2005 г.
Сечка-5
1.
Іслач-86. Семінар маладых пісьменнікаў. На пытанні адказвае ні многа ні мала Васіль Быкаў.
Перабудова, галоснасць, Гарбачоў... “Ускорение, брат, ускоренье!..” (Трэба быў нам той Гарбачоў. Замест таго, каб пакарыстаццца выпадкам ды спытаць штось людскае, сапраўды важнае, што магло б дапамагчы пасля ў жыцці і ў літаратуры.)
Запомнілася:
– Чаму на Вас апошнім часам так напалі крытыкі?
– Хлеб з таго маюць.
– У Вашым рамане “Кар’ер” даказваецца існаванне Бога. Вы самі верыце?
– Уся сусветная гуманістычная літаратура, па вялікім рахунку, падпарадкавана аднаму: пошукам Бога ў сабе і вакол сябе. Я лічу, што ў кодэксе камунізма шмат агульнага з пастулатамі хрысціянства.
Тут голас У. Дамашэвіча з дальняга кутка:
– Васіль Уладзіміравіч, калі Вам лягчэй пісалася: цяпер, калі Вы ўжо ў зеніце славы, ці ўпачатку творчай дарогі?
Адказ прагучаў цікавы. Але не менш цікавымі былі і паводзіны Быкава. Ён хутка падняўся і зашпіліў пінжак.
– Уладзімір Максімавіч – рэдактар маёй першай кнігі, – патлумачыў. – Без яго я наўрад ці зрабіўся б пісьменнікам.
“Колькі ж гадоў Уладзіміру Максімавічу?! – шапнуў мне, помню, Валодзя Граўцоў, так, так, той самы цяперашні спецыяліст па курсах валют. Але я не адказаў. Мяне іншае ўразіла. Якая павага пісьменніка да рэдактара! Як да колішняга Настаўніка, перад якім усе здымалі шапкі... Які сімпатычны, пераймання варты рух! Ну, хто б асудзіў Быкава, калі б ён не падняўся?
А адказ быў такі:
– Канечне, лягчэй пісалася напачатку. Была навізна, чаканне чагось незвычайнага, было творчае трымценне і розныя ружовыя мары. Цяпер усё ведаеш напярод. Ну, напішацца новы твор, ну, надрукуюць у нас, выйдзе кніга, потым перакладзецца ў “Нёмане”, потым у Маскве ў “Советском писателе” кніга выйдзе, ну, з’явіцца некалькі дзяжурный рэцензій у “ЛіМе” і ў “Литературке”, ну, на замежныя мовы перакладаць пачнуць, на чарговую прэмію вылучаць...
І неяк да таго мнагавата налічыў Васіль Уладзіміравіч гэтых, і яшчэ іншых выдаткаў пісьменніцкай славы, што ледзь не дабіўся адваротнага эфекту. Будучыя творцы слухалі ды маталі на вус. “Нам бы калі-небудзь Вашыя клопаты! Ужо б мы!..”
2.
Такога, як В. Быкаў, і рэдагаваць лёгка, прыемна і ганарова, хоць і адказна, само сабою.
А вось іншая гісторыя. Я выпадкова стаў яе сведкам. У ранейшай рэдакцыі “Маладосці” ўпрошвае начальства таго ж У. Дамашэвіча, (загадчыка аддзела прозы): “Максімавіч, а мо падрыхтуйце?.. Ведаем, што слабізна, ды дужа важны аўтар...”
– Тады я павінен перапісаць за гэтага важнага аўтара кожнае слова, – сказаў Уладзімір Максімавіч, вагаючы на далоні (“сэрца графамана”) таўсценную папку. – Зрабіцца яму сааўтарам. А я не хачу быць сааўтарам.
Дык і сааўтарам быць яшчэ не горшы варыянт. Горшы – гэта калі прысунецца ў рэдакцыю які-небудзь Ідыёт Паліфамеевіч, бездар, крыкун, скандаліст і паклёпнік. Замест таго, каб падзякаваць рэдактару ды засесці ціхенька за школьную граматыку, у вышэйшыя інстанцыі бяжыць! Па тэлефоне “ананімна” пагражае! Сурокі хоча накінуць! У суд абяцае падаць! Дзяржаўныя ўстановы, адрываючы людзей ад важных спраў, сваімі бесталковымі скаргамі завальвае!
Во якія ёсць аўтары. І ў карак такому не дасі, бо на афіцыйнай жа пасадзе, пры выкананні... Мусіш прыязна ўсміхацца, цярпліва тлумачыць:
– У вас тут памылка на памылцы. Вось вы пішаце: я гасцяваў у сваёй цётачцы. Трэба – у цётачкі.
– А хто вырашае, як трэба? А можа, мне падабаецца так! А можа, у мяне мова такая: бруістая, крыністая, вячыстая! Якое вы, рэдактары, маеце права ўмешвацца ў аўтарскую жывую мову...
Маем. На той простай падставе, што воляю лёсу апынуліся ў гэтых крэслах. На той падставе, што пакуль не мы да цябе, а ты да нас ходзіш. Прычым асабіста я вельмі дапускаю, што ўсё можа лёгка памяняцца, і ўжо заўтра я да кагосьці прыду, пацвердзіўшы старую, як свет, і простую, як усё мудрае, сентэнцыю:
Ты рэдактар – я “дурак”,
Я рэдактар – ты “дурак”.
Грубавата, затое справядліва.
3.
Іван Пташнікаў і Адольф Варановіч, рэдактары прозы, сядзелі ў адным “палымянскім” кабінеце, я – у сумежным. Чыталася мая аповесць “Вёска”. З-за сцяны чуваць не толькі кожнае слова, а нават шорханне старонак, якія перагортваюцца...
Без фальшывай сціпласці (хаця чым тут хваліцца?) скажу, што многа чаго ў жыцці перанёс. Але мала што можа параўнацца з кашмарам, калі пры табе чытаецца твой уласны твор, няважна, уголас ці аднымі вачыма.