Калі яшчэ больш павіднела, непадалёк, у якім кіламетры, ён заўважыў дарогу — рад тэлеграфных слупоў, і за павароткай — фурманку ўдалечы. Яму ж трэба было ісці цераз поле, дзе яго ўжо маглі ўбачыць здалёк. I ён спыніўся. Мабыць, трэба было лезці ў хмызняк, усё ж там больш схоўна, чым у адкрытым полі. I ён пабрыў хмызняком, часам абыходзячы самы гушчар, а то і нагінаючыся і падлазячы пад нізкае ляшчынавае голле, прытрымліваючы картуз на галаве. Тут ужо яго ніхто ўбачыць не мог. Аднак ён не ведаў, ці хутка выберацца з гэтых зараснікаў, каб хоць як агледзецца і зразумець, дзе ён апынуўся. Усё ж, мабыць, трэба было кіраваць на поўдзень. Толькі вось зразумей, дзе ён, той поўдзень?
Так ён набрыў на купку хвойнага маладняку, які тут па-летняму зелянеў сярод сумна аголенага драбналесся, і палез у яго сярэдзіну. Між калючага голля было сцішана і схоўна, вецер сюды, бадай, не дасягаў, і Азевіч бокам апусціўся на мяккі, усыпаны ігліцай дол. Мабыць, тут і пераднюе. Спачне за д'ябальскі турботную ноч, а галоўнае, яму трэба было вырашыць, як быць далей, куды падацца? Бо такое бадзянне, адчувау ўжо пэўна, дабром не скончыцца. Скончыцца бядою, якая можа стацца для яго апошняй.
Вецер, аднак, густа шумеў угары, сярод хвойнага вецця, унізе ж было цішэй. Азевіч скурчыўся на баку, сашчапіў у шырокіх рукавах азызлыя рукі. Галаву, як можна было, уцяў у шырокі каўнер шыняля, дыхаў сабе на грудзі — тым грэўся. У думках ён не першы ўжо раз перабіраў знаёмыя мясціны раёна, вёскі, дзе некалі быў, прыгадваў сяго-таго са знаёмых людзей. Цяпер не на кожнага можна было спадзявацца, многія, мабыць, апынуліся ў войску па мабілізацыі ці падаліся ў эвакуацыю, хто-ніхто, канешне, перамятнуўся да немцаў. А калі не перамятнуўся адкрыта, дык у душы наўрад ці спачуваў нядаўнім кіраўнікам раёна, мясцовым актывістам. Перш чым да каго завітаць, трэба было добра падумаць, прыпамятаць, чым ён дыхаў у нядаўнія часы перад вайной, гады класавай барацьбы, выкрыцця ворагаў народа. Хоць тады і вырвалі шмат з каранём, але ж, мусіць, не ўсіх. Мабыць, нямала яшчэ і засталося, хіба не выявілася тое на пачатку вайны? Во хоць бы і гэты акружэнец, да якога ён так няўдала завітаў учора: і накарміў, і мякка паслаў на лавах, а сам паначы — да тае паліцыі. Нездарма ўвечары не даў штосьці сказаць дзеду. Прыступіў на язык. Ах, падла! Фашыстовец пракляты!
Усё ж ляжаць на голай стылай зямлі было не надта каб зручна. Ён круціўся і так і гэтак, усё роўна было мулка і дужа холадна, асабліва сцёгнам. Мусіць, мінула нямала часу, пакуль цела трохі прызвычаілася да гэтае ветранай халадэчы, Азевіча патроху пачала агартаць нейкая санлявая знямога. Хоць і разумеў, што спаць было небяспечна, ну але, можа, не набрыдзе хто. Усё ж пры лесе, у гушчары, не тое што ў полі ці пры дарозе. I праўда, на грудзі, у запазуху ён надыхаў трохі, стала цяплей, нібы сугрэўней. Адно па-ранейшаму даймала скалелыя мокрыя ўсе тыя дні ногі. Боты разваліліся дарэшты, добра, што ў лесе выручалі пасталы з падасланым на сподзе сенам. Калі засцерагчыся ад вады, па сухім снезе дык у пасталах нішто і ў вялікі мароз.
