Выбрать главу

“Кампанія” дала плён. Прынамсі, на некаторых шчытах коска з’явілася. Газеты ўзрадавана адзначылі гэтую невялічкую арфаграфічную перамогу – як перамогу культуры над бескультур’ем – і супакоіліся. Ніхто не заўважыў, ці заўважылі, ды прамаўчалі, “каб не дражніць гусей”, што на шчыце засталіся яшчэ дзве памылкі, не менш грубыя, чым прапушчаная коска: адсутнасць клічніка ў канцы і адсутнасць кропкі над і ў малой літары.

У двух словах тры памылкі! І гэта дэманстратыўна выстаўлена на агляд тысячаў мінчан, а галоўнае, гасцей сталіцы! А цяпер уявіце, каб падобнае – тры памылкі ў двух словах – дапускаў карэктар ці рэдактар якой-небудзь мільёнатыражнай газеты, або часопіса, або кнігі... Ды яго праз пяць хвілін звольнілі б за прафесійную непрыгоднасць, нават без выплаты “выходного пособия”!

6.

Дурная мода не ставіць кропку над маленькім і паступова прывяла да таго, што пішуць ужо замест ў складовага (кароткага) – проста у, замест ё – паўсюль е... Шкада на дзве кропачкі фарбы? Дык ёсць адваротныя прыклады. Над кнігарняй “Светач”, звярніце пры нагодзе ўвагу, у рэкламным слове БЮРГЕР над Ю красуюцца два ладныя, масіўныя і абсалютна непатрэбныя гэтай літары круглякі.

Як казаў той яўрэй, пазіраючы на вясёлку: ”На гэта дык у іх грошай хапае”.

Помню, біліся некалі супрацоўнікі старога часопіса “Нёман”, адстойваючы права захаваць ё хоць бы ў назве на вокладцы. Спрачаліся, упрошвалі, пагражалі, даказвалі пісьмова і вусна, што пісаць і вымаўляць Неман – гэта “моветон”, гэтак жа непрыгожа і непісьменна, як Велга замест Волга або Сёна замест Сена. Вынік? На вокладцы і ўнутры часопіса “ё” захавалася. А “в остальном”: як пісалі па-руску Неман, так і пішуць, як вымаўлялі дыктары – так і вымаўляюць. Адно глупства аўтаматычна цягне за сабою другое, і вось пачынае ўжо і па-беларуску гуляць Паднеманне замест Паднямоння, і г.д.

У адрозненне ад рускай, у нашай мове замена ё на е можа мяняць сэнс слова. Нпр., еду (на чымсьці) і ёду (медыцынск.), елка (у лесе) і ёлка (навагодняя), лес (дрэвы) і лёс (наканаванне), ёсць (у наяўнасці) і есць (фізіялагічны працэс)... Дарэчы, пра апошняе. У праграме тэлеперадач вырашылі ў знак павагі да памяці У. Караткевіча даць цытату з яго па-беларуску; далі:

“Быў. Есць. Буду”.

Хто есць, каго есць? У метро на схеме размяшчэння станцый напісана: “ст. Магілёўская”, але “ст. Маладзежная”. На афішы ў калідоры Міністэрства культуры можна прачытаць: “Усей сям’ёй на канцэрт”. Чаму адно слова так, а другое гэтак? Паспрабую адказаць: усё ад таго ж, як і ў выпадку са шчытом, і з Караткевічам, і з Нёманам на ўсіх наплявацельства. Нічога нам за гэта не зробяць. Будзем яшчэ цырымоніцца з гэтай т.зв. моваю. Знарок пішы, Ванька, як пішацца – сайдзёць, праглынуць, яшчэ і не такое глыталі!

7.

Далей проста неверагодны выпадак.

На канале БТ імпазантны мужчына ў модным касцюме і элегантная жанчына дзеляцца з гледачамі сваёй радасцю ад прыдуманай імі назвы новай тэлерубрыкі. З гонарам распавядаюць, як няпроста гэта было, бо патрабаваліся словы прыгожыя, лёгкія ў вымаўленні, якія неслі б нацыянальны каларыт і разам з тым напоўненыя былі глыбокім падтэкстам. Аказалася:

“Забыть тебя не имею силы”.

Поўная ўжо глухата? Звычайная лянота? Бо хіба цяжка было звярнуцца да вельмі прыстойнага перакладу гэтых радкоў С. Гарадзецкім:

“О детства уголок мой милый,

С тобой расстаться я не в силах”?

І ніякай логікай не вытлумачыць, ніякім розумам не зразумець, чым не дагадзіў стваральнікам рубрыкі арыгінал:

“Забыць цябе не маю сілы”?

Па-мойму, лепш за іншыя варыянты. Проста і з густам. І выдумляць нічога не трэба.

8.

“Магчыма, пісьменнік разумеў, што ў пэўным сэнсе гэты твор будзе развітальным, таму пісаўся ён з асаблівым эмацыйным настроем, калі ў аўтара ёсць адно жаданне – адкрыць усё тое, што складае таямніцу сэрца...”

(З рэцэнзіі.)

Слова не мае патрэбы ў адвакатах. Яно здольнае само за сябе пастаяць. Вось яскравы прыклад.

...Перагортваю-перачытваю апошнюю прыжыццёвую аповесць аднаго пісьменніка, майго блізкага земляка – аповесць, урывак з рэцэнзіі на якую вынесены ў эпіграф гэтага раздзельчыка. Аповесць выйшла дзесяць гадоў назад, рэцэнзія – сёлета.

Калі браў твор з паліцы, цеплілася яшчэ ў душы смешная, дзіцячая надзея... Мо за дзесяць гадоў нешта ў аповесці само сабой памянялася? Мо, як у казцы Андэрсена, словы неяк перабеглі з аднаго месца на другое, ператасаваліся, сталі ў іншым парадку?..