– Піша, – гудзе бас Івана Мікалаевіча, – героя выклікалі ў органы на бяседу! За сабраным сталом бывае бяседа, а ў органы выклікаюць на гутарку!
Чырвоны, бягу на двор курыць. Вяртаюся – зноў чую:
– Чаму ён (г.зн. я) піша “даведкавы аддзел”? Хіба ён кажа “гарэлкавы аддзел”? (Адольф Усцінавіч з веданнем справы падхіхіквае.) Упэўнены, што ён кажа “гарэлачны аддзел”!
Нарэшце праз тыдзень пакуты мае... хацеў напісаць скончыліся, ды не – працягваюцца. Трэба зняць заўвагі.
– Што гэта за сказ узроўню “Чырвонай змены”? – пытае Пташнікаў.
– А Ікс так піша, – абараняюся.
– Навошта такая наварочаная канструкцыя? Вы ўяўляеце, як такімі словамі можна расказваць гэта, дапусцім, блізкаму сябру?
– А Ігрэк падобныя канструкцыі дапускае...
Іван Мікалаевіч памаўчаў.
– Гэтае слова як сюды патрапіла?
– У Зэта вычытаў...
– Ведаеце што, дарагі, – сказаў Іван Мікалаевіч і склаў акуратна аркушы, – калі ў вас арыенціры на X, Y і Z , тады я зараз падпісваю аповесць, і шчаслівага плавання. Калі ж вы сапраўды сабраліся стаць пісьменнікам, выберыце сабе, калі ласка, іншых куміраў.
У Адольфа Усцінавіча таксама знайшліся заўвагі – ён чамусьці вельмі не любіў чужых дыялектных слоў, нават апраўданых (затое направа і налева ўжываў свае, мядзельскія). Сказ гучаў так: “Можна пакласці колькі семак на гультая ката, які спіць... тады куры асцярожна склёўваюць іх...” Меліся на ўвазе семкі са сланечніка.
Адольф Усцінавіч (размахваючы слоўнікам). Што за семкі? Зярняткі! Або сланечнікі, або гарбузікі!
Я. Зярняткі жыта бываюць! У яблыках, у грушах зярняткі! Сланечнік – гэта “кола”! А гарбузік – гэта малы гарбуз! А ўсярэдзіне – семкі!
Адольф Усцінавіч. Тады – семячкі!
Я. А без ласкальна-памяншальнага? Без русізмаў? Ну, чым кепска: у мяне жменя семак, адна з іх – семка жаночага роду, я даю табе семку...
Днямі маглі на такія тэмы спрачацца. І не балелі ж галовы ні пра тыражы, ні пра падпіскі, ні пра фінансаванне, ні пра запас твораў у рэдакцыйных партфелях.
4.
Гады два, калі не больш, вёў я ў газеце “Звязда” рубрыку “Конкурс кароткага апавядання”. Прыносіць свой твор і Адольф Варановіч. Сціплы, ветлівы, добранькі.
– Пачытай як-небудзь, Андрэй Міхайлавіч... Толькі, крый Божа, не падумай, што я дзеля нейкіх прэмій! Ніколі не атрымліваў іх і не хачу. Ведаю, што не надрукуеце, але...
Неўзабаве з’яўляецца ў газеце апавяданне. У Адольфа распрамляюцца плечы. Адольф бурчыць:
– Ну і прадмову напісаў. З такой прадмоваю на якую прэмію можна разлічваць...
У канцы года складаю спісак прэтэндэнтаў, ёсць там і прозвішча Варановіч. Крывіцца Адольф:
– Дадуць якое трэцяе месца. Лепш бы ўжо нічога...
Даюць першае месца. Зноў не дзякаваць Богу!
– Капейкі заплацілі. Каб ведаў, не звязваўся б.
– Слухай, – кажу, – май ты сумленне. Напачатку ж за шчасце было ўсяго толькі надрукавацца...
– А ты мне ўказвай! Сынок! Многа на сябе бярэш! Я, калі хочаш ведаць, такіх прэмій варты!.. – і панесла, і паперла.
Назаўтра прыходжу на працу, а на стале – у рамачцы пад шклом, каліграфічнай мастакоўскай вяззю выпісаны, чорнай тушшу акуратненька абведзены – верш.
Хоць мы і прапітыя,
Ды таленавітыя.
Гэта праўда, а не блеф:
Я – А.В., а ты – А.Ф.!
Ну як крыўдаваць на такога чалавека?
5.
У крамах я звычайна стараюся не пазіраць на цэннікі, каб лішні раз не раздражняцца. Не з-за лічбаў на іх, а ад здзеклівага перакладу. Мне ўвесь час здаецца, што гэта робяць знарок. Нпр., рускае слова “изюм”. Ні разу не бачыў, каб яго пераклалі проста – разынкі, абавязкова напішуць – разінкі, рызінкі, рэзінкі або, як у адным гастраноме – гумкі (раз ужо “разінавы” корань).
Цікава, хто адказвае за змест на гэтых цэнніках? На афішах, абвестках, этыкетках, упакоўках, рэкламных плакатах, расцяжках? (Зразумела, у першую чаргу нас цікавіць беларускамоўная прадукцыя такога кшталту.) Павінны ж быць нейкія рэдактары, ці карэктары, ці іншыя спецыялісты, якім можна было б у выпадку сумленнай працы выказаць падзяку, выпісаць прэмію – і наадварот?
На рэкламных патрыятычных шчытах “Квітней, Беларусь”, расстаўленых па ўсім Мінску, пільныя, ды проста пісьменныя грамадзяне адразу заўважылі памылку: адсутнасць коскі пасля слова “квітней”. Пайшоў розгалас. З-за нейкай маленькай, як пісала “Камсамолка”, “закорючки” усчалася ледзь не цэлая кампанія. Званілі у рэдакцыі газет, на радыё і тэлебачанне, слалі паштовыя і камп’ютэрныя пісьмы... У адсутнасці знаку прыпынку (паказальны факт для нас – пісьменнікаў і рэдактараў) людзі адчулі элементарную непавагу да сябе. І да сваёй Радзімы, якую сапраўды хацелася б бачыць квітнеючай. Іх цалкам справядліва абурыла гэта. Ёсць рэчы, з якіх нельга глуміцца.