Выбрать главу

Не. Усё тое ж. Усё чужое ж. За выключэннем некаторых геаграфічных аўтарскіх паправак. Так, М. Прышвін “шел по берегу ручья и под кустом заметил ежа… и тот свернулся и затукал”, а наш аўтар “ішоў берагам Убарці і пад карчом убачыў вожыка... і той згарнуўся і затупацеў”...

Гартаю. Вандрую па тэксце, па такіх да болю знаёмых з дзяцінства, са школы яшчэ прышвінскіх мясцінах... Шапочуць пад нагамі апалым лісцем салавухінскія бярэзнікі і асіннікі... То тут, то там на вочы трапляюцца

Павустоўскага паляны

І Нікіціна кусты...

Мне б спыніцца, пасядзець на пяньку, палюбавацца наваколлем, падзяліць разам з аўтарам яго захапленне і замілаванне. Ды нешта “не хоцца”, як казаў вялікі рускі пісьменнік Віктар Пятровіч Астаф’еў. Справа ў тым, што ўсё гэтае наваколле, любаванне і замілаванне садрана аўтарам з чужых твораў. Больш таго – у асноўным са школьных праграмных твораў. І смешна ад усяго гэтага, і сумна, і, нарэшце, цікава: няўжо за 10 (дзесяць) гадоў у дзесяцімільённай краіне так і не знайшлося нікога, хто б гэта заўважыў? Што робіцца з намі? З нашай моцнай некалі літаратураю, з нашымі рэдактарамі, карэктарамі, настаўнікамі, выкладчыкамі, крытыкамі, пісьменнікамі?.. Якога чытача мы хочам зацікавіць, калі адзін аднаму і нават самі сабе ўжо нецікавыя?.. Але хопіць. Далей не буду – мэта іншая. Мэта – паказаць, як слова за сябе помсціць.

У нашай аповесці:

“Прызнаюся: некалі з пагардай адносіўся да валуёў. Але неяк у адной мінскай кватэры, дзе любяць смачна паесці, паставілі на стол талерку з грыбамі. Усе яны ў талерцы былі розныя па велічыні, марынаваныя, смачныя...”

Дзядзька Мікола, дзядзька Мікола! Якія валуі?! Не мог беларус, а тым больш мазырскі паляшук, як вы, напісаць такое! І ні ў якай мінскай кватэры ніякіх валуёў перад вамі не ставілі. Я быў бы ўпэўнены ў гэтым, нават калі б і не ведаў салавухінскага, гадоў на 30 раней за вас надрукаванага:

“Признаюсь, что долгое время относился к валуям с пренебрежением. Но однажды в одном московском доме, где любят вкусно поесть, подали на стол грибы. Все они были ровные (у аднаго розныя, у другога роўныя – разбярыся тут) по величине... маринованные, вкусные...”

2005 г.

Сечка-6

1.

Гляджу фільм “Станцыйны наглядчык”, зняты ў 1974 годзе яшчэ тымі, сапраўднымі майстрамі.

Гляджу... Запісваецца на плёначкі памяці (на ўсялякі пажарны): прозвішча галоўнага героя – Мінскі, едзе ён у Пецярбург са Смаленска...

Гляджу – і не магу зразумець, дзе фальш? Чаму пры такой выдатнай акторскай гульні, пры тым, што рэжысёр (С.Салаўёў) ступае практычна след у след за Пушкіным, не прапускае ніводнага эпізода, фільм тым не менш не складваецца, нечага не хапае яму, ці – наадварот, штосьці лішняе?

Цягну з паліцы “Аповесці Белкіна”. Чытаю. На фільм, што ідзе паралельна, само сабою, забываюся... І – калі ласка, вось ён, дыяменцік мой! Вось дзеля такіх знаходак-залаціначак і задумвалася некалі гэтая “сечка”... У фільме актрысе, якая выконвае роль Дуні (М.Кушнірава), 25 гадоў. Хай выглядае яна на 20, хай на 18... А ў Пушкіна:

“...Девочка лет четырнадцати...”

14, спадары маралісты, а не 25 і нават не 16! Натуральна, узнікне фальш, калі жанчына пачне карыстацца мімікай, паводзінамі і лексіконам дзяўчынкі-падлетка. Больш таго – характар перастае класціся на сюжэт, не супадае з ім, як пры кепскім дубляжы не супадае рух вуснаў са словамі (гэта на тэму, хто лепш валодае матэрыялам: рэжысёр або ўсё ж аўтар тэкста?). Дарослая дзяўчына, нябось, сто разоў падумала б, перш чым адважыцца на такую авантуру (усё кінуць-рынуць, збегчы з першым стрэчным), як робіць наша неразважлівая, зялёная Дунька. Канечне, Пушкін не горш за нас з вамі, сучасных “рэжысёраў-сцэнарыстаў”, разумеў гэта. Інакш яму што, шкада яму было б пару-тройку гадкоў гераіні накінуць?

– Аляксандр Сяргеевіч, ну зноў вы за сваё... (Прыблізна так гэта адбывалася.) Бенкендорф лютуе... Давайце хоць на 17 пераправім? Не шкадуеце вы сябе, дык мяне пашкадуйце, старога рэдактара... Вы ж не забывайце, што гэта ў хрэстаматыі ўключаць, у праграмы школьныя, фільмы здымаць пачнуць... Навошта нашчадкам такая, як яны скажуць, падстава? Ну, 15 – і па руках! Менш не магу – хоць выклічце мяне на дуэль!

Можна таксама здагадацца, што адказаў на гэта далёка не заўсёды падатлівы Алесь Сяргеевіч.

2.

У тых жа “Аповесцях Белкіна” ёсць пра дуэль. Дуэль. Адзін страляе – міма! Другі – вырашае пакінуць за сабою права на стрэл да лепшых часоў.

Дык вось – “даўным-даўно, тысячу гадоў назад” сядзім у кавярні Дома літаратара: Глобус, я і адзін папулярны Фельетаніст. Гутарым пра масонаў, заадно пра фармазонаў... Лухта, карацей, розная.