Ды Бог з ім.
Неяк іду я ў метро па станцыі "Плошча Перамогі" да выхаду. І раптам каля адной з калон заўважаю… Віктара Ракава. Ён стаіць бокам да мяне, у сваім старэнькім палітоне, са сваёй тэчкай пад пахаю.
Цэлы рой думак узняўся ўва мне за тыя некалькі крокаў, што трэба зрабіць каля яго. Гукнуць? Падыйсці? Павітацца за руку? У яго псарыяз, ён не падае рукі… Пакратаць за плячо? Пад'едзе цягнік, давядзецца прапусціць, чакаць колькі хвілін наступнага… Гаварыць. Пра што? Успомніць, дзе і калі была яго апошняя публікацыя. Пахваліць, працытаваць… Мне гэта трэба? Міма, хутчэй, хутчэй, пакуль не заўважыў!..
Але ж і сам некалі буду вось так стаяць, стары, хворы, нікому не патрэбны, усімі забыты, і якісь маладзейшы калега з такім жа сумбурам у галаве, як у мяне зараз, утуліўшы галаву ў плечы… Вярнуцца? Канечне, вярнуцца!
І тут да мяне вярнулася адчуванне рэальнасці. І я ўспомніў, што Віктар Апанасавіч Ракаў памёр чатыры гады назад. А чалавек у метро, калі прыгледзецца, дык нават не вельмі на яго і падобны.
4.
У "Бесах" Ф.Дастаеўскага адзін з герояў, пісьменнік Кармазінаў — прататып І.Тургенева, выведзены аўтарам у такім вось сатырычна-карыкатурным плане:
"З год таму назад чытаў я ў часопісе артыкул яго… Ён апісваў гібель парахода дзесь каля англійскіх берагоў, сам быў таму сведкам і бачыў, як ратавалі няшчасных і выцягвалі тапельцаў. Увесь артыкул гэты, прэтэнцыёзны і шматслоўны, напісаны быў з адной-адзінай мэтаю выставіць сябе самога. Так і чыталася між радкоў: "Цікаўцеся мною, глядзіце, які я быў у гэтыя хвіліны. Навошта вам гэтае мора, бура, скалы, разбітыя трэскі карабля? Я ж дастаткова апісаў вам усё гэта сваім магутным пяром. Чаго вы глядзіце на гэтую тапельніцу з мёртвым дзіцём у мёртвых руках? Глядзіце лепш на мяне, як я не вынес гэтага малюнка і ад яго адвярнуўся. Вось я стаў спінаю; вось я жахнуўся і не ў сілах азірнуцца назад; я заплюшчваю вочы — ці не праўда, як гэта цікава?"
Не ведаю, свядома ці падсвядома, але ў Дастаеўскага атрымалася не столькі пародыя на беднага Кармазінава-Тургенева (нямала яму дастанецца ў рамане), колькі характарыстыка ўсяго без выключэння нашага пісьменніцкага племені. Асабліва тых прадстаўнікоў яго, хто любіць пісаць ад першай асобы.
На мяне глядзіце!
Я, аўтар, у цэнтры ўсяго, я сонца, а планеты — героі мае, толькі круцяцца вакол мяне.
Я, аўтар, аснова ўсяго, а тэкст, інфармацыя, дэталі — так, другаснае, рамка для майго партрэта.
Добра яшчэ, што на наша і на чытацкае шчасце хоць зрэдку, хоць калі-нікалі, хоць выпадкова рамка атрымоўваецца больш вартаснаю, больш значнаю за тое, што яна апраўляе…
5.
Вядома, "з якога смецця растуць вершы".
Аказваецца, не толькі вершы. Я заўсёды думаў, што гэта анекдот, — як Разуміхін прыходзіць да Раскольнікава і кажа: "Ну, засек ты бабку, і што? Рубель усяго і знайшоў". — "Не скажы, дружа. Адна бабка рубель, дзесяць — чырвонец".
Якое ж было маё здзіўленне, і радасць маленькага адкрыцця, калі ў "Сібірскіх сшытках" зусім маладога Дастаеўскага, на першай жа старонцы прачытаў:
"Выйшаў на дарогу, зарэзаў мужыка-бадзягу, а ў яго і ўсяго толькі адна цыбуліна. "Што ж, бацька, ты мяне пасылаў на здабычу; вунь я мужыка зарэзаў і ўсяго цыбуліну знайшоў". — "Дурань! Цыбуліна — усё капейка, людзі кажуць. Сто душ, сто цыбулінаў — вось табе рубель".
Запісана за пятнаццаць гадоў да з'яўлення "Злачынства і кары".
6.
Ніколі не мог даўмецца, што азначае выраз "краса ўратуе свет"? Якое яго практычнае прымяненне? І куды глядзіць свет, чым займаецца чалавецтва, калі ратунак — вось ён, перад носам, чорным па белым аддрукаваны?
Ці мо таму і ў разгубленасці чалавецтва, бо не хапае канкрэтыкі? Цяжкавата разабрацца, якая менавіта краса? Жаночая? Хрысціянская? Краса прыроды? І якім чынам гэтыя абстракцыі (бо колькі людзей — столькі і разуменняў "красы") могуць нас уратаваць?
Самае правільнае выйсце ў такіх выпадках — зверыцца з кантэкстам. Паглядзець у арыгінале, кім, калі і пры якіх абставінах тая ці іншая сентэнцыя была сказана. Кантэкст увогуле вялікая рэч, сябры мае. Небяспечная штука. Як часта спадарожныя словы не толькі прыніжаюць, скажаюць, перакручваюць на свой лад самую, здавалася б, велічную, непахісную догму, але і цалкам знішчаюць усялякі сэнс яе! Нішто не раніць больш балюча, чым твае ж уласныя словы, пазбаўленыя хітрым апанентам кантэксту. Стары, але дзейсны прыёмчык.
Шчыра скажу: напярод здагадваўся, што чакае мяне ў першакрыніцы. Жыло яшчэ ў памяці сёе-тое з "Ідыёта"… Напрыклад, краса Насты Піліпаўны… Але няўжо так проста? Так прамалінейна? Так тыпічна па-дастаеўску — сыпаць словы направа і налева, не задумваючыся, якая мядзведзева паслуга робіцца нашчадкам? Я да таго гэта, што рабіць такія сур'ёзныя заявы, як веданне лекаў уратавання чалавецтва, і не падзяліцца рэцэптам прыгатавання гэтых лекаў…