Выбрать главу

Ехаць павінны былі трое, апроч Азевіча яшчэ раённы пракурор Гарадзілаў, нядаўна прысланы з Менска, і Ягоўдзік з райзага. Але Ягоўдзіка ў апошні момант перакінулі ў іншую брыгаду, а яму, Азевічу, сказалі: "Управіцеся і ўдвох". Так яны пагодлівым красавіцкім днём паехалі фурманкай ў родныя, даўнавата не бачаныя Ягоравы мясціны.

Пакуль ехалі, Ягор дужа трывожыўся. Арганізаваны ў Ліпаўцы калгас ледзьве ліпеў, насення для сяўбы не хапала, коні за зіму падупалі ад бяскорміцы. За год у калгасе змяніліся аж тры старшыні: аднаго пасадзілі за шкодніцтва, другі ўцёк — з'ехаў немаведама куды, прыхапіўшы дзве тысячы калгасных грошай. Цяпер там старшынстваваў Мікіцёнак-старэйшы, неблагі, старанны, але малапісьменны і мяккаваты чалавек, нейкая дальняя радня Азевічаў. Разоў колькі ён прыязджаў у райцэнтр і ўсё звяртаўся да Ягора па тое-гэта, але чым яму мог памагчы райкомаўскі інструктар Азевіч? Тут ужо без карысці быў і Дашэўскі, які таксама нічога не мог і не меў, апроч хрыплага, сарванага ад пастаянных мацюгоў голасу. Азевіч ведаў, што ў Ліпаўцы, як і скрозь, было голадна, хлеба ў красавіку, мусіць, ужо ні ў каго не асталося, даядалі бульбачку. Ён узяў з сабой у партфель паўбохана хлеба, што атрымаў на тры дні па картках, бляшанку рыбных кансерваў. Пракурор Гарадзілаў, мяркуючы па ўсім, быў чалавек гарадскі, бо, як ехалі, усё захапляўся краявідамі: які прыгожы беразняк, якое здатнае возера! Азевічу было не да краявідаў, ён думаў, як там у маці. Бацьку яна пахавала зімой, Ягор праз сваю працу не мог прыехаць на пахаванне — быў на семінары ў акрузе і даведаўся аб той смерці, як бацьку ўжо закапалі. Цяпер там маці і сястра. Сястра так і не выйшла замуж — пазнікалі жаніхі, а каторыя асталіся, дбалі не пра жаніцьбу — пра тое, як пракарміцца.

Яны прыехалі ў Ліпаўку надвячоркам. Збіраць сход, мусіць, было яшчэ рана, і Ягор паехаў у дальні канец сяла, да свае хаты. Думаў, ці дома маці, дзе Ніна? З тою думкай увайшоў на свой падворак, трохі здзіўлены, што кудысь зніклі вароты, на дрывотні ляжала ўсяго некалькі сырых палак. Значыць, кепская справа і з дровамі. Дзверы хляўка-свіронка таксама былі насцеж расчыненыя. Ён моўчкі, наперадзе пракурора, увайшоў у хату, нізенькая столь якой бы яшчэ паніжэла, усё шукаў позіркам маці. Ды пачуў яе голас аднекуль з запечча — слабы, хваравіты голас, які аддаўся ў ім балючай трывогай.

I праўда, маці хварэла. Не адразу, спакваля выпаўзла да сына, захутаная ў нейкія транты, заплакала. Ён таксама гатовы быў заплакаць, расчулены, ды прысутнасць старонняга чалавека стрымлівала ад сантыментаў. Упаўнаважаны Гарадзілаў, здаецца, не меней за яго ўражаны гэтай сустрэчай, няўцямна стаяў пасярод хаты, не ведаючы, куды прыткнуцца. Ягор папытаў пра Ніну, аказваецца, маці жыве адна, Ніна з'ехала на шахты, бо жыць няма як, есці няма чаго, апрануць таксама. "А як жа ты?" — вырвалася ў Ягора. "А што ж, сынок, мне ўжо прыйшоў канец, ужо каб вам лепей было, каб ужо вы, маладыя, жылі. А мне ўжо следам за бацькам, да яго ў пясочак..."

Са стогнамі і вохканнем маці пачала збіраць пачастунак, ды нешта не збіралася. Хлеба не было зусім, яна паклала на стол дзве закаржэлыя ляпёхі-траўнікі, прынесла аднекуль зжаўцелы кавалачак сала і знаёмы Ягору з дзяцінства счарнелы нож з адскяпаным тронкам. Паклыпала кудысь з падворка — пазычаць яйкі на яешню, сваіх курэй ужо не было. З прыгнечаным выглядам Ягор тупаў па хаце, няўцямна слухаючы, як пракурор Гарадзілаў толькі паўтарае загадкава: "Д-а-а, д-а-а-а. Дзяла..." — "Вось так", — сказаў Ягор, стараючыся, аднак, нічым не выдаць сваіх ушчэнт разварушаных пачуццяў. Але ўпаўнаважанага займала, відаць, трохі іншае, і ён запытаўся: "Каго ж мы тады падпішам? Ці гэта толькі ў вас так? Мабыць, ваша дзярэўня — выключэнне? Як вы лічаце?" — "Выключэнне! — злосна кінуў Ягор і з яшчэ большай злосцю дадаў: — I раён выключэнне! I ўся Беларусь выключэнне!" Сказаў і спалохаўся, убачыўшы ў вачах пракурора такі ж самы спалох. Абое, зацяўшы ў сабе страх, змоўклі. Ягор паныла пазіраў у запэцканае мухамі акно.