Ён парадкам ужо адышоўся ўначы, наперадзе выразна шарэў у снезе алешнік, як пачуў нейкі рух ззаду і азірнуўся. Па ягоных слядах жвава бег чорны вялікі Ваўкалака — размашыста сігаў па снезе, пэўна ж, каб дагнаць чалавека. Азевіч прыпыніўся, падняў кій, але і сабака тады стаў непадалёк. Не гаўкнуў, моўчкі настырчыў хрыбціну, чакаў. Азевіч сцішана выгукнуў: "Пайшоў прэч!" — і махнуў над сабой кійком. Ды марна: сабака не пабег, толькі злосна коратка правуркатаў і чакаў. Чагось толькі? Пастаяўшы трохі, Азевіч ступіў колькі крокаў у напрамку да лесу, і Ваўкалака таксама нетаропка пайшоу па ягоных слядах. Крыкнуць Азевіч не мог, што тут было рабіць? Уцякаць, ратавацца ці ісці з гэтым у лес? Або застрэліць яго? Ды страляць было далекавата, а бліжэй сабака не падступаўся — мабыць, ужо быў вучаны. "Каб ты здох, ваўкарэзіна!" — сказаў сабе Азевіч і дастаў наган.
З наганам напагатове ён памалу патупаў да ўзлесся, штораз азіраючыся. Ззаду за ім, не падбягаючы блізка, то бег, то прыпыняўся Ваўкалака. Чагосьці чакаў ад чалавека...
1969, 1991