Выбрать главу

– “Он фармазон, он пьёт одно, – кажа Фельетаніст, разглядаючы на святле фужэр, – стаканом красное вино”. Умелі пісаць людзі! Выдатную характарыстыку даў Грыбаедаў Чацкаму.

– Дапусцім, – кажу, – не Грыбаедаў, а Пушкін, і не Чацкаму, а Анегіну. (Я ж яшчэ студэнт, усё гэта цяпер у другі раз пасля школы праходзіцца.)

Фельетаніст недаверліва гмыкае.

– Не, што-што, а расейскую літаратуру ён ведае, – няпэўна кажа Глобус; ці то хваліць мяне, ці то заводзіць нас на спрэчку.

– ”...В деревне кто живёт, – пачынае мармытаць Фельетаніст, – да он властей не признаёт... Он фармазон... ” Грыбаедаў!

– Пушкін.

– А вы паспрачайцеся...

На што? Значыць, так: калі прайграю я – стаўлю графін, ці, як тады казалі, “колбу” каньяку, калі Фельетаніст...

– Тады, – кажу, – без чаргі, без усялякай рэдактуры друкуеце любы мой артыкул.

Няма праблем. І ў той момант, калі Глобус перабіваў нашы счэпленыя рукі, Фельетаніст успомніў! Успомніў, і нават працытаваў упалым голасам, пасля менавіта якога эпізоду Анегіна пачалі дражніць фармазонам; гэта калі ён

Барщины основы

Оброком лёгким заменил...

Цяпер адзін з нас – самы галоўны рэдактар самай галоўнай беларускай газеты. А другі так і не выкарыстаў вакансію надрукавацца на любую тэму, без чаргі і без рэдактуры. Права на стрэл застаецца ў сіле...

3.

Падобныя промахі, канечне, несур’ёзныя, бяскрыўдныя і выпраўляюцца механічна, зверкай з арыгіналам.

Але ёсць сапраўдныя памылкі, недарэчныя, грубыя, абсурдныя, якія выправіць не так проста, калі ўвогуле магчыма – яны не пяром, а сапраўды ўжо нейкай сякерай, тупой і шчарбатай, высечаны ў слоўніках і, адпаведна, у нашых пісьменніцка-рэдактарска-карэктарскіх мазгах.

Усяго некалькі прыкладаў.

а) Адкуль у беларускім слове чацвер пры склонах бярэцца літара Г – чацвярГа, чацвярГом?.. Чым кепска было б так, як людзі ў жывой мове скланялі, скланяюць і будуць скланяць, нягледзячы на ўсе падручнікі, слоўнікі і нашыя намаганні: чацверКа, чацверКам; у множным ліку – чацверКаў, чацверКамі?

б) З той жа оперы: чаму Фінляндыя, але Ірландыя? Толькі не трэба дурыць мне галаву, што, маўляў, так прынята, устаялася, зафіксавалася; я вам на гэта прасцей і адразу адкажу – таму, што ў рускай мове так. Капіруем бяздумна! Ну, не пабаяліся ж мы, напрыклад, назваць іхнюю лампу сваёй лямпай, хлорку – хлёркай, дуршлаг – друшляком? Каму перашкодзіла б, каб нармальна гучала і Ірляндыя?

в) У нас дапусцяць і прапусцяць самыя неверагодныя граматычныя і стылёвыя ляпы. Але паспрабуйце хоць кантрабандаю правезці праз рэдактарска-карэктарскую мяжу нармальны склон слова лоб – лоба, лобе, лобам; марна! Беднае О, як небяспечны наркотык, умомант будзе вынюхана, выгледжана і выпраўлена на “па слоўніку” – лбе, лбом, лба. І вось ужо маладыя аўтары, справядліва не разумеючы, чаму нельга так, пішуць: рта, рце, льда, льдом... А чым кепска было б, каб не парушаўся натуральны фанетычны ланцуг: у роце, на лобе, на лёдзе, ротам, лобам, лёдам?..

4.

г) Чорт ведае што робіцца з прыслоўем падчас і прыназоўнікам пад час.

Здавалася б, абсалютна розныя граматычныя формы, таму і ў напісанні павінны розніцца. Правіла – прасцей не бывае: калі ў сказе ёсць тлумачальнае слова ў родным склоне – значыць, гэта прыназоўнік, пішы асобна:

“Пад час (у час, у часе) вандроўкі, канікулаў, вучобы...”

Няма тлумачальнага слова – значыць, гэта прыслоўе, пішы злучна:

“Падчас мне рабілася блага”...

Уся мудрасць. Аднак разагнаўся – дадуць табе прасцей.

Сумнавядомы “Слоўнік беларускай мовы” (1979г.) у двух значэннях прапануе толькі падчас.

Паслужлівы “Тлумачальны слоўнік беларускай мовы” (1979г.) любую недарэчнасць ахвотна падпірае прыкладамі: “У разведцы ці ў баі падчас блакады. Шамякін.” (Падазраю, што несумленныя карэктары падчас свядома скарысталіся слабасцю даверлівага Івана Пятровіча і прапусцілі памылку, каб афіцыйна яе ўзаконіць. Мэта? – а работы пасля менш.)

Лепшы з усіх, “Русско-белорусский словарь” (1953г.) нарэшце правільна перакладае подчас толькі як прыслоўе – падчас, часамі, часам; калі ж пайсці ад зваротнага і глянуць рускае во время – убачым адзіны прыклад:

“во время революции – у (пад) час рэвалюцыі”.

Мудра паступілі перавыдаўцы гэтага ж слоўніка ў 1993г. З таго ж прыкладу “во время революции – у час рэвалюцыі”, як бачым, пад у дужках знікла, але і падчас не прапанавана! (Маўляў, разбірайся, Федарэнка, сам, а мы ўмываем рукі...)

Але найлепш ілюструе абсурднасць сітуацыі “Беларуска-рускі слоўнік” (1989г). Ён таксама дае падчас толькі як прыслоўе. Дык вось, калі ўявіць, што чалавек, які кепска валодае моваю (а ўявіць такое зусім не цяжка), узяўся пры дапамозе гэтага слоўніка перакласці, скажам, нашае “падчас вучобы...”, у яго атрымаецца: