць худзенькую дзяўчынку ў лёгенькай стракатай сукенцы, што ішла наперадзе, і здагадаўся, што гэта — суседка. Тады ён параўняўся з ёй і, павітаўшыся, гулліва сказаў: "Во суседзі, а незнаёмыя. Я ж у бабкі жыву. А вы — побач. Я бачыў..." — "Ды я ведаю,— усміхнулася дзяўчо. — Яшчэ як вы перабіраліся да Мальвіны, бачыла". — "Во як! А я не бачыў. Мяне Ягорам клічуць. А вас?" — "Мяне? Анэля". Анэля, быццам каталічка, адзначыў у думках Ягор і папытаўся, каб не маўчаць. "Куды гэта вы кіруеце? На працу?" — "Не, не на працу. У нардом за білетамі. У кіно". — "У кіно, гэта добра. А на які фільм?" — "Вы не ведаеце? "Кацька — залаты ранет", кажуць, дужа смешная карціна, трэба паспець, каб білет купіць". — "Тады купіце і мне, — нечакана для сябе папрасіў Ягор. — У дзевяць вечара я пастараюся прыбегчы. Сёння паеду ў Залескі сельсавет, але надвячоркам вярнуся. Добра?" Анэля трохі павагалася з адказам, быццам засаромелася нават, але ён падумаў, што нічога сарамлівага ў ягонай просьбе няма — у яго проста не было сёння часу бегчы ў нардом па білет. I Анэля, відаць было, моўчкі пагадзілася. На рагу яны разышліся ў розныя бакі — Ягор пабег у райком, а Анэля павярнула за сінагогу ў нардом.

Увечары, аднак, ён прыпазніўся і ледзьве не падвёў дзяўчо. Калі, увесь спатнелы, прыбег да нардома, на вуліцы перад ім ужо было пуста — кіно пачалося. Анэля журботна стаяла зводдаль пад таполяй, пазіраючы ў канец вуліцы, і ён, згледзеўшы яе, прыветна памахаў рукой. Іх упусцілі ў цёмную, поўную народу залу, яны прымасціліся недзе ў апошніх радах, адразу аддаліся чароўным перыпетыям кіношнага жыцця на экране. Часам Ягор кідаў таемныя позіркі на суседку, тая сядзела напружаная, сцішаная, здаецца, дужа нясмелая. I, бадай, нічым не выдавала сваіх пачуццяў, нават калі зала дружна рагатала над незайздроснымі прыгодамі кіношнага героя. Адзін раз толькі засмяялася, як той пасля, як скокнуў з моста, падняўся на доўгія ногі, мокры, смешны і расчараваны. Ягор таксама ледзьве пераборваў смех, які час ад часу ў ім усё ж прарываўся.

Як выйшлі з нардома, было ўжо цёмна, яны моўчкі, бы з няёмкасцю, пайшлі ў сваю вуліцу. Патроху неяк разгаварыліся. Анэля сказала, што працуе ў аптэцы памочніцай правізаркі, што жывуць яны ў гэтым мястэчку шосты год, да таго жылі ў Полацку, а нарадзілася яна ў Ленінградзе. Ягор праводзіў яе да веснічак, пастаяў крыху, і яны развіталіся. Праўда, перад тым ён сказаў, каб наступны раз брала адразу два білеты. "А не спозніцеся?" — запыталася яна, быццам крыху дакараючы за яго спазненне, і яму тое здалося прыемным. "Ну ўжо не! — сказаў ён. — Жывы ці мёртвы буду роўна ў дзевяць".