Выбрать главу

Горш было тое, што ён страціў усякае адчуванне часу — не ведаў, колькі праляжаў тут — суткі ці двое, і якая цяпер пара на дварэ — ранак ці вечар. Што не ноч, тое было пэўна. I ён пачаў чакаць цётку. Павінна ж яна прыйсці. Ён не ведаў дагэтуль, хто яна, яго ратавалка, хто там яшчэ ў яе доме. Але ён прагна чакаў яе — ведаў, яна прыйдзе не з пустымі рукамі, яна прынясе нешта, каб яго пакарміць. Як тады прыходзіла ўвечары, ён адмовіўся есці, толькі піў з белай вялікай кварты. Ён паглядзеў каля сябе і ўбачыў пад крывым бервяном ля сцяны тую кварту і ў ёй з палавінку малака. Неяк дацягнуўшыся рукой, ашчадна паднёс кварту да рота. Сцюдзёнае малако здалося смачнейшым, чым у той раз, і ён усё яго выпіў. Пасля знясілена аблёгся ў лаўжо, улез пад кажух і пачаў пазіраць на ластаўчыны гнёзды ў падстрэшшы. Адно з трох гнёздаў было, мабыць, старэйшае за астатнія, большае памерам і абкрышанае з аднаго краю. Можа, яго ўлетку бурылі хлапчукі? Але было яно тут прыладжана лепей за іншых — у самым кутку пад кроквай і трымалася. Прыйдзе вясна, прылятуць ластаўкі, наносяць у дзюбках свежай гразі з лужын і падновяць сваё гняздзечка. А пасля там паявяцца тры-чатыры маленькія ў крапінку яечкі, якіх ні ў якім выпадку нельга чапаць, бо самога па твары абсыпле рабацінне. Як нельга і бурыць — пароць палкай тое гняздо. Птушыныя гнёзды бурыць нельга, вялікі то грэх. А вось чалавечыя... Жыццё толькі тое і робіць, што бурыць, не баючыся граху, спрадвечныя людскія гнёзды, разам з іхнім набыткам і лёсам. А што цяпер ужо, у вайну, дык і думаць не хочацца. Але без гнязда не пражыве не толькі птушка, а і чалавек. Ён дык во ведае...

Дзіўна, але вераб'і не заляталі ў ластаўчыныя гнёзды і быццам нават не цікавіліся імі. Яны жвава ціўкалі на тым канцы пуні, часам пырхалі па бэльках і ў гэтым канцы, але без увагі да гнёздаў. Мабыць, у іх былі свае, і яны пільнаваліся сваіх. Во каб так людзі.

Людзі! Што з імі рабілі і яшчэ ад іх чагосьці чакалі. Усе гады рознага будаўніцтва яны, аднак, не былі мэтай, а толькі сродкам для ажыццяўлення тых вялікіх і не надта разумных, часам надуманых, а то і бязглуздых планаў. Хутчэй матэрыялам, з якога ляпілі розныя прыдуманыя кімсьці фігуры, не дбаючы, а ці трэба людзям тая лепка і тыя фігуры. Азевіч, сцяўшы сэрца, тады намагаўся думаць: тое патрэбна дзеля вышэйшай мэты. Хоць бы дзеля краіны, сацыялізму, дзеля будучыні. Мабыць, так думалі-лічылі многія, калі не ўсе, хоць бы і з іх, раённага кіраўніцтва. Ды ішлі гады, і ўсё выразней рабілася разуменне: калі тое на шкоду тым, хто тое рабіў, дык, мусіць, і не на карысць будучым пакаленням. На згубу ўсім.

Дужа апрыклым было яму тое перабіранне жыцця, ягоныя пра жыццё думкі, радасці з якіх было так мала. Адны расчараванні і боль. А цяпер дык яшчэ і новы вялікі боль — вайна. Тут ужо вялікая пагуба для ўсяго і ўсіх. Але тут хоць усё выразна, бы ў сонечны дзень, тут няма месца сумненням — трэба змагацца. З усяе сілы, на ўсіх франтах. Трэба неяк натужыцца і не даць перамагчы сябе. Інакш не будзе нічога — ні жыцця, ні надзеі. Але ўся бяда ў тым, ці не вернецца тое нядаўняе пасля вайны? Усё ж кожнае змаганне мае ў сабе сэнс не толькі супроцъ, але і за. За што ён будзе змагацца? За тое, што перажыў ён, яго бацькі, сястрыца Ніна, Анэля і яе бацька, ён не хацеў бы. Тады за што ж?

На тое ён не знаходзіў адказу.

У пуні ўсё святлела, блішчэла ад снегу, што свежа лёг знадворку, усе шматлікія шчыліны між бярвення, праз якія напірыста дзьмулі струмені ветру. Азевіч ужо не заплюшчваў вачэй, у галаве трохі павальнела, і ўвесь ён аддаўся слыху. Дзіўна, але за ўвесь час ён не пачуў нідзе ніводнага чалавечага гуку, ні голасу, ні скрыпу, ні стуку. Нібы на хутары. Але ж тое не хутар, то вёска, невялікая, праўда, вёска, здаецца, пры лесе. Цяпер, калі ад яго трохі адступіла хвароба, ён пачаў думаць-баяцца, каб яго тут не накрылі паліцаі. Ці хоць бы вясковыя здраднікі. Усё ж, мабыць, не ўсе тут такія, як ягоная цётка, ёсць жа і пакрыўджаныя Савецкай уладай. Хіба мала крыўдзілі. Можа, толькі адны па вайне забыліся на нядаўнія крыўды, а іншыя якраз цяпер іх прыпомнілі. Для гэтых, апошніх, былы райкомавец Азевіч якраз самая прынадная знаходка. Яшчэ можна і нешта зарабіць на ягонай галаве. Не, яму тут залежвацца нельга. Трэба некуды дыбаць. Вось куды толькі?