Выбрать главу

– Божанька, міленькі, родненькі, пашкадуй хоць ты свайго сына, паглядзі, як яму цяжка, як з яго ўсе знушчаюцца!

Ніводзін чалавек не засмяяўся, нікога не абурыў гэты цырк, нікому не падаўся кашчунным – наадварот, людзі глядзелі на ламаку-клоуна з павагай, спачуваннем, жалем...

– Трэба ж!

– Які набожны малады чалавек...

– Малайчына, не тое што...

Нейкая бабулька выцерла са шчакі слязіну і, нагнуўшыся, уклала яму ў кішэню маленькі яблык, які Сыс, калі мы выйшлі з тралейбуса, з пракляццямі шмякнуў аб асфальт і расчавіў абцасам.

7.

Як абсалютна правільна напісаў у “Дзеяслове” (№ 21) Мікола Сцепаненка, напачатку Сыс быў страшэнна пераборлівы, далёка не з кожным выпіваў і тым больш далёка не кожнаму адкрываўся. Такіх, як сам – бомжаў, бабылёў, п’яніц – ён не любіў і пазбягаў, яго, нібы па закону кампенсацыі, цягнула да людзей паважаных, самастойных, у сем’і поўныя, дзе ёсць дзеці, беларуская мова, дзе муж служыў у арміі, а гаспадыня – добрая, утульная, умелая кухарка...

З часам гэта прайшло. Ён усё больш аддаляўся ад іншых і набліжаўся да сябе, любімага. Быў перыяд, калі інакш як Іісыс Хрыстос ён сябе не называў... (Зрэшты, эталон сціпласці і ветлівасці Антон Чэхаў таксама падпісваў пад фотаздымкам, дзе яго трымаюць за рукі маладзенькія Яворская і Шчэпкіна-Купернік – “Спакушэнне святога Антонія”.)

Па меры дэградацыі змяняліся і яго літаратурныя прыхільнасці. Раней Сыс любіў гаварыць пра Быкава (якога не чытаў, канечне), цаніў яго вышэй за ўсіх у беларускай літаратуры, на той падставе, што:

– Пляваць, як ён піша, галоўнае – ён ваяваў!

Аднойчы, быў яшчэ жывы Адольф Варановіч, прыходзіць Сыс у “Полымя”. Машынальна бярэ са стала папку – новы твор Васіля Быкава, адгортвае і чытае ўголас рэкамендацыю галоўнага рэдактара: “У аддзел прозы. Давесці рукапіс да ладу і ў адпаведнасці з сучасным правапісам!”

– Што?! – не паверыў вачам Сыс. – Давесці да ладу?! Народнага пісьменніка, куміра нацыі, прэтэндэнта на Нобеля?!

Вылаяўся, махнуў рукою і пайшоў.

І вось чытаю ўжо згаданы нумар “Дзеяслова”, і ў адным з артыкулаў нібы рэхам з таго свету адгукаецца... Сыс!

“Можа, беларусы далі сьвету знаных і прызнаных геніяў літаратуры і мастацтва? – пытае аўтар, С. Абламейка. – Таксама не. /.../ Васіль Быкаў? Дык трэба яшчэ давесьці сьвету, што гэта пісьменньнік сусьветнага маштабу...” (Выдзяленне маё. – А.Ф.)

Давесці рукапіс да ладу, давесці твор да шырокай грамадскасці, давесці ўсяму свету... І ўпарта чамусьці лезе ў галаву крылатае і дурное кінакамедыйнае: “Давесці кліента да кандыцыі”.

2007 г.

Сечка-8

1.

Шмат дзіўнага можна знайсці ў нашых слоўніках. Напрыклад, чаму лЯмпа, але лАмпада?

Што азначае “ўнікнуць” у нармальнай беларускай мове? Правільна – пазбегнуць, прамінуць, уратавацца, ухіліцца ад чаго-небудзь. Але не быў бы наш слоўнік тлумачальным, каб не “патлумачыў” яшчэ адно, абсалютна чужароднае значэнне гэтага слова – пранікнуць, увайсці, удумацца... “Віктар учытваўся, унікаў у змест”. (У. Паўлаў.)

Слоўнік дае – раскладушка, а чым кепска так, як піша Павел Місько – раскладанка?

Слова наведвальнік (якое асацыіруецца з рускім “пододеяльником”). А хіба кепска, як у Сяргея Дубаўца – наведнік (чуеце перазвон: адведкі, даведка, даведнік...)?

Па слоўніку “кавычки” – двукоссе. А няможна так, як у Валянціны Коўтун (і як нас, помню, вучылі ў школе) – лапкі? Узяць у двукоссе – узяць у лапкі...

2.

Надпісы-графіці на платах, на сценах, на асфальце, на снезе лыжнай палкаю і на пяску – дубцом... З дзяцінства цікавасць, цяга да іх, здаровая і ў той жа час крыху саромная – гэта ж выпадкова можна і пра сябе штосьці прачытаць! Хто ты, што ты ў чужых вачах, з чым цябе параўноўваюць, з кім плюсуюць.

«Таня плюс Володя мелок выводит»…

На вуліцы Лабанка, дзе я жыву, на тратуары перад адным з дамоў красуецца надпіс: “Бязьмежна кахаю цябе! Пойдзем поруч па шчасьці праз усё жыцьцё! М.” З’явілася сімпатычнае прызнанне ўвосень, за зіму літары сцерліся, пабляклі – і вось увесну, не паспеў сысці снег, тою ж фарбаю словы аднавіліся, з прыпіскай: ”Жыву дзеля цябе”. Паказальна, што людзі, якія спыняюцца і чытаюць, далей стараюцца ісці так, каб не наступаць на літары – нібы гэта рассыпаныя жывыя кветкі.

Зноў-такі ў маім раёне, на парэнчах моста праз канал: