Выбрать главу

“Иногда... время от времени... временами... кое-когда... учебы”.

(Так, падобна, і вучыліся.)

Добра. Хай. Згодзен – у нас заўсёды пад рукамі наш Катэхізіс, Асноўны Закон, маральны Кодэкс, Біблія, Каран і Тора пад адной вокладкай – наш нязменны, маналітна-непарушны, вечны СЛОЎНІК БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ пад рэдакцыяй Бірылы. Але акрамя яго ў нас жа яшчэ ёсць (прынамсі, павінна быць) галава на плячах, павінна быць хоць нейкае адчуванне логікі і мастацкага густу. Нават у судзе здараюцца выпадкі, калі варта адступіць ад абсурднай літары закона. Ды і ў нас – пачалі ж пісаць не па-бірылаўску “гаркам” замест “гаркома”, і што, свет перакуліўся? Толькі лепш стала. Піша ж спакойна сабе часопіс “Вожык”: “Пад час святкавання Новага года ...” (№12, 2005г.) – і што? Толькі чытаць прыемна.

5.

Ніколі ў жыцці не навучуся рэдагаваць чужыя тэксты ручкаю. У мяне кожны раз мурашкі па целе, калі бачу спярэшчаныя ўздоўж і ўпоперак рэдактарскімі ці карэктарскімі чарніламі старонкі. І згадваецца гісторыя.

Рэдагавалі твор У.Караткевіча – адзін з яго <...> раманаў. Правак – мора. Прыходзіць узбуджаны, настроены на змаганне Уладзімір Сямёнавіч. Глядзіць. Моўчкі бярэ рэдактара за каршэнь і піхае яму ў руку сцірку (па слоўніку – гумку, рызінку). І пакуль той – чырвоны, няшчасны, прыніжаны – таксама ж пісьменнік! – знішчаў плён свае працы (увесь стол у брудных скатках паперы), Караткевіч як ні ў чым не бывала курыў на падаконніку і, ківаючы нагой, абдумваў чарговы шэдэўр.

– Дзве рызінкі сцёр! – расказвалі сведкі. – Да пазногцяў! <...>.

А калі б заўвагі былі зроблены ручкаю? У часы, калі пра камп’ютэр ніхто паняцця не меў?

6.

Свой першы рэдактарскі матэрыял я ледзь не вылізваў, так стараўся.

– Нявычытаны матэрыял, – сказаў адказны сакратар “Полымя” Віктар Ракаў. – Гэта што? – падкрэсліў пазногцем.

Было напісана: “Настаўніца апытвала вучняў. Ніхто не мог ёй адказаць. Ламаў і я не вельмі складаную сваю галаву”.

– Што за не вельмі складаная? Як ты такое прапускаеш?

– А чым замяніць?

– Чым? Ну, хоць бы: што такое не вельмі складаная? Простая, прымітыўная... А ў дачыненні галавы?

Я хіхікнуў, а Ракаў закончыў:

– Вось няхай так і піша: ламаў і я дурную сваю галаву!

Самае цікавае, што Віктар Апанасавіч быў недалёка ад ісціны...

7.

Ці я са скуры вылузваўся, перепісваючы за аўтара амаль кожнае слова, ці рэдагаваў “па дыяганалі”, цяп-ляп – заўсёды чуў ад Віктара Ракава адно і тое ж:

– Нявычытаны матэрыял.

Аднойчы Віктар Апанасавіч быў у адпачынку і артыкул без яго візы прайшоў усе стадыі складанага “палымянскага” канвеера, а гэта – малодшы рэдактар, рэдактар аддзела, стыліст, намеснік галоўнага, галоўны, тры (!) карэктары, прычым з падчыткаю (было некалі: адзін карэктар чытае ўголас, два другія ловяць памылкі на слых)... Зразумела, якім пасля такога сіта стаў артыкул: брудны, скрэмзаны, неэстэтычны. Забіраю яго на выхадныя дамоў. Перадрукоўваю на машынцы, на фінскай паперы, слова ў слова, коска да косачкі – сваё так не рабіў. У панядзелак вяртаецца з адпачынку Ракаў, артыкул кладзецца яму на стол.

– Нявычытаны матэрыял, – сказаў Віктар Апанасавіч, мацаючы прыгожую паперу.

І ўсё ж адзін раз традыцыя парушылася. Гэта калі артыкул напісаў, і паклаў ужо на мой стол, сам Ракаў. “Вось яшчэ, – падумаў я, – была ахвота звязвацца...” Выправіў на першай старонцы “ў пяці кіламетрах” на “за пяць кіламетраў” і аддаў назад.

Паўдня Віктар Апанасавіч круціў адзіную заўвагу і так, і гэтак, вымаўляў на розныя галасы, звяраўся са слоўнікам, хадзіў раіцца з карэктарамі і стылістам, тэлефанаваў у Інстытут мовазнаўства і сябру ў Энцыклапедыю...

Нарэшце перад абедам я пачуў нязвыклае:

– Вычытаны матэрыял.

2006 г.

Сечка-7

1.

Няўжо нас пасадзяць у турму, калі мы пачнем пісаць па аналогіі са словам лаЎр у нескладовае ў словах саУна і фаУна? Ці лОбе ў месным склоне замест лбе? Ці чацверКа замест чацвярГа? Ці калі раздзелім словы пад час у значэнні прыназоўніка?

Правільна – можна сказаць: вось прычапіўся да гэтай драбязы. Калі, напрыклад, мы прачытаем, ці пачуем, ці напішам, што чалавек не еў з мінулага чацвярГа замест чацверКа, дык ніхто не паблытае з пятніцай, і калі мы выпраўляемся ў саУну замест саЎны, дык зразумела, што не ў бібліятэку.

І ўсё ж, і аднак, і тым не менш. Куды б мы не выпраўляліся і калі б апошні раз не елі, давайце хоць зрэдку ўспамінаць – асабліва мы, людзі, воляю лёсу звязаныя з пісьменным Словам, – давайце хоць зрэдзьчас згадваць, што напачатку ўсё ж такі быў Гук, затым Літара і толькі тады – яно, роднае.