Выбрать главу

I дарма сказаў так рашуча — той наступны раз ён наогул не трапіў на суботняе кіно — суботу і нядзелю праседзеў у Глыбачанскім сельскім савеце, дзе разваліўся сарганізаваны калгас і з ім камсамольская ячэйка. Паўцякалі камсамольцы — хто куды. Прыехаўшы ў панядзелак, пайшоў у аптэку, але тая ўжо зачынілася, тады ён проста пайшоў да падворка суседзяў. Пастаяў каля веснічак, паслухаў. Чакаў, можа, яна выйдзе з хаты, убачыць яго, загаворыць. Але замест дачкі выйшла маці — нестарая яшчэ кабеціна з гладка зачэсанымі валасамі і куртаценькім фартушком наперадзе. Яна сказала, што Анэлі пакуль няма ў хаце, але павінна вось-вось прыйсці. Калі яму трэба бачыць яе, дык можа зайсці ў пакой, дзе можна будзе яе пачакаць. Ён падумаў і нясмела патопаў цераз падворак да ганка.

Не шмат у каго з ягоных знаёмых местачкоўцаў ён быў дома, болей у Вайцяшонка, хатні лад якога мала чым адрозніваўся ад звычайнага вясковага. Вялікі стол у таго заўжды быў завалены кніжкамі і пачкамі вучнёўскіх сшыткаў жонкі-настаўніцы, сярод якіх часцяком выглядвалі шклянкі і талеркі з недаедкамі, даччыны лялькі; на ложку ляжала вопратка, сярод якой можна было прысесці, бо зэдлікаў было ўсяго два. Таму яго прыемна падзівіла ў гэтай кватэры не так абстава — круглы стол пад сурвэткай, камод, канапа,— як свежая чысціня вышараванай да жоўтага колеру падлогі, пакрытай пярэстымі паласамі дываноў. На ўсіх трох невялікіх вокнах з чысцюткімі шыбамі ружавелі кветкі, кветкі былі і на лаўках пад вокнамі. Мабыць, тут любілі кветкі, не дзіва, што цэлыя зараснікі іх буялі на падворку. У куце за некалі шыкоўным, хоць і пацёртым крэслам высілася шафа з кнігамі ў некалькі ярусаў. Такой чысціні і парадку Ягор яшчэ не бачыў — ні ў прыватным жытле, ні ў важных казённых установах, — аж боязна было ступіць. Тым не менш гаспадыня ветліва запрасіла яго ў тое самае шыкоўнае крэсла, у якім ён сеў — бы праваліўся да самай падлогі. "Вы наш сусед, кватарант бабкі Мальвіны? — з ветлай усмешкай пыталася гаспадыня. — Анэля расказвала, як вы з ёй хадзілі ў кіно. Яна кіно дужа любіць, не прапускае ніводнай карціны. Раней з Лінай, сяброўкай, хадзіла, а цяпер засталася адна. Лінка паехала вучыцца ў Віцебск, а ёй тут трохі адзінока. Дык вось вы..." — "Ну, я так, за кампанію, — сказаў Ягор. — Мне, ведаеце, не надта да кіно: мала часу". — "Ведама ж, у вас дэфіцыт часу, вы ж у райкоме працуеце? Наш бацька таксама совслужачы, праўда, не такога маштабу, але вольнага часу зусім не мае. Усё праца, праца..." — "А дзе працуе ваш бацька?" — папытаўся Ягор, тое было для яго важна. "Ды ён на льнозаводзе. Бухгалтарам", — сціпла адказала жанчына, стоячы з ручніком па другі бок стала, і Азевіч прыпамятаў. Ён некалі нават знаёміўся на нарадзе з бухгалтарам ільнозавода — немаладым ужо, ціхманым чалавекам у акулярах. Тады льнозавод не выканаў план, і ўсё яго кіраўніцтва на бюро райкома атрымала добрую нахлабучку ад Дашэўскага. Думалі, дырэктара пасадзяць, ды неяк абышлося. "Анэля павінна прыйсці, а пакуль, каб не было сумна, я пачастую вас гарбаткай з малінай. Ну і кніжкі можаце паглядзець. Вунь Дзюма ў нас ёсць. Ці Дастаеўскі, калі паважаеце". Гаспадыня выйшла, а ён павярнуўся да паліцы з кнігамі. Было шмат мяккіх кніжак з разрэзанымі старонкамі, а яшчэ болей тоўстых, у каляных вокладках з чорнай або пярэстай, пад мармур, паперы, з залатымі літарамі на скураных корках. Ягор выцягнуў адну, пагартаў, ды малюнкаў у ёй не было, і ён запіхнуў яе назад у вузкую шчыліну між іншых кніжак. Побач была і яшчэ такая, і яшчэ. Нешта падобнае на ціхенькае шкадаванне ці зайздрасць з'явілася ў ім — усё ж столькі чалавечай мудрасці ідзе стараной, паўз яго, неспазнанае, няздзейснае для яго. Ну, але, мабыць, такое іхняе жыццё, такі лёс. Да ўсяго не дапнешся, тут хоць бы ўхапіць якія вяршкі людскіх ведаў.

Гаспадыня тым часам прынесла шклянку гарбаткі і сподачак варэння, але ён не спяшаўся піць. Ён не мог адарвацца ад кніжак, аўтары якіх былі яму амаль спрэс невядомыя. Хіба апроч некалькіх тамоў Талстога, Пушкіна і дзвюх кніжак Купалы. Такога багацця ён не бачыў нават у даволі вялікай бібліятэцы нардома, дзе, як хваліўся яго загадчык, быў самы поўны збор твораў класікаў марксізму. "Спадабаліся вам кніжкі? — спытала гаспадыня. — Анэлі дужа падабаліся. Дзюма, Вальтэра Скота, Гюго яна прачытала яшчэ ў школе. Тады дужа любіла чытаць. Цяпер меней. Ну, але такі час. Усё ж падрасла, тэхнікум скончыла". — "Які яна скончыла тэхнікум?" — запытаў Ягор. "Аптэкарскі, — сказала гаспадыня. — Я ж таксама фельчаркай рабіла. Зараз не раблю", — сказала гаспадыня і сціпла прымоўкла. Ягор хацеў папытацца, чаму яна цяпер не працуе, як грукнулі дзверы і ў пакой ступіла Анэля. Згледзела яго, і шчокі яе сарамліва запунсавелі. "Мама! — сказала яна нібы з дакорам. Але тут жа знайшла жартоўны тон і весела засмяялася. — Вы майго кавалера гарбаткай частуеце? Але яму, мабыць, няма часу. Ён чалавек партыйны і нават на спатканне не прыходзіць". — "Нічога, якраз сёння я маю часу". — "Маеце, ну дык добра. Тады мы разам адзначым юбілей нашага татачкі", — жвава абвясціла Анэля. Ягор ніякавата паморшчыўся, дзяўчына заўважыла тое і энергічна запратэставала: "Не адмаўляйцеся, татачка будзе рады. Я яму ўжо расказвала, як мы хадзілі на "Кацьку", а ён некалі ведаў таго рэжысёра. Як мы жылі ў Піцеры. Можа расказаць, будзе цікава".