...А марозік быў ніштаваты, асабліва ціскануў перад змярканнем, яны ўсе добра ўработаліся, пакуль разгрузілі на руме свае кубаметры рудстойкі, у вёску вярталіся ўжо цёмным вечарам на стомленых конях. Конік тады ў Ягора быў неблагі, немалады, але цягавіты і непераборлівы Варанок, якога ён клапатліва пакрыў папонай і завёў у загародку з добраю ахапкай свежага мурожніку — хрумстай конік, адпачывай да заўтра. Зрэшты, назаўтра меўся быць яму выхадны, а Ягору — свята. Хрышчэнне. Ужо заўтра мужыкі ў бор не паедуць — паедуць да царквы ў мястэчка. Ягор да царквы не збіраўся — пакуль мыўся ў качарэжніку над цэбрам, усё меркаваў, ці сёння злятаць да Настачкі, ці ўжо заўтра, на святы вечар. Настачка жыла ў суседняй цераз поле вёсцы Староўка, насельнікі якой амаль скрозь былі каталікі, у іхняй жа — бадай, скрозь праваслаўныя. На свята каталікі ехалі за дваццаць вёрст да касцёла ў сваё мястэчка Альхімовічы, а гэтыя — у другі бок за васемнаццаць вёрст у Межава, дзе былі царква і сінагога. Ну, а па тым часе дык ужо ўсталяваліся і раённыя ўлады — райком, райвыканком, нардом і ўсё астатняе. Касцёла там не было.
Ягор мыўся, а маці тым часам таропка збірала на стол паесці, бо сын добра-такі згаладнеў у лесе. Ён скінуў намерзлыя пасталы з анучамі, развешаў у запечку — хай сушацца. Там жа знайшоў суконныя панчохі і дастаў з-пад ложка свае юхтовыя боты. Боты былі ягоным клопатам. У такі час на працы ў полі ці ў лесе звычайна служылі пасталы з сенам на сподзе, але на пагулянку трэба былі боты. Толькі ягоныя, відаць, адгулялі сваё — вось-вось гатовы былі ашчэрыць зубы, хоць ён і падбіваў іх не адзін раз. Боты патрэбны былі новыя, але дзе возьмеш новыя — у краме не купіш, трэба шыць, але прыватных шаўцоў вывелі, а ў арцель патрэбна даведка пра тое, што ўсё у гаспадарцы сплочана. На жаль, у гаспадарцы было далёка не ўсё сплочана. Ягор пра боты нават не заікаўся пры бацьку. Пакуль ён абуваўся на лаве, маці кідала на яго незадаволеныя позіркі і не пыталася, не дакарала, толькі скупа зазначыла: "Пойдзеш?" Ён не адказаў, хоць ужо пэўна ведаў, што пойдзе. Учора маці бурчэла: "Во акруціла, дык акруціла!" Гэта — пра Настачку. Ягор маўчаў, хоць адчуваў, што ніхто яго не абкручваў, тым болей такі матылёк, як Настачка, і калі ён пахінуўся да яе, дык па чыстае свае волі. Настачка тут ні пры чым. Проста пра гэты вечар ён думаў увесь дзень у лесе, пакуль варочаў там мерзлае калоддзе, і цяпер надышоў яго час. Настачка чакае. Прыкра, што сястры Ніны недзе не было дома і ён не ведаў, ці будзе сёння вечарына ў Суботкаў, якія мелі прастарнейшую хату і пускалі маладых з гармонікам. "А дзе ж Нінка?" — папытаўся ён, нацягваючы на крутаватыя плечы чорную сацінавую сарочку з белымі гузікамі на каўняры. Быў ён хлопец нішто сабе, высокі і чырванашчокі, меў тады дзевятнаццаць гадоў, марыў пра вайсковую службу і ўжо ўступіў у мясцовую ячэйку камсамола. "А ў Суботкаў", — сказала маці. "Што, скокі?" — "Якія скокі — начальнік з раёна прыехаў. Сход ідзе. I бацька там, і Ніна". Сход дык сход, падумаў Ягор, сходаў на тым часе хапала, лічы, кожны тыдзень ішлі ў вёсцы сходы. Усё ж ён трохі паморшчыўся, прычэсваючы мокрыя віхры перад цьмяным люстэркам. Краёчкам свядомасці сцяміў, як бы той сход не парушыў увесь яго сённяшні план.