Выбрать главу

2.

«…О, когда б только эти войска!..»

Б. Акуджава

З усіх войскаў прызнаю толькі ПВ – пісьменніцкія войскі, з усіх войнаў прызнаю толькі адну – “вайну” з папераю; з усіх перамог прызнаю толькі перамогу над непакорнымі, капрызнымі, наравістымі словамі, калі яны пасля (часта даволі жорсткага) змагання здаюцца нарэшце і, як палонныя, выстройваюцца ў тым парадку, які задавальняе мяне, “камандарма”-аўтара.

3.

Асабліва грашаць гэтым паэты, усякаючы, абразаючы, перакручваючы словы дзеля, як ім здаецца, рыфмы і рытмікі. Замест растае пішуць – тае, каля – ля, галава – голаў, каленяў – калень, дзвярыма – дзвярмі, уцячы – уцеч...

У любым кантэксце, ва ўсіх выпадках пайшло гуляць усечанае “гэта”. “Гэта лес і гэта поле”... Ужо нават не задумваемся, што, напрыклад, “гэта дзяўчына” – зусім іншае, чым “гэтая дзяўчына”, як і “дзякуй табе” – не адно й тое ж, што “дзякую табе”. Ёсць стары надзейны спосаб праверкі правільнасці напісання слова, ці словаспалучэння – перакладам яго на вялікую і магутную. “Это девушка (а не...)” і “эта девушка (сделала то-то...)”, “благодарю тебя (за что-то)” і “благодари!» – загадны лад.

Не кажу пра націскі, тут ужо рука, ці язык – уладыка. Рогамі, выходныя, начы, вачы (у множным ліку), былі, пілі, бралі, гналі...

4.

Я быў самым першым слухачом і часткова рэдактарам некаторых вершаў Анатоля Сыса. Справа ў тым, што ў яго не было (ніколі) уласнай машынкі. Ён прыходзіў да мяне ў інтэрнат з нататнікам і прасіў набраць чарговую, як ён называў, “лухту”. Ён чытаў, смакуючы кожнае слова, а я ляпаў па клавішах. Так набіраўся яго славуты “Пацір”, той самы, дзе:

Паэт сказаў: п’ем за Айчыну!

І кожны выпіў – за сябе…

“Налілі праз краі віна”, – дыктуе Сыс.

“Толя, – кажу. – Ну вуха ж рэжа. Налілі, а не налілі!”

У тыя гады Сыс верыў мне менш, чым каму, упарта адгаворваў мяне адмовіцца ад пісання. Само сабою, не паверыў і цяпер. Што ён робіць? Моўчкі спускаецца ўніз (я следам – цікава ж), да вахты, дзе тэлефон, ні ў кога не пытаючы дазволу, падсоўвае апарат да сябе, набірае нумар.

“Алё, Рыгор Іванавіч? Як правільна: пілі ці пілі?”

Выслухоўвае, моўчкі кладзе трубку, мы падымаемся ў пакой і дыктоўка працягваецца.

Радкі выйшлі ў такім выглядзе:

“І налілі праз край віна”, – ад чаго, канечне, толькі палепшалі.

Зразумела, да кожнага паэта не прыставіш Барадуліна. Я пра іншае. Памыліцца той, хто падумае, што Сыс зрабіў для сябе нейкія высновы. У яго чарговай кнізе (калі ласка, вам на ўзбраенне, цяперашнія і будучыя складальнікі слоўнікаў):

…Як мяне хрысцілі,

як па снезе санкі галасілі,

як папа у госці запрасілі,

пілі-елі, потым елі-пілі…

Вось так.

5.

У Сыса быў перыяд, калі ён, здавалася, не параіўшыся папярэдне з Рыгорам Барадуліным, без яго дазволу не хадзіў нават у прыбіральню.

Сядзім у кабінеце галоўнага рэдактара часопіса “Крыніца” Някляева. Уладзіміра Пракопавіча няма, мы з Сысам у чаканні яго выпіваем. У мяне рот не закрываецца, я пісаў тады розныя дрындушкі па-расейску…

Сыс паслухаў. Бярэ трубку. Другой рукой лёгка ад мяне, які ірвецца да тэлефона, адбіваючыся:

– Дзядзька Рыгор? Паслухайце, што Федарэнка мне зараз прачытаў. Слухаеце? «Тройка мчится. Мелькают страницы. Под дугой Бородулин звенит»…

Для Сыса не існавала гэтых “толькі між намі, ты ж не ўздумай сказаць”; ён шчыра ненавідзеў сакрэты на вушка, шушуканні па куточках; часта ў якой кампаніі, паслухаўшы: “а вось той такі і такі, а гэты напісаў тое і сёе”, Сыс моўчкі кіраваўся да тэлефона, каб слова ў слова перадаць усё абаненту. Раскусіўшы яго, многія пры ім навучыліся асцярожнасці і пачалі прыкусваць языкі.

6.

Яшчэ пару выпадкаў, ужо не звязаных з філалогіяй, але па-свойму цікавых.

Тым, хто плявузгаў на Сыса пры жыцці і працягвае рабіць гэта пасля яго смерці (“правактар”, “стукач”, “засланы” і г.д.) раю пачытаць рэспубліканскую прэсу канца 80-х.

Пры ўсёй знешняй цвёрдасці Сыс у душы моцна перажываў. Аднойчы неахвотна прызнаўся:

– Матка плача дома, сына фашыстам абзываюць на ўсю рэспубліку... А гэты “фашыст”, калі кабана рэжуць, уцякае за самы дальні хлеў і вушы затыкае...

Праўда, то быў ранні Сыс.

А вось позні. Едзем у тралейбусе ад мяне. Праязджаем каля новай царквы на Прытыцкага. Анатоль пазірае ў вакно на залатыя купалы, раптам усхопліваецца з месца, падае на калені і, надрыўна плачучы ўголас, пачынае біць лобам у брудны тралейбусны дол (хрысціцца ён не ўмеў да канца жыцця